Рут 4 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І Воаз узышоў да брамы, і сядзеў там. І вось, ідзець міма сваяк, праз каторага Воаз гукаў. І сказаў яму: «Зайдзіся сюды й сядзь тут, чалавеча». Тый зайшоўся й сеў.
 
А Баоз пайшоў да брамы і сеў там. І калі ўбачыў, што міма праходзіць сваяк, аб якім гаварыў, сказаў яму, паклікаўшы яго па імю: «Падыдзі сюды на хвіліну і сядзь тут». Той падышоў і сеў.

І ўзяў дзесяцёх чалавекаў із старцоў месцкіх, і сказаў: «Сядзьце гэтта». І яны селі.
 
Тады Баоз, паклікаўшы дзесяць мужчын са старэйшын горада, сказаў ім: «Сядзьце тут».

І сказаў сваяку: «Часьць поля брата нашага Елімелеха прадаець Наомі, што зьвярнулася з палёў Моаўскіх.
 
Калі яны селі, сказаў ён сваяку: «Частку поля брата нашага Элімэлеха прадае Наомі, якая вярнулася з зямлі Маабскай.

Дык я сказаў: "Адкрыю вуху твайму, кажучы: купі перад седзячымі і перад старцамі люду майго". Калі выкупіш, выкупляй; а калі ня выкупіш, азнаймі імне, і я буду ведаць; бо апрача цябе, няма каму выкупіць, а па табе я». І тый сказаў: «Я выкуплю».
 
Хацеў я, каб чуў ты гэта, і табе хацеў я сказаць: перад усімі, хто сядзіць, і перад старэйшынамі народа майго, што калі хочаш мець гэтае поле па законе сваяцтва, купляй яго і валодай ім; а калі не хочаш, то паведамі мне, каб я ведаў, што маю рабіць. Няма бо іншага сваяка ў Наомі, акрамя цябе; ты — першы, а я — другі». І той адказаў: «Я куплю поле».

І сказаў Воаз: «У дзень куплі поля з рукі Наомі, і Рут Моаўлянку, жонку памерлага, маеш купіць, каб аднавіць імя памерлага ў спадку ягоным».
 
Сказаў яму Баоз: «Калі купіш поле з рук Наомі, мусіш узяць таксама Рут маабку, жонку памерлага, каб захаваць імя памерлага сваяка твайго ў спадчыне яго».

І сказаў тый сваяк: «Не магу выкупіць сабе, каб не папсаваць свайго собскага спадку; выкупі ты сабе, што я меў выкупіць, бо я не магу выкупіць».
 
Ён адказаў: «Я саступаю права сваяцкасці, бо не павінен я нішчыць маёмасці сям’і сваёй. Ты скарыстайся з майго прывілею, ад якога я ахвотна адмаўляюся».

І гэтак калісь было ў Ізраеля пры выкупе альбо пры мене, дзеля спаўненьня якое справы: адзін разуваў бот свой і даваў другому, і гэта было сьветчаньням у Ізраеля.
 
А такі быў даўнейшы звычай у Ізраэлі адносна права выкупу і абмену: каб пацвердзіць усю справу, чалавек здымаў сандалю сваю і даваў блізкаму свайму. Такое было сведчанне ўступкі ў Ізраэлі.

І сказаў тый сваяк Воазу: «Купі сабе»; і зьняў бот свой.
 
Дык сказаў той сваяк Баозу: «Купляй сабе». І зняў сандалю сваю з нагі сваёй.

І сказаў Воаз старцом а ўсяму люду: «Сьветкі вы цяпер, што я купіў усе Елімелехава й усе Хілёнава а Маглонава з рукі Наомі.
 
І Баоз сказаў старэйшынам і ўсяму народу: «Сведкі вы сёння таго, што атрымаў я з рук Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, Хеліёну і Махалону,

І таксама Рут Моаўлянку, жонку Маглонаву, купіў яе сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадку ягоным, і каб ня было адцята імя памерлага ад братоў ягоных і ад брамы месца ягонага; сьветкі вы сядні».
 
