Лукаша 7 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А калі напоўніў Ён Сваімі словамі вушы людзей, што слухалі Яго, накіраваўся ў Кафарнаўм.
 
А калі скончыў усе свае словы навукі слухаючым яго людзям, накіраваўся ў Кафарнаўм.

А ў аднаго сотніка быў паслугач, які быў яму вельмі дарагі, моцна хворы і пры смерці.
 
А ў аднаго сотніка быў слуга, якога той вельмі цаніў, і быў моцна хворы, блізкі сьмерці.

І, калі пачуў ён пра Ісуса, паслаў да Яго старэйшын юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў паслугача яго.
 
Ён, пачуўшы пра Езуса, паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў слугу яго.

Калі яны прыйшлі да Ісуса, пераканаўча прасілі Яго, кажучы: «Варты ён, каб гэта яму зрабіў,
 
Калі яны прыйшлі да Езуса, шчыра прасілі Яго, кажучы: "Варты ён, каб гэта яму зрабіў,

бо ён любіць наш народ, і пабудаваў нам сінагогу».
 
бо ён любіць наш народ, нават паставіў нам сынагогу".

Дык Ісус пайшоў з імі. А калі ўжо быў недалёка ад дома, паслаў сотнік сяброў сказаць Яму: «Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
 
Дык Езус пайшоў за імі. А калі ўжо быў недалёка ад дому, паслаў сотнік сяброў сказаць: "Госпадзе, не турбуйся, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.

бо лічу, што і сам я не варты прыйсці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее паслугач мой.
 
Таму што і самога сябе ўважаю за нявартага прыйсьці да Цябе; але скажы слова і паздаравее слуга мой.

Бо і я — чалавек, пастаўлены пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і паслугачу свайму: “Рабі гэта”, і ён робіць».
 
Бо і я — чалавек, маючы ўладу, маю пад сабой жаўнераў. Кажу гэтаму: "Ідзі", і ён ідзе, а іншаму: "Прыйдзі", і ён прыходзіць, і слузе свайму: "Рабі гэта", і ён робіць".

Ісус, пачуўшы гэта, падзівіўся на яго ды, звярнуўшыся да тых, што ішлі за Ім у натоўпе, сказаў: «Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлі!»
 
Езус, пачуўшы гэта, зьдзівіўся дзеля яго ды, зьвярнуўшыся да ідучых за Ім грамадой, сказаў: "Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлю!"

І тыя, што былі адпраўлены дамоў, калі вярнуліся, знайшлі слугу здаровым.
 
І тыя (пасланьнікі), вярнуўшыся дамоў, знайшлі слугу здаровым.

І сталася пасля: адышоў у горад, які называецца Наін, і з Ім ішлі многія вучні Яго ды вялікі натоўп людзей.
 
Выпала, што пасьля ішоў (Езус) у горад, які называецца Наім, і з Ім ішлі вучні Ягоныя ды вялікі натоўп людзей.

А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі нябожчыка, адзінага сына маці сваёй, якая была ўдавой, ды мноства людзей з горада з ёю.
 
А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі памёршага адзінага сына маці, каторая была ўдавой, ды мноства людзей з горада ішло з ёю.

Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: «Не плач!»
 
Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: "Ня плач!"

І падышоў і дакрануўся да труны; а тыя, што неслі, спыніліся. І гаворыць: «Юнача, кажу табе, устань!»
 
Падыйшоў і дакрануўся насілкаў; а тыя, што несьлі, затрымаліся. І сказаў: "Юнача, кажу табе, устань!"

І сеў той, які быў мёртвы, і пачаў гаварыць, і аддаў яго маці яго.
 
І сеў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго ягонай маці.

Дык усіх ахапіў страх і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» ды: «Бог наведаў народ Свой».
 
Дык усіх ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: "Вялікі прарок паўстаў сярод нас", ды: "Бог наведаў народ свой".

І разнесліся словы гэтыя пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім наваколлі.
 
І разьнеслася слова гэтае па ўсёй Юдэі і па ўсёй вакалічнай краіне.

І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэта.
 
І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэтае.

Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?»
 
Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Госпада запытацца: "Ці Ты — Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"

Як толькі яны прыйшлі да Яго, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?”»
 
Як толькі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: "Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: "Ці Ты — Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"

А ў гэты час Ісус аздаравіў многіх ад хвароб, і ад пакут, і ад ліхіх духаў ды многім сляпым даў зрок.
 
У той час Езус аздаравіў многіх ад хваробаў, і цярпеньняў, і ад ліхіх духаў ды многім сьляпым вярнуў зрок.

