Біблія / Бокун 32

Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі паставілі цябе старэйшым на балі — не ганарыся! Будзь між імі, як адзін з іх.
 

Клапаціся пра іх, і так сядзі, ды ўзлягай, выканаўшы ўсякі свой клопат,
 

каб умець парадавацца разам з імі, і атрымаць вянок дзеля прыстойнасці, ды каб атрымаць дастойнае запрашэнне на баль.
 

Прамаўляй, старэйшына: табе бо гэта належыць
 

першае слова з належнай умеласцю; і не перашкаджай музыцы.
 

У час балю не разлівайся размовай і не паказвай сваёй мудрасці ў неадпаведны час.
 

Што каштоўны каменьчык рубіна ў залатым абрамаванні, тое спевы музыкаў на балі пры віне;
 

што смарагдавая пячаць у залатой аправе, тое колькасць музыкаў пры салодкім і ў меру віне.
 

Слухай моўчкі, і за ветлівасць будзе аказана табе ўдзячнасць.
 

Прамоў, юнаку, калі трэба табе, за ледзь два словы;
 

тады, калі цябе спытаюць.
 

Гавары сцісла, шмат — у некалькіх словах; будзь, як ведаючы, але адначасова ўмеючы маўчаць.
 

Не ўзносся паміж магнатамі, і дзе знаходзяцца старцы — не гавары многа.
 

Гром папярэдзіць маланка, і чалавека сціплага папярэдзіць прыхільнасць.
 

І ўставай у час, не будзь апошнім; спяшайся ж першы ў свой дом, і там адпачывай, і там забаўляйся,
 

і рабі там, што прыдумаеш, і не грашы пыхлівым словам.
 

І за ўсё гэта дабраслаўляй Госпада, Які цябе стварыў і Які насычае цябе ўсімі даброццямі Сваімі.
 

Хто баіцца Госпада — атрымае выхаванне, і хто зранку трывае пры Ім, атрымае дабраславенне.
 

Хто спаганяе закон, будзе ім напоўнены, і хто падступна робіць, будзе ўведзены ў спакусу.
 

Хто жыве ў страху Госпадавым, знойдзе справядлівы прысуд і справядлівасць, як святло, засвеціць.
 

Чалавек грэшны ўхіліцца ад напаміну і паводле сваёй волі знойдзе апраўданне.
 

Чалавек разважны не пагардзіць разважаннем; чужынец і пыхлівец нічога не забаіцца.
 

[Без роздуму не рабі анічога, сыне, і не будзеш каяцца дзеля сваёй дзейнасці.]
 

Сыне, не хадзі па дарозе загубы, і не скалечыш нагі аб камяні;
 

не давярай дарозе нязведанай, каб не выставіць душы сваёй на шкоду.
 

І будзь асцярожны нават адносна сваіх дзяцей, і май на ўвазе хатніх сваіх.
 

У кожнай дзейнасці сваёй май давер душы сваёй: гэта бо значыць — спаўненне прыказанняў.
 

Хто верыць закону, зважае на прыказанні, і хто верыць Госпаду — не ашукаецца.