Рут 2 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
У Наомі быў сваяк па мужу ейным, дужасіл, з радзімы Елімелехавае, і імя ягонае Воаз.
Ноэмі мела сваяка па мужу сваім, чалавека вельмі багатага, з роду Элімелехавага, якога называлі Бооз.
І сказала Рут Моаўлянка Наомі: «Пайду ж я на поле, і буду падбіраць каласы за тым, у чыім аччу знайду ласку». Яна сказала ёй: «Пайдзі, дачка мая».
І сказала Рут Маабіцянка Ноэмі: — пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у каго знайду спагаданьне, а яна адказала: — пайдзі дачка мая.
І яна пайшла, і прышла, і падбірала ў полю за жнеямі. І прыгадзілася прыгода, што гэна была часьць поля Воазава, каторы з радзімы Елімелехавае.
Яна пайшла і, прыйшоўшы, падбірала на полі каласы пасьля жнеяроў. І здарылася, што тая частка поля належала да Бооза, які быў з роду Элімелехавага.
І вось, Воаз прышоў з Бэтлеему й сказаў жнеям: «СПАДАР із вамі!» І яны яму: «Дабраслаў цябе СПАДАР!»
І вось Бооз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жнеяром: — Гаспод з вамі! Яны адказалі: — няхай багаславіць цябе Гаспод!
І сказаў Воаз дзяцюку свайму, прыганятаму над жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?»
Сказаў тады Бооз слузе свайму, які быў пастаўлены над жнеярамі: — чыя гэта маладая жанчына.
І адказаў дзяцюк, прыганяты над жнеямі, і сказаў: «Дзяўчына Моаўлянка яна, што зьвярнулася з Наомяй з палёў Моаўскіх;
Слуга пастаўлены над жнеярамі адказаў і сказаў: — гэтая маладая жанчына — Маабіцянка, якая прыйшла з Ноэмі з зямлі Маабіцкай.
Яна сказала: "Я буду падбіраць, калі ласка, і зьбіраць памеж снапоў за жнеямі"; і прышла, і заставалася адгэнуль зраньня аж дагэтуль; у доме мала гэтая сядзіць».
Яна сказала мне: — «буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі за жнеярамі», і прыйшла сюды знаходзіцца тут ад самай раніцы аж дасюль і мала бывае яна ў хаце.
І сказаў Воаз Руце: «Ці ня чула ты, дачка мая, не хадзі падбіраць на полю іншага, і не пераходзь адгэтуль, і гэтак прыліпні да маіх дзяўчат;
І сказаў Бооз Рут: — паслухай дачка мая; не хадзі зьбіраць каласоў на другім полі і не адыходзь адсюль, але трымайся тут з маімі служанкамі.
Няхай вочы твае будуць на тым полю, ідзе яны жнуць, і хадзі за імі. Ці не загадаў я дзяцюком не чапаць цябе? Калі ўсьмягнеш, ідзі да судзьдзя й пі, скуль сіляюць дзяцюкі».
Пільнуй гэтага поля, дзе яны жнуць і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць — ідзі да судзьдзя і пій стуль, адкуль чэрпаюць слугі мае.
Яна пала на від свой, і пакланілася да зямлі, і сказала яму: «Чаму прыдбала я ласку ў ваччу тваім, прызнаць мяне, за годную а я ж чужая?»
Яна ўпала на твар свой, пакланілася да зямлі і сказала яму: — чым здабыла я ў вачох тваіх такую ласку, што ты прыймаеш мяне, хаця я і чужаземка.
І адказаў Воаз, і сказаў ёй: «Імне добра сказалі ўсе, што зрабіла ты сьвякрыві сваёй па сьмерці мужа свайго, і што пакінула ты айца свайго а маці сваю а край нараджэньня свайго, і прышла да люду, каторага ты ня знала ўчорах а заўчорах.
Бооз адказаў і сказаў ёй: — мне расказалі ўсё, што зрабіла ты для свякрухі сваёй, пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці і тваю бацькаўшчыну і прыйшла да народу, якога ты ня знала ўчора і перад гэтым.
Хай адплаце СПАДАР за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная надгарода ад СПАДАРА, Бога Ізраелявага, да каторага ты прышла, каб знайсьці схоў пад Яго крыламі».
Няхай аддасьць табе Гаспод за гэта і няхай будзе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраільскага, да якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад ягонымі крыламі.
