Біблія / Бокун 24
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Пахвала мудрасці. Мудрасць будзе славіць сама сябе, ды будзе мець пашану ў Бога, ды сярод свайго народа будзе ўсхвалена,
ды на сходзе Узвышняга адкрые яна свае вусны і на віду велічы Яго атрымае пахвалу,
і сярод свайго народа будзе ўзвышана, ды ў святой супольнасці на яе будуць дзівіцца;
ды ў супольнасці выбраннікаў атрымае пахвалу, і сярод дабраславёных будзе дабраславёна, кажучы:
«Я выйшла з вуснаў Узвышняга, першародная перад усім стварэннем.
Я ўчыніла, што на небе ўзышло святло безупыннае і, быццам воблака, пакрыла ўсю зямлю.
Абжылася я на самых вышынях, і пасад мой — на слупе воблачным.
Круг зямлі абышла я сама і хадзіла па бяздонню бездані,
стаяла я на хвалях мора, і на ўсёй зямлі,
і ў кожным народзе ды ў кожным пакаленні першынствавала,
і моцаю стаптала сэрцы ўсіх высакародных і пакорных. Ва ўсіх іх шукала я супачынку: у чыёй спадчыне буду прабываць?
Тады загадаў і сказаў мне Творца ўсяго, і Той, Хто стварыў мяне, даў мне адпачываць у палатцы маёй,
ды сказаў Ён мне: “Абжывіся ў Якуба і прымі спадчыну ў Ізраэлі, ды ў выбранніках Маіх запусці карані”.
Ад спрадвечнасці я створана, і ўжо вечна не перастану існаваць.
І ў святой палатцы, у Яго прысутнасці, стала я служыць ды так умацавалася я на Сіёне, ды, умілаваная падобна, супачыла я ў горадзе, і ў Ерузаліме — улада мая.
І ўкаранілася ў пачэсным народзе, і ва ўдзеле Госпада, у Яго спадчыне і ў супольнасці святых, — прабыванне маё.
Паднялася я, быццам кедр у Лібане ды як кіпарыс на гарах Гэрмона.
Вырасла, як пальма, у Энгадзі і, як ружавыя кусты, у Ерыхоне.
Як прыгожая аліва на раўніне ды як платан, узвысілася на плошчах каля вады.
Духмяная, як карыца і бальзам, я разлілася пахам; як міра адборная дала прыемны водар.
І як стыракс, і гальбан, і духмяная мазь, і бурштын,
я, як тэрэбініт, раскінула свае галінкі, і галіны мае — галіны гонару і ласкі.
Я, як вінаградны куст, выпусціла ласку, і кветкі мае — плады славы і сумленнасці.
Я маці прыгожай любові, і страху, і прызнання, і святой надзеі.
Ува мне — ласка ўсякай дарогі, і праўды, ува мне — усякая надзея жыцця і дабрадзейнасці.
Прыходзьце да мяне ўсе, хто мілуе мяне, ды напаўняйцеся маімі пладамі.
Павучэнне бо маё саладзейшае за мёд і спадчына мая большая плястара мёду;
памяць аба мне — у вечныя пакаленні.
Хто смакуе мяне, далей прагнуць будзе, і хто п’е мяне, далей будзе смагнуць.
Хто слухае мяне — не засароміцца, і хто супрацоўнічае са мной — не зграшыць:
хто зразумее мяне, вечнае жыццё мець будзе».
Гэта ўсё — кніга запавету Узвышняга,
гэта закон, які даручыў нам Майсей, — спадчына для дома Якуба.
Паставіў для яго юнака свайго Давіда, узбудзіўшы ў ім наймужнейшага цара, які сядзіць на пасадзе славы ў векі вечныя.
Закон, што, як Пішон запаўняе мудрасцю, і як Тыгр у дні новых пладоў,
напаўняе розумам, як Эўфрат ды як Ярдан у час жніва,
што, як Ніл, навадняе навукаю і, як Гэон, дапамагае ў час збору вінаграду.
Першы не змог пазнаць яе, так і апошні не прасочыць яе.
Бо разважанне яе паўнейшае за мора і намер яе — па-над бяздоннем.
Я, мудрасць, выліла рэкі,
я, як шлях вялікай вады з ракі ды як акведук, выйшла ў рай.
Сказала я: «Навадню мой агарод раслінны, ды палью плады лугоў маіх».
І вось, вадаправод замяніўся мне ў раку, ды мая рака паплыла ў мора.
Бо павучэнне асвячу, як зрэнку, і распавяшчу яго далёка.
Выведаю ўсе падземныя часткі зямлі, і наведаю ўсіх спячых, ды асвячу ўсіх, маючых надзею ў Госпадзе,
затым разалью вучэнне, як прароцтва, ды пакіну яго ў пакаленнях навек і не спынюся перадаваць нашчадкам іх аж у век святы.
Глядзіце, што я працаваў не толькі для сябе, але для ўсіх тых, што яе шукаюць.