Да Эфэсянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Умольваю вас я, вязень у Госпадзе, каб вы хадзілі дастойна паклікання, якім пакліканы,
Дык вось, я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць дастойна паклíкання, да якога вы заклíканы,
з усёю пакорлівасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю і любоўю адны адных пераносячы,
з усёй пакорнаму́драсцю і лаго́днасцю, з доўгацярплíвасцю, падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю,
імкнучыся захаваць адзінства духа ў саюзе супакою.
стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру.
Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы ў адной надзеі паклікання вашага.
Адно цела і адзін дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага паклікання;
Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.
адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне,
Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстова.
А кожнаму з нас да́дзена благадаць ў меру дару Хрыстовага.
Сказана: «Узышоў Ты на вышыню, павёў палоннага ў палон і даў дары людзям».
Таму сказана: «узышоўшы на вышыню, Ён паланіў палон і даў дары людзям».
Што ж значыць «узышоў», як не тое, што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі?
А «узышоў» — што́ азначае, як не тое, што Ён і сышоў спачатку у прадонныя месцы зямлí
Хто сышоў, Той Самы і ўзышоў вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць.
Той, Хто сышоў, Ён жа і ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.
І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і настаўнікамі
І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравеснікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
на ўдасканаленне святых, на патрэбы служэння, на збудаванне Цела Хрыстова,
для ўдаскана́лення святых, дзеля справы служэння, дзеля будавання Цела Хрыстовага,
аж пакуль не дойдзем усе да адзінства веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да поўнай меры веку поўні Хрыстовай,
пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнання Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру ўзросту паўнаты́ Хрыстовай;
каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, што хістаюцца і зацягваюцца ўсякім ветрам навукі па хітрыні людзей, па хітраму подступу спакушэння.
каб мы больш не былі дзе́цьмі, якіх хістае і носіць усякі вецер вучэння праз падман людскі, праз хітрасць, уводзячы ў аблуду,
Трымаючыся праўды, ва ўсім узрастаем у любові да Таго, Хто ёсць Галава, да Хрыста,
а каб, жывучы ў ісціне і любові, усе ўзрасталі ў Таго, Хто з’яўляецца галавою, — у Хрыста,
з Якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі даравання, праз дзейнасць у патрэбную меру кожнага паасобнага члена ўзрастае на збудаванне самога сябе ў любові.
з Якога ўсё цела, склада́ючыся і злуча́ючыся усялякімі ўзмацня́льнымі сувязямі, пры дзеянні ў сваю меру кожнай асобнай часткі, расце для будавання самога сябе ў любові.
Вось, аб гэтым кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як іншыя народы ходзяць у марнасці розуму свайго,
Таму я гэта кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы больш не рабілі, як робяць астатнія народы ў ма́рнасці розуму свайго,
маючы прыцемраныя думкі, аддаленыя ад жыцця Божага з-за няведання, што трывае ў іх праз асляпленне іх сэрца;
маючы азмро́чанае разуме́нне, адчу́жаныя ад жыцця Божага з-за свайго няве́дання, з-за акамяне́ласці сэрца свайго;
яны адурманены і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту.
яны, дайшоўшы да бясчуласці, аддалі сябе саміх распусце, каб ненасытна рабіць усякую брыдоту.
Але вы не гэтак пазналі Хрыста,
А вы не так спазналі Хрыста,
калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім былі навучаны, таму што праўда ў Ісусе.
паколькі вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся — таму што ісціна ў Іісусе —
Дык адкіньце ранейшыя звычкі старога чалавека, які прападае ў аблудных пажадлівасцях,
скінуць з сябе старога, паводле ранейшага ладу жыцця, чалавека, які згнівае ў падманных пажа́днасцях,
а аднавіцеся духам розуму вашага
а абнавіцца духам розуму вашага
і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасці і святасці праўды.
і апрану́цца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасці і святасці ісціны.
Дзеля таго, адкінуўшы падман, гаварыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму.
Таму, адкінуўшы хлусню, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы адзін аднаму члены.
Калі гневаецеся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым;
Гневаючыся, не грашыце: сонца няхай не заходзіць пры гневе вашым;
і не давайце месца д’яблу.
і не давайце месца дыявалу.
Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі даброцці, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы таму, каму трэба.
Хто краў, больш няхай не кра́дзе, а лепш няхай працуе, ствараючы сваімі рукамі дабро, каб меў з чаго даць таму, хто ў нястачы.
Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаванне, каб давала ласку тым, што слухаюць.
Ніякае гнілое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае для настаўле́ння ў веры, каб яно прыносіла благадаць тым, хто слухае.
І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы пазначаны на дзень адкуплення.
І не засмучайце Святога Духа Божага, пячаццю Якога вы былі пазначаны для дня выкуплення.
Хай пакінуць вас усякая прыкрасць, гнеў, і злосць, і звадка, і ачарненне, і ўсякая злоснасць.
Усякае раздражне́нне, і ярасць, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць вы́нішчаны сярод вас, разам з усякаю злобаю;
Будзьце ж між сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце.
але будзьце адзін да аднаго добрымі, спага́длівымі, прабачайце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце прабачыў вам.