Біблія / Бокун 36
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Злітуйся над намі, Божа ўсіх, і глянь на нас ды акажы нам святло міласэрнасці Тваёй!
І нашлі страх Свой на паганаў, якія не шукалі Цябе, каб пазнаць, што няма Бога, апрача Цябе, ды каб апавяшчалі яны пра вялікія дзеі Твае.
Выцягні Сваю руку супраць чужых народаў, каб убачылі яны магутнасць Тваю.
Як бо на віду іх аказаўся ў нас Святым, так перад намі выяві веліч Сваю ў іх,
каб яны пазналі, як і мы пазналі, што няма Бога апроч Цябе, Госпадзе.
Узнаві знакі ды паўтары цуды,
праслаў руку і ўзмацуй правае плячо,
выяві абурэнне і вылі гнеў,
знішчы праціўніка ды пакарай ворага.
Паскор час і прыпомні прадвызначэнне, каб славілі цуды Твае.
Хай у полымі гневу будзе знішчаны, хто хоча ўратавацца; і хай тыя, што крыўдзяць народ Твой, папрападаюць.
Сатры галовы валадарачых ворагаў, якія кажуць: «Няма нікога іншага, апроч нас!»
Збяры ўсе пакаленні Якуба і вазьмі іх у спадчыну, як было ад пачатку.
Пашкадуй Твой народ, над якім прызывана імя Тваё, — Ізраэль, які Ты назваў першародным Сваім.
Пашкадуй горад Твой святы Ерузалім, месца прабывання Твайго.
Напоўні Сіён веліччу Сваёй, ды хвалою Сваёю — святыню Сваю.
Дай сведчанне тым, што ад пачатку ёсць Твае стварэнні, і ўзбудзі казанні, якія гаварылі ў імя Тваё.
Дай узнагароду тым, якія Цябе падтрымліваюць, ды хай прарокі Твае акажуцца вернымі. Ды выслухай мальбы Сваіх паслугачоў,
паводле ўпадабання над Тваім народам, і вядзі нас дарогай справядлівасці; і хай ведаюць усе, хто жыве на зямлі, што Ты — Бог спрадвечны.
Чэрава ўспрымае ўсякую ежу, і ёсць ежа лепшая за другую;
язык адрознівае ежу з дзічыны, і разумнае сэрца — словы лжывыя.
Сэрца крывадушнае выклікае прыкрасць, і вопытны чалавек адплаціць яму.
Жанчына хай прымае мужа ўсякага [г. зн. такім, які ён ёсць], але дачка адна лепшая за другую.
Прыгажосць жанчыны радуе аблічча мужа свайго, ды на ўсякую палкасць чалавека наводзіць жаданне.
Калі пры тым у словах сваіх будзе мець спачуццё, і асалоду, і міласэрнасць, муж яе не будзе, як іншыя людзі.
Калі хто мае добрую жонку, мае пачатак памыснасці, помач для сябе і апору супакаення.
Дзе няма агароджы, там параскрадваюць вінаграднік; і ў каго няма жонкі, той будзе ўздыхаць, блукаючы.
Хто паверыць таму, хто не мае гнязда і хто блукае там, дзе не можа схавацца, як разбойнік, якога пераследуюць, бадзяецца з горада ў горад?