Рут 2 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
У Наомі быў сваяк па мужу ейным, дужасіл, з радзімы Елімелехавае, і імя ягонае Воаз.
У Наомі быў сваяк па мужу яе, чалавек багаты і магутны, на імя Баоз.
І сказала Рут Моаўлянка Наомі: «Пайду ж я на поле, і буду падбіраць каласы за тым, у чыім аччу знайду ласку». Яна сказала ёй: «Пайдзі, дачка мая».
І Рут маабка сказала свекрыві сваёй: «Дазволь, я пайду на поле і буду збіраць каласы, якія пазбеглі рук жней, паўсюль, дзе знайду я ласку да сябе ад мяккасардэчнага галавы сям’і». Наомі адказала ёй: «Ідзі, дачка мая».
І яна пайшла, і прышла, і падбірала ў полю за жнеямі. І прыгадзілася прыгода, што гэна была часьць поля Воазава, каторы з радзімы Елімелехавае.
Дык яна пайшла і збірала каласы за жнеямі. А здарылася, што поле тое мела гаспадара імем Баоз, які быў з роду Элімэлеха.
І вось, Воаз прышоў з Бэтлеему й сказаў жнеям: «СПАДАР із вамі!» І яны яму: «Дабраслаў цябе СПАДАР!»
І вось, прыйшоў ён з Бэтлехэма і сказаў жнеям: «Госпад з вамі». Яны адказалі: «Хай дабраславіць цябе Госпад».
І сказаў Воаз дзяцюку свайму, прыганятаму над жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?»
І сказаў Баоз юнаку, што кіраваў жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?»
І адказаў дзяцюк, прыганяты над жнеямі, і сказаў: «Дзяўчына Моаўлянка яна, што зьвярнулася з Наомяй з палёў Моаўскіх;
Ён адказаў: «Гэта маабка, якая з Наомі прыйшла з зямлі Мааб
Яна сказала: "Я буду падбіраць, калі ласка, і зьбіраць памеж снапоў за жнеямі"; і прышла, і заставалася адгэнуль зраньня аж дагэтуль; у доме мала гэтая сядзіць».
і папрасіла аб тым, каб збіраць пакінутыя каласы, ідучы за жнеямі; і ад раніцы да цяперашняга моманту яна знаходзіцца на полі і толькі зараз зрабіла кароткі адпачынак».
І сказаў Воаз Руце: «Ці ня чула ты, дачка мая, не хадзі падбіраць на полю іншага, і не пераходзь адгэтуль, і гэтак прыліпні да маіх дзяўчат;
І кажа Баоз Рут: «Слухай, дачка: не ідзі больш збіраць каласы на іншае поле і не адыходзь з гэтага месца, а далучыся да маіх дзяўчат.
Няхай вочы твае будуць на тым полю, ідзе яны жнуць, і хадзі за імі. Ці не загадаў я дзяцюком не чапаць цябе? Калі ўсьмягнеш, ідзі да судзьдзя й пі, скуль сіляюць дзяцюкі».
Глядзі, дзе жнуць, і ідзі за імі, бо я загадаў паслугачам, каб ніхто не рабіў табе прыкрасці, а калі будзеш адчуваць смагу, ідзі да пасудзін і напіся вады, якую п’юць паслугачы».
Яна пала на від свой, і пакланілася да зямлі, і сказала яму: «Чаму прыдбала я ласку ў ваччу тваім, прызнаць мяне, за годную а я ж чужая?»
Яна, упаўшы на твар свой і пакланіўшыся да зямлі, сказала яму: «Адкуль мне гэта, што я знайшла ласку ў вачах тваіх і што ты звярнуў увагу на чужаземку?»
І адказаў Воаз, і сказаў ёй: «Імне добра сказалі ўсе, што зрабіла ты сьвякрыві сваёй па сьмерці мужа свайго, і што пакінула ты айца свайго а маці сваю а край нараджэньня свайго, і прышла да люду, каторага ты ня знала ўчорах а заўчорах.
Ён адказаў ёй: «Мне ўсё расказалі: што ты зрабіла для свекрыві сваёй па смерці мужа твайго, і што ты пакінула бацькоў сваіх і зямлю, у якой нарадзілася, і прыбыла да народа, якога раней не ведала.
Хай адплаце СПАДАР за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная надгарода ад СПАДАРА, Бога Ізраелявага, да каторага ты прышла, каб знайсьці схоў пад Яго крыламі».
