Лукаша 8 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы Добрую Вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць
 
І далей Езус хадзіў па гарадах і вёсках, вучачы і абвяшчаючы Эвангельле аб Божым Каралеўстве, і былі з Ім Дванаццаць

і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
 
ды некалькі жанчынаў, каторых вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, званая Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,

Ёана, жонка Хузы, пракуратара Ірадава, і Зузана, і многа іншых, якія служылі Яму з маёмасці сваёй.
 
Ёанна, жонка Хузы, ўрадоўца Герода, і Зузанна, поруч многа іншых, каторыя дапамагалі ім з маёмасьці сваёй.

А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне:
 
А калі сабраўся вялікі натоўп ды з гарадоў сьпяшаліся да Яго, гаварыў (да іх) у прыповесьцях:

«Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго.
 
"Выбраўся сейбіт сеяць насеньне сваё. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя зьдзяўблі яго.

А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
 
А другое ўпала на скалу і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці.

Трэцяе ўпала паміж церняў, і церні, вырасшы, заглушылі яго.
 
Яшчэ іншае ўпала між церняў, і церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.

Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае».
 
Іншае зноў упала на ўрадлівую зямлю і, калі вырасла, дала плён стакротны". Гэта разказваючы, клікаў: "Хто мае вушы слухаць, хай слухае".

Вучні Яго пыталіся затым ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць.
 
Пыталіся затым вучні Ягоныя ў Яго, што значыць гэтая прыповесьць.

Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць і, слухаючы, не разумеюць.
 
Ён ім адказаў: "Вам дадзена ведаць тайны Каралеўства Божага, іншым жа яны праз прыповесьці, каб, гледзячы, ня бачылі ды, слухаючы, не разумелі".

А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае.
 
А гэта такая прыповесьць: Зерне — гэта Слова Божае.

А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іх, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены.
 
А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д'ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб ня ўверылі і не былі збаўлены.

А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць кораня і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць.
 
А што на скале — гэта тыя, што слухаюць ды з радасьцю прыймаюць слова, але ня маюць карэньняў і вераць да часу, і ў час спакусы адпадаюць.

Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода.
 
Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць, але праз клопаты і багацьці ды раскошы жыцьця заглушаюцца і не прыносяць пладоў.

А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што, добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго ды прыносяць плады ў цярплівасці.
 
А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаюць слова і берагуць яго, ды прыносяць плады ў цярплівасьці.

Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.
 
Ніхто, запаліўшы сьвечку, не хавае яе пад судзіну або пад ложак, але ставіць на сьвечніку, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.

Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву.
 
Няма бо нічога тайнага, што не было б выяўлена, ані схаванага, каб ня сталася ведамым ды каб ня выйшла на яў.

Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае, у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята».
 
Глядзеце ж, як маеце слухаць. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто ня мае, ды яму і тое, што яму здаецца, што мае, будзе аднята".

Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей.
 
Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі даступіцца дзеля натоўпу людзей.

І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць».
 
І паведамілі Яму: "Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы Цябе пабачыць".

А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
 
А Ён адказаў ім: "Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць Слова Божае ды спаўняюць яго".

І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі.
 
Здарылася аднаго дня, што Езус з вучнямі сваімі ўвайшоў у лодку і сказаў ім: "Пераправімся на другі бераг возера". І паплылі.

І, калі яны плылі, заснуў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы.
 
У час пераправы (Езус) задрамаў. І наляцела вятруга на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небясьпецы.

І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і забараніў ветру і хваляванню вады, і яны супакоіліся, і настала ціша.
 
Дык пайшлі і пабудзілі Яго, кажучы: "Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!" Дык Ён устаў і накрычаў на вецер і хваляваньне вады, і настала ціша.

І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?»
 
І сказаў ім: "Дзе ваша вера?" Яны ж, напалоханыя, гаварылі зьдзіўлена адзін аднаму: "Хто Ён, што гурагану і мору загадвае, і яны Яго слухаюць?"

Затым паплылі яны ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
 
Затым паплылі ў краіну Гергесэнскую, што насупраць Галілеі.

І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не надзяваў ён вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
 
І калі выйшаў на бераг, пераняў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; ад даўжэйшага часу не адзяваў ён адзеньня і ня жыў у доме, але ў магілах.

І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў».
 
Ён, убачыўшы Езуса, ўпаў перад Ім ды крычаў моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне ня мучыў".

Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню.
 
Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо той ўжо ад даўжэйшага часу валодаў ім, і хоць зьвязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах, рваў ланцугі і быў гнаны дэманам у пустыню.

Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго.
 
Дык запытаўся ў яго Езус: "Якое тваё імя?" А ён сказаў: "Легіён", бо многа дэманаў увайшло ў яго.

І прасілі Яго, каб не загадваў ім ісці ў бездань.
 
І прасілі яны, каб не загадваў ім ісьці ў бездань.

А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
 
А там на гары пасьвілася вялікае стада сьвіней. Дык прасіліся Яго, каб дазволіў ім ўвайсьці ў іх. І дазволіў ім.

І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў.
 
Дык тады выйшлі нячыстыя духі з чалавека і ўвайшлі ў сьвіней, і стада рынулася са стромага берагу ў мора, і патанула.

Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
 
Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.

Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх.
 
Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Езуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзеў адзеўшыся і пры розуме ля ног Езуса, і апанаваў іх страх.

А тыя, што бачылі, расказалі ім, як быў уратаваны той, што цярпеў пакуту ад дэмана.
 
А тыя, што бачылі, расказалі ім, як (чалавек) быў аздароўлены, і як дэманы выйшлі з яго.

І ўвесь шматлікі народ краіны Гадарынскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
 
Дык увесь народ краіны Гергесэнскай прасіў Езуса, каб Ён пакінуў іх, бо былі надта напалоханы. Дык Езус ўвайшоў у лодку і вярнуўся.

А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы:
 
А той чалавек, з каторага выйшлі дэманы, прасіў Езуса, каб мог застацца пры Ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:

«Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму.
 
"Вярніся ў дом твой і расказвай, як вялікія рэчы Бог учыніў табе". І ён пайшоў, расказваючы па ўсім горадзе, што Езус учыніў яму.

Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
 
Калі Езус вярнуўся, пераняў Яго вялікі натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.

І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго,
 
І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, начальнік сынагогі, і ўпаў да ног Езуса, і прасіў Яго, каб пайшоў у дом ягоны,

бо была ў яго дачка адзіная, гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго.
 
бо памірала яго дачка адзіначка, ня маючая яшчэ і дванаццаці гадоў. І калі Езус ішоў, народ націскаў на Яго.

І адна жанчына, што была дванаццаць гадоў крывацечнай, выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе не аздаравіў,
 
І адна жанчына, маючая дванаццаць гадоў цячэньне крыві і выдаўшая на лекараў усю сваю маёмасьць і нікім ня вылечаная,

яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе.
 
падыйшла ззаду (да Езуса) і дакранулася краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэньне крыві.

І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра і быўшыя з ім сказалі: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць, а Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”».
 
І спытаўся Езус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А калі ўсе пярэчылі, Пётар і тыя, што былі з Ім, казалі: "Вучыцелю, натоўп націскае на Цябе, а Ты пытаешся: Хто дакрануўся да Мяне?"

Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне».
 
Езус жа сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што моц выйшла з Мяне".

А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася Яму, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
 
А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падыйшла, дрыжучы, і ўпала перад Ім, і перад народам прызналася, чаму дакранулася Яго і як адразу паздаравела.

А Ісус сказаў ёй: «Мацуйся, дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі».
 
А Езус сказаў ёй: "Дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".

Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дома начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла, не турбуй Вучыцеля».
 
Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыходзіць з дому начальніка сынагогі, паведамляючы яго: "Дачка твая памерла, не турбуй больш Вучыцеля".

Але Ісус, пачуўшы гэтае слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена».
 
Але Езус, пачуўшы гэта слова, сказаў бацьку дзіцяці: "Ня бойся, толькі вер, і будзе яна выратавана".

І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі.
 
І калі Езус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсьці, адно Пятру, Яну і Якубу разам з бацькам і маткаю дзіцяці.

А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць».
 
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: "Ня плачце, не памерла бо дзяўчынка, але сьпіць".

Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
 
Дык сьмяяліся з Яго, ведаючы, што памерла.

А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
 
А Ён, узяўшы яе за руку, сказаў у голас: "Дзяўчынка, устань!"

І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці.
 
І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і загадаў даць ёй есьці.

І здзівіліся яе бацькі; Ён жа загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
 
І зьдзівіліся ейныя бацькі, каторым загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.