І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і абвясціце Яну тое, што вы бачылі і чулі: сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогя дабравесцяць;
 
І ў адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і абвясьціце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім весьціцца Эвангельле,

і шчасныя тыя, што з Мяне не згоршацца».
 
і шчасьлівыя тыя, што з Мяне ня згоршацца".

І, калі адышліся пасланцы Яна, пачаў Ён казаць пра Яна да народа: «Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысціну, якую вецер калыша?
 
І калі адыйшліся пасланыя Янам, пачаў Езус гаварыць пра Яна да народу: "Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысьціну, хістаную ветрам?

Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, што апрануты ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў багатых шатах ды ў раскошы, у дамах царскіх жывуць.
 
Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што ў багатых адзеньнях ды ў раскошы жывуць, у дамах каралеўскіх знаходзяцца.

Дык што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
 
Ды што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

Ён той, аб кім напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”.
 
Ён той, аб кім напісана: "Вось жа пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".

Бо кажу вам: паміж народжаных жанчынамі няма прарока большага за Яна Хрысціцеля, але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
 
Бо кажу вам: Між народжаных жанчынамі няма большага за Яна (Хрысьціцеля). Але найменшы ў Каралеўстве Божым большы за яго.

І ўвесь народ, які Яго чуў, і мытнікі славілі справядлівасць Божую, хрысцячыся хростам Янавым.
 
І ўвесь народ, які яго чуў, і мытнікі славілі Бога, хрысьцячыся хростам Янавым.

Фарысеі ж і заканазнаўцы адкінулі волю Божую аб сабе і не прынялі хросту ад яго.
 
Фарысэі ж і законаведы ўзгардзілі намерам Божым што да сябе і не прынялі хросту ад яго.

Тады Госпад сказаў: «З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны?
 
З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленьне людзей і да каго яны падобны?

Яны падобны да дзяцей, што сядзяць на рынку і кажуць адны да адных: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, спявалі сумныя песні, а вы не плакалі”.
 
Яны падобны да хлапчанят, седзячых на рынку, якія кажуць адны да другіх: "Сьпявалі мы вам, а вы ня танчылі, галасілі мы, а вы ня плакалі".

Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: “Дэмана мае”.
 
Прыйшоў Ян Хрысьціцель, і хлеба ня еў, і віна ня піў, і вы кажаце: "Дэмана мае".

Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”.
 
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п'е, і вы кажаце: "Вось чалавек, абжора і п'яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".

І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі».
 
І апраўдана мудрасьць усімі яе сынамі".

Адзін фарысей запрасіў Яго да сябе паесці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
 
Адзін фарысэй запрасіў Езуса да сябе на пасілак; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, сеў за стол.

І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарысея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,
 
І вось адна жанчына, каторая была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён сядзіць пры стале ў доме фарысэя, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,

ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачучы, слязамі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам.
 
ды, стануўшы ззаду каля ног Яго, пачала сьлязьмі абліваць ногі Ягоныя і абціраць валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Ягоныя і намашчала іх алейкам.

Бачачы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
 
Бачачы гэта, фарысэй, што запрасіў Яго, падумаў у душы сваёй: "Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца".

І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Настаўнік, кажы».
 
І адказаў яму Езус: "Сымон, маю табе нешта сказаць". А ён кажа: "Вучыцелю, кажы".

«Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят.
 
"Нейкі пазычацель меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят.

Але як не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык скажы, які з іх больш удзячны яму?»
 
Калі ня мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык каторы з іх больш удзячны?"

Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў».
 
Сымон у адказ сказаў: "Думаю, што той, катораму болей дараваў". А Езус сказаў яму: "Добра ты рассудзіў".

І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.
 
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: "Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі, а яна сьлязьмі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.

Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як Я ўвайшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
 
Ты Мне пацалунку ня даў, а яна, як толькі ўвайшла, не перастае цалаваць ногі Мае.

Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам.
 
Не намасьціў ты галавы Маёй, а яна ногі Мае намасьціла алейкам.

Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць».
 
Дзеля таго кажу табе: Адпушчаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзьлюбіла. А каму менш адпушчаецца, той менш і любіць".

Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае».
 
Сказаў затым ёй: "Адпушчаюцца табе грахі".

І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?»
 
Дык супачываўшыя разам з Ім сталі гаварыць між сабой: "Хто Ён, што нават грахі адпушчае?"

Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі».
 
Затым сказаў Езус жанчыне: "Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".