Рут 4 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўзьняўся Боаз да брамы, і сеў там, і вось, сваяк-абаронца, пра якога казаў Боаз, ідзе. І кажа [Боаз]: «Чалавеча, падыйдзі і сядзь тут». І той падыйшоў, і сеў.
А Баоз пайшоў да брамы і сеў там. І калі ўбачыў, што міма праходзіць сваяк, аб якім гаварыў, сказаў яму, паклікаўшы яго па імю: «Падыдзі сюды на хвіліну і сядзь тут». Той падышоў і сеў.
І ўзяў [Боаз] дзесяць чалавек са старшыняў гораду, і сказаў: «Сядайце тут». І яны селі.
Тады Баоз, паклікаўшы дзесяць мужчын са старэйшын горада, сказаў ім: «Сядзьце тут».
І сказаў [Боаз] да таго сваяка-абаронцы: «Частку поля, якая [належыць] брату нашаму Элімэлеху, прадае Наомі, што вярнулася з палёў Мааву.
Калі яны селі, сказаў ён сваяку: «Частку поля брата нашага Элімэлеха прадае Наомі, якая вярнулася з зямлі Маабскай.
І я сказаў, што [належыцца] данесьці да вушэй тваіх гэтыя словы: “Набудзь [поле] перад тымі, хто сядзіць тут, і перад старшынямі народу нашага”. Калі адкупіш, адкупляй. А калі не адкупіш, скажы мне, каб я ведаў, бо ніхто ня можа адкупіць перад табою, а я — за табою». І той сказаў: «Я адкуплю».
Хацеў я, каб чуў ты гэта, і табе хацеў я сказаць: перад усімі, хто сядзіць, і перад старэйшынамі народа майго, што калі хочаш мець гэтае поле па законе сваяцтва, купляй яго і валодай ім; а калі не хочаш, то паведамі мне, каб я ведаў, што маю рабіць. Няма бо іншага сваяка ў Наомі, акрамя цябе; ты — першы, а я — другі». І той адказаў: «Я куплю поле».
І сказаў Боаз: «У дзень, калі набудзеш поле з рук Наомі, а таксама Рут Мааўлянкі, жонкі памерлага, набудзеш [абавязак] аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай».
Сказаў яму Баоз: «Калі купіш поле з рук Наомі, мусіш узяць таксама Рут маабку, жонку памерлага, каб захаваць імя памерлага сваяка твайго ў спадчыне яго».
І сказаў той сваяк-абаронца: «Не магу адкупіць для сябе, бо я зруйную спадчыну сваю. Ты адкупі для сябе маё права адкупленьня, бо я не магу адкупіць».
Ён адказаў: «Я саступаю права сваяцкасці, бо не павінен я нішчыць маёмасці сям’і сваёй. Ты скарыстайся з майго прывілею, ад якога я ахвотна адмаўляюся».
А было даўней у Ізраілі адносна адкупленьня і адносна зьмены ў зацьвярджэньні кожнай справы, што чалавек здымаў сандал свой і даваў яго бліжняму свайму. І гэта было сьведчаньнем у Ізраілі.
А такі быў даўнейшы звычай у Ізраэлі адносна права выкупу і абмену: каб пацвердзіць усю справу, чалавек здымаў сандалю сваю і даваў блізкаму свайму. Такое было сведчанне ўступкі ў Ізраэлі.
І сказаў той сваяк-абаронца Боазу: «Набудзь [гэта] сабе». І зьняў сандал свой.
Дык сказаў той сваяк Баозу: «Купляй сабе». І зняў сандалю сваю з нагі сваёй.
І сказаў Боаз старшыням і ўсяму народу: «Вы — сьведкі ў гэты дзень, што я набыў з рукі Наомі ўсё, што [належала] Элімэлеху, і ўсё, што [належала] Кільёну і Махлону.