Яна сказала: «Хай прыдбаю я ласку ў ваччу тваім, спадару мой! бо ты пацешыў мяне, бо гукаў да сэрца нявольніцы свае, прымеж тога як я ня ёсьць, як адна зь нявольніц тваіх».
Яна сказала: — няхай буду я ў ласцы перад вачыма тваймі, пан мой, ты пацешыў мяне і гаварыў па сэрцы нявольніцы тваёй, між тым як я ня вартая ніводнай з нявольніцаў тваіх.
І сказаў ёй Воаз: «У часе яды дабліжся сюды, і еж із хлеба, і мачай кавалак свой у воцат». І села яна ля боку жнеяў. Ён падаў ёй пражаныя зярняты, і яна ела, пад’ела, і яшчэ засталося.
І сказаў ёй Бооз: — калі будзе час ежы, прыходзь сюды і еш хлеб, мачаючы кавалак у воцат. І села яна пры жнеярох і падаў ёй хлеба; яна ела, наелася і яшчэ засталося.
І ўстала, каб падбіраць. І даў загаду дзяцюком сваім, кажучы: «Таксама й памеж снапоў хай падбірае яна, і не саромце яе;
Пасьля ўстала, каб падбіраць, а Бооз даў сваім слугам загад, сказаўшы: — няхай яна падбірае і паміж снапамі і не забараняйце ёй гэтага,
І таксама выцягайце, выцягайце з добра вязаных снапоў і пакідайце, і хай яна падбірае, і ня крычыце на яе».
Умысна нават пакідайце ёй і застаўляйце, каб яна зьбірала, і не сварэцеся на яе.
І падбірала яна на полю аж да вечара, і вымалаціла, што назьбірала, і было каля ефы ячменю.
Так падбірала яна на полі да вечара і вымалаціла сабранае і выйшла каля эфы ячменя.
І падняла гэта, і прышла да места, і абачыла сьвякрывя ейная, што яна назьбірала. І выняла, і дала ёй тое, што засталося па насычэньню сябе.
Узяўшы гэта яна пайшла ў места і сьвякроўка яе пабачыла, што яна назьбірала. І вынула Рут і дала ёй тое, што пакінула наеўшыся сама.
І сказала ёй сьвякрывя ейная: «Ідзе ты зьбірала сядні, і йдзе рабіла? Хай будзе дабраславёны, хто прызнаў цябе за годную». І азнайміла сьвякрыві сваёй, у каго яна рабіла, і сказала: «Імя чалавека, у каго я рабіла сядні, ё Воаз».
І сказала ёй свякроўка: — дзе ты сягоньня зьбірала і дзе працавала. Няхай будзе багаслаўлёны той, хто прыняў цябе! І расказала Рут сьвякроўцы ў каго працавала, гаворачы: — імя чалавеку ў якога я працавала — Бооз.
І сказала Наомі нявестцы сваёй: «Дабраславёны ён у СПАДАРА, Каторы не спабыў ласкі Сваёй жывых ані памерлых». І сказала ёй Наомі: «Блізкі нам гэты чалавек; ён із нашых сваякоў».
І сказала Ноэмі нявестцы сваёй: — няхай будзе ён багаслаўлёны ад Госпада, за тое, што не пазбавіў ласкі сваёй ні жывых ні мёртвых. І сказала яшчэ Ноэмі: — чалавек гэты блізкі нам, ён з нашых сваякоў.
І сказала Рут Моаўлянка : «Таксама нават сказаў ён імне: "Хадзі за маладымі маімі, пакуль ня скончаць яны ўсяго жніва майго"».
Сказала ёй Рут Маабіцянка: — ён нават сказаў мне — будзь з маімі служанкамі, пакуль ня скончаць яны жніва майго.
І сказала Наомі Руце, нявестцы сваёй: «Добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць ізь дзяўчатамі ягонымі, і ня будуць сустракаць цябе на полю іншага».
І сказала тады Ноэмі нявестцы сваёй Рут: — добра дачка мая, што ты будзеш хадзіць з ягонымі служанкамі і ня будуць цябе абражаць на іншым полі.
І яна ліпла да дзяўчат Воазавых, каб падбіраць, пакуль ня скончылася жніво ячменю й жніво пшонкі, і жыла ў сьвякрыві сваёй.
Так была яна са служанкамі Бооза і падбірала каласы, пакуль ня скончылася жніво ячменя і жніво пшаніцы, і жыла ў сьвякроўкі сваёй.