Хай аддзячыць табе Госпад за ўчынак твой, і поўную ўзнагароду атрымаеш ад Госпада, Бога Ізраэля, да Якога ты прыйшла і пад крылы Якога схавалася».
Яна сказала: «Хай прыдбаю я ласку ў ваччу тваім, спадару мой! бо ты пацешыў мяне, бо гукаў да сэрца нявольніцы свае, прымеж тога як я ня ёсьць, як адна зь нявольніц тваіх».
Яна кажа: «Знайду я ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, бо ты суцешыў мяне і сказаў да сэрца паслугачкі сваёй, якая не вартая ніводнай з паслугачак тваіх».
І сказаў ёй Воаз: «У часе яды дабліжся сюды, і еж із хлеба, і мачай кавалак свой у воцат». І села яна ля боку жнеяў. Ён падаў ёй пражаныя зярняты, і яна ела, пад’ела, і яшчэ засталося.
І ў час падсілкавання сказаў ёй Баоз: «Хадзі сюды і еж хлеб, і макай лусту сваю ў воцат». Дык села яна каля жней, а ён падаў ёй пражанае зерне ячменю, і яна ела і наелася, а рэшткі ўзяла з сабою.
І ўстала, каб падбіраць. І даў загаду дзяцюком сваім, кажучы: «Таксама й памеж снапоў хай падбірае яна, і не саромце яе;
А затым устала, каб, як звычайна, збіраць каласы. А Баоз загадаў паслугачам сваім, кажучы: «Хай яна таксама збірае між снапоў, не забараняйце ёй.
І таксама выцягайце, выцягайце з добра вязаных снапоў і пакідайце, і хай яна падбірае, і ня крычыце на яе».
І нават ад снапоў адкідвайце ёй і дазваляйце заставацца, каб збіраць, і хай ніхто не крычыць на яе».
І падбірала яна на полю аж да вечара, і вымалаціла, што назьбірала, і было каля ефы ячменю.
Дык збірала яна каласы ў полі аж да вечара; а калі вымалаціла палкай тое, што сабрала, было ў яе каля эфы ячменю.
І падняла гэта, і прышла да места, і абачыла сьвякрывя ейная, што яна назьбірала. І выняла, і дала ёй тое, што засталося па насычэньню сябе.
Узяўшы іх, вярнулася яна ў горад і паказала свекрыві сваёй тое, што сабрала; акрамя таго, аддала ёй рэшткі з ежы сваёй, якой насыцілася.
І сказала ёй сьвякрывя ейная: «Ідзе ты зьбірала сядні, і йдзе рабіла? Хай будзе дабраславёны, хто прызнаў цябе за годную». І азнайміла сьвякрыві сваёй, у каго яна рабіла, і сказала: «Імя чалавека, у каго я рабіла сядні, ё Воаз».
І свякроў сказала ёй: «Дзе ты сёння збірала каласы і дзе працавала? Хай дабраславёны будзе той, хто быў літасцівы да цябе». І расказала яна ёй, у каго працавала, і казала: «Імя мужчыны таго Баоз».
І сказала Наомі нявестцы сваёй: «Дабраславёны ён у СПАДАРА, Каторы не спабыў ласкі Сваёй жывых ані памерлых». І сказала ёй Наомі: «Блізкі нам гэты чалавек; ён із нашых сваякоў».
Наомі адказала ёй: «Хай дабраславёны будзе Госпадам, бо не адмовіў у ласцы сваёй ані жывым, ані памерлым!» І далей казала: «Гэты чалавек — наш сваяк; ён адзін з тых, што маюць права выкупу за нас».
І сказала Рут Моаўлянка : «Таксама нават сказаў ён імне: "Хадзі за маладымі маімі, пакуль ня скончаць яны ўсяго жніва майго"».
Рут ж дадала: «Таксама ён сказаў мне, каб я далучылася да жнеяў яго да той пары, пакуль не скончаць яны ўсяго жніва».
І сказала Наомі Руце, нявестцы сваёй: «Добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць ізь дзяўчатамі ягонымі, і ня будуць сустракаць цябе на полю іншага».
Сказала ёй свякроў: «Лепш, дачка мая, каб ты выходзіла з яго дзяўчатамі жаць, чым ісці на чужое поле, дзе хтосьці табе зробіць прыкрасць».
І яна ліпла да дзяўчат Воазавых, каб падбіраць, пакуль ня скончылася жніво ячменю й жніво пшонкі, і жыла ў сьвякрыві сваёй.
Такім чынам, далучылася яна да дзяўчат Баоза аж да канца жніва ячменю і пшаніцы; і жыла яна са свякроўю сваёй.