І Баоз сказаў старэйшынам і ўсяму народу: «Сведкі вы сёння таго, што атрымаў я з рук Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, Хеліёну і Махалону,
І таксама Рут Мааўлянку, жонку Махлона, я набыў сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай, каб не загінула імя памерлага між братоў ягоных і ў брамах месца ягонага. Вы — сьведкі ў гэты дзень».
і таксама Рут маабку, жонку Махалона бяру сабе за жонку, каб захаваць імя памерлага ў спадчыне яго, каб не знікла імя яго паміж братоў і ў браме месца яго. Вы, — кажу я, — сведкі сёння ў гэтай справе».
І ўвесь народ, які быў у брамах, і старшыні сказалі: «Мы — сьведкі. Няхай зробіць ГОСПАД, што жанчына, якая ўваходзіць у дом твой, будзе як Рахель і як Лея, якія збудавалі дом Ізраіля. Здабудзь багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя [тваё] ў Бэтлееме.
Увесь народ, які быў у браме, і старэйшыны адказалі: «Мы з’яўляемся сведкамі; хай Госпад зробіць гэтую жанчыну, якая ўвойдзе ў дом твой, падобнай да Ракель і Ліі, якія абедзве збудавалі дом Ізраэля. Набывай багацце ў Эфраце і зрабі слаўным імя тваё ў Бэтлехэме!
Няхай дом твой будзе як дом Пэрэса, якога Тамар нарадзіла Юдзе, праз насеньне, якое ГОСПАД дасьць табе праз гэтую дзяўчыну».
І хай дом твой станецца, як дом Пэрэса, якога нарадзіла Юдзе Тамар, з семені, якое дасць табе Госпад ад гэтай маладой дзяўчыны!»
І ўзяў Боаз Рут, і яна сталася жонкай ягонай. І ён увайшоў да яе, і ГОСПАД даў ёй зачаць, і яна нарадзіла сына.
І ўзяў Баоз Рут за жонку; і ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй пачаць і нарадзіць сына.
І сказалі жанчыны Наомі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не пакінуў цябе без сваяка-абаронцы ў гэты дзень, і няхай гучыць імя ягонае ў Ізраілі.
І казалі жанчыны Наомі: «Хай будзе дабраславёны Госпад, Які не дапусціў, каб у цябе сёння не было таго, хто б вызваліў тваю сям’ю. Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі,
І будзе ён пацяшэньнем для душы і забесьпячэньнем старасьці тваёй. Бо нявестка твая, якая любіць цябе, нарадзіла яго, тая, што лепшая для цябе за сем сыноў».
і хай ён будзе суцяшэннем для душы тваёй і карміцелем у старасці; бо нарадзіла яго нявестка твая, якая любіць цябе і якая для цябе значна больш дарагая, чым сем сыноў».
І ўзяла Наомі дзіцятка, і палажыла на ўлоньне сваё, і была для яго нянькаю.
І Наомі абняла ўзятае на рукі дзіця і была для яго нянькаю.
І назвалі суседкі імя ягонае, кажучы: «Нарадзіўся сын у Наомі». І назвалі імя ягонае Абэд. Ён — бацька Есэя, бацькі Давіда.
А суседкі далі імя яму і казалі: «Нарадзіўся сын для Наомі»; далі яму імя Абэд. Ён бацька Ясэя, бацькі Давіда.
І вось радавод Пэрэса: Пэрэс нарадзіў Хецрона.
Гэта нашчадкі Пэрэса: Пэрэс быў бацькам Эсрома.
А Хецрон нарадзіў Рама, а Рам нарадзіў Амінадава.
Эсром быў бацькам Арама, Арам быў бацькам Амінадаба,
А Амінадаў нарадзіў Нахшона, а Нахшон нарадзіў Сальму.
Амінадаб быў бацькам Наасона, Наасон быў бацькам Салмона,
А Сальма нарадзіў Боаза, а Боаз нарадзіў Абэда.
Салмон быў бацькам Баоза, Баоз быў бацькам Абэда.
А Абэд нарадзіў Есэя, а Есэй нарадзіў Давіда.
Абэд быў бацькам Ясэя, Ясэй быў бацькам Давіда.