Дзеі 2 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.
 

І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
 

І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.
 

І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
 

Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.
 

А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.
 

Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?
 

І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
 

Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,
 

Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,
 

Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»
 

Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
 

А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.
 

Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,
 

бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.
 

Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:
 

“І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
 

І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.
 

І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.
 

Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.
 

І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”.
 

Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,
 

Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.
 

Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.
 

Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
 

Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,
 

бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
 

Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.
 

Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.
 

А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,
 

прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.
 

Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.
 

Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.
 

Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне,
 

пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.
 

Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».
 

Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»
 

Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.
 

Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».
 

І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».
 

Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.
 

І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.
 

Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.
 

А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.
 

І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.
 

І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,
 

хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.