Біблія / Бокун 41
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
О смерць! Якая прыкрая памяць аб табе для чалавека, што мае супакой у багаццях сваіх:
для чалавека без клопатаў ды для таго, чые шляхі простыя ва ўсім, пры тым яшчэ для таго, хто можа жыць раскошна!
О смерць, які добры ёсць твой прысуд для беднага чалавека і для таго, хто не мае сіл,
для састарэлага і для таго, каму ёсць клопат аб усім, які страціў надзею і не мае цярплівасці.
Не палохайся прысуду смерці; помні пра тых, што перад табою былі і па табе будуць: гэты прысуд ад Госпада ўсяму жывому;
ды чаму працівішся вырашэнню Узвышняга? Ці дзесяць, ці сто, ці тысяча гадоў —
у пекле бо няма даследавання за жыццё.
Дзеці агіднасцяў бываюць дзецьмі грэшнікаў, і пражываюць яны на месцах агіднасцяў бязбожнікаў;
спадчына дзяцей грэшнікаў прападзе, і з патомствам іх ідзе заўсёды ганьба.
Дзеці дакараюць бязбожнага бацьку, бо яны дзеля яго знаходзяцца ў пагардзе.
Гора вам, бязбожныя людзі, што пакінулі закон Госпада Узвышняга!
І калі вы нарадзіліся, то на праклён нарадзіліся; і калі памраце, доляй вашай праклён будзе.
Усё, што з зямлі, у зямлю вернецца; так бязбожныя з праклёну ў загубу.
Жалоба ў людзей тычыцца цела іх; нядобрае ж імя бязбожных будзе знішчана.
Клапаціся пра добрае імя; яно бо больш будзе значыць для цябе, чым тысяча вялікіх каштоўных скарбаў:
дням добрага жыцця — лік, але добрае імя ператрывае век.
Лепшы той чалавек, які хавае сваё глупства, чым той чалавек, які хавае сваю мудрасць. Мудрасць бо скрытая і скарб схаваны, якая з іх абаіх карысць?
Захавайце, дзеці, павучэнне ў супакоі;
аднак шануйце тое, што я вам скажу:
бо нядобра ўсякі страх берагчы, ды не ўсякі сорам — добры.
Саромцеся перад бацькам і маці распусты, і перад валадаром і магнатам — ілжывасці,
перад кіраўніком і суддзёю — злачынства, перад сходам і народам — беззаконнасці,
перад сябрам і прыяцелем — несправядлівасці, і перад месцам, дзе жывеш, —
пакражы, перад праўдай Бога і прымірэннем — аблакочвання на стол [хлябоў пакладных] і падману пры пазычанні і аддаванні,
маўчання перад тымі, што цябе вітаюць, паглядання на распусніцу, адварочвання аблічча перад сваяком,
захопу спадчыны і незвароту,
і глядзення на замужнюю жанчыну, і цікаўнасці да сваёй служанкі, і падыходжання да яе ложка,
слоў зняважлівых і брыдкіх перад прыяцелямі, — і калі што дасі каму, не ўпікай, — паўтарання пачутай гаворкі, выяўлення таямніцы.