і таксама Рут маабку, жонку Махалона бяру сабе за жонку, каб захаваць імя памерлага ў спадчыне яго, каб не знікла імя яго паміж братоў і ў браме месца яго. Вы, — кажу я, — сведкі сёння ў гэтай справе».

І сказаў увесь люд, каторы ля брамы, і старцы: «Мы сьветкі; хай дасьць СПАДАР жонку, што ўходзе ў дом твой, як Рахеля а як Лія, каторыя абедзьве збудавалі дом Ізраеляў. Прыдбавай багацьце ў Ефрафе, і хай славіцца імя твае ў Бэтлееме,
 
Увесь народ, які быў у браме, і старэйшыны адказалі: «Мы з’яўляемся сведкамі; хай Госпад зробіць гэтую жанчыну, якая ўвойдзе ў дом твой, падобнай да Ракель і Ліі, якія абедзве збудавалі дом Ізраэля. Набывай багацце ў Эфраце і зрабі слаўным імя тваё ў Бэтлехэме!

І хай будзе дом твой, як дом Перэца, каторага нарадзіла Тамара Юдзе, ад тога насеньня, каторае дасьць табе СПАДАР ад гэтае маладзіцы».
 
І хай дом твой станецца, як дом Пэрэса, якога нарадзіла Юдзе Тамар, з семені, якое дасць табе Госпад ад гэтай маладой дзяўчыны!»

І ўзяў Воаз Рут, і яна стала жонкаю ягонай. І ўвыйшоў ён да яе, і СПАДАР даў ёй цяжарнасьць і яна нарадзіла сына.
 
І ўзяў Баоз Рут за жонку; і ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй пачаць і нарадзіць сына.

І сказалі жанкі Наомі: «Дабраславёны СПАДАР, каторы не спабыў цябе выкупіцеля сядні! І будзе імя ягонае ў Ізраелю!
 
І казалі жанчыны Наомі: «Хай будзе дабраславёны Госпад, Які не дапусціў, каб у цябе сёння не было таго, хто б вызваліў тваю сям’ю. Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі,

Ён будзе табе асьвяжэньням душы й жывіць будзе сівізну тваю; бо нарадзіла нявестка твая, каторая цябе любе, каторая табе лепшая за сямёх сыноў».
 
і хай ён будзе суцяшэннем для душы тваёй і карміцелем у старасці; бо нарадзіла яго нявестка твая, якая любіць цябе і якая для цябе значна больш дарагая, чым сем сыноў».

І ўзяла Наомі дзецянё гэтае, і палажыла яго на ўлоньне свае, і была яму за няньку.
 
І Наомі абняла ўзятае на рукі дзіця і была для яго нянькаю.

І далі суседкі яму імя, кажучы: «У Наомі нарадзіўся сын», і назвалі імя ягонае: Овід. Ён бацька Еса, айца Давідавага.
 
А суседкі далі імя яму і казалі: «Нарадзіўся сын для Наомі»; далі яму імя Абэд. Ён бацька Ясэя, бацькі Давіда.

І во род Перэцаў: Перэц нарадзіў Гэцрона;
 
Гэта нашчадкі Пэрэса: Пэрэс быў бацькам Эсрома.

І Гэцрон нарадзіў Рама; і Рам нарадзіў Амінадава;
 
Эсром быў бацькам Арама, Арам быў бацькам Амінадаба,

І Амінадаў нарадзіў Нагшона; і Нагшон нарадзіў Салмона;
 
Амінадаб быў бацькам Наасона, Наасон быў бацькам Салмона,

І Салмон нарадзіў Воаза; І Воаз нарадзіў Овіда;
 
Салмон быў бацькам Баоза, Баоз быў бацькам Абэда.

І Овід нарадзіў Еса; І Есэ нарадзіў Давіда.
 
Абэд быў бацькам Ясэя, Ясэй быў бацькам Давіда.