Да Эфэсянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Умольваю вас я, вязень у Госпадзе, каб вы хадзілі дастойна паклікання, якім пакліканы,
Дык я, вязень у Спадару, малю вас хадзіць годна пагуканьня, да каторага вы пагуканы,
з усёю пакорлівасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю і любоўю адны адных пераносячы,
З усёю пакораю а лагоднасьцю, зь цярплівосьцю, выбачаючы адзін аднаму ў міласьці,
імкнучыся захаваць адзінства духа ў саюзе супакою.
Сілуючыся заховаваць суцэльнасьць Духа ў зьвязе супакою.
Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы ў адной надзеі паклікання вашага.
Адно цела й адзін дух, як вы й пагуканы ў ваднэй надзеі пагуканьня свайго;
Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.
Адзін Спадар, адна вера, адзін хрэст,
Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
Адзін Бог і Ацец усіх, Каторы над усімі, і пераз усіх, і ў вусіх нас.
Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстова.
Кажнаму ж з нас дана ласка подле меры дару Хрыстовага.
Сказана: «Узышоў Ты на вышыню, павёў палоннага ў палон і даў дары людзям».
Затым кажа: «Узышоўшы на вышыню, апаланіў палон і даў дары людзём».
Што ж значыць «узышоў», як не тое, што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі?
Але тое, што ўзышоў, што гэта, як ня тое, што таксама зышоў да найніжшых часьцяў зямлі?
Хто сышоў, Той Самы і ўзышоў вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць.
Тый, што зышоў, ё Тый самы, што і ўзышоў над усі нябёсы, каб напоўніць усе.
І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і настаўнікамі
І Ён прызначыў некатрых за апосталаў, а некатрых за прарокаў, а некатрых за евангелістых, а некатрых за пастыроў а вучыцеляў,
на ўдасканаленне святых, на патрэбы служэння, на збудаванне Цела Хрыстова,
Да дасканальненьня сьвятых, да справы службы, да будаваньня цела Хрыстовага,
аж пакуль не дойдзем усе да адзінства веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да поўнай меры веку поўні Хрыстовай,
Пакуль усі ня прыйдзем у суцэльнасьць веры і супоўнае пазнаньне Сына Божага, у мужа вырослага, у меру поўнага росту Хрыстовага;
каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, што хістаюцца і зацягваюцца ўсякім ветрам навукі па хітрыні людзей, па хітраму подступу спакушэння.
Каб мы ня былі балей бязьлеткамі, веянымі а ношанымі кажным ветрам навукі ў падходзе людзкім, у лісьлівай хітрыні абмылы;
Трымаючыся праўды, ва ўсім узрастаем у любові да Таго, Хто ёсць Галава, да Хрыста,
Але, будучы праўдамоўнымі ў міласьці, усяляк урