1 Яна 4 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет.
Улюбёныя! Не кожнаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо прыйшло ў свет многа фальшывых прарокаў.
З гэтага вы пазнаеце Духа Божага: усякі дух, які вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,
Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсць ад Бога,
а ўсякі дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта [дух] антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
а кожны дух, які не вызнае Ісуса [Хрыста, Які прышоў у целе], не ёсць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць і ўжо цяпер ёсць у свеце.
Дзеткі! Вы — ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, Які ў вас, большы за таго, які ў сьвеце.
Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
Яны — ад сьвету, дзеля гэтага гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх.
Яны — ад свету, таму гавораць так, як свет, і свет іх слухае.
Мы — ад Бога. Хто ведае Бога, той слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. З гэтага мы пазнаем духа праўды і духа падману.
Мы — ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, не слухае нас. Такім чынам пазнаем духа праўды і духа падману.
Улюбёныя! Будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога.
Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.
А хто не любіць, не ведае Бога, бо Бог ёсць любоў.
У гэтым выявілася любоў Божая да нас, што Бог паслаў у сьвет Сына Свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.
У гэтым выявілася любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага ў свет, каб мы жылі праз Яго.
У гэтым любоў, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго як перамольваньне за грахі нашыя.
Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён Сам палюбіў нас ды паслаў Сына Свайго як ахвяру перамольную за нашы грахі.
Улюбёныя! Калі Бог гэтак палюбіў нас, і мы павінны любіць адзін аднаго.
Улюбёныя, калі Бог нас так палюбіў, дык і мы мусім любіць адзін аднаго.
Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог у нас застаецца, і любоў Ягоная дасканалая ў нас.
Бога не бачыў ніхто ніколі; калі мы любім адзін аднаго, дык Бог трывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас.
З гэтага мы пазнаем, што мы застаемся ў Ім, і Ён — у нас, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
Што мы трываем у Ім, а Ён — у нас, пазнаём па тым, што Ён даў нам Духа Свайго.
І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.
Мы вось бачылі і сведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам свету.
Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым застаецца Бог, і ён — у Богу.
Хто будзе вызнаваць, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым трывае Бог, і ён — у Богу.
І мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсьць любоў, і хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, і Бог — у ім.
І мы, што ўверылі, пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу трывае, і Бог у ім.
Дзеля гэтага дасканаліцца любоў сярод нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, гэткія і мы ў сьвеце гэтым.
Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу на дзень суда, бо які Ён, такія і мы на гэтым свеце.
Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы.
У любові няма страху, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару, а хто баіцца, той не дасканалы ў любові.
Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.
Мы любім [Яго], бо Ён першы палюбіў нас.
Калі хто кажа: «Я люблю Бога», і брата свайго ненавідзіць, той хлус, бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога» і ненавідзеў бы брата свайго, той ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, Якога не бачыць.
І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
І маем такую пастанову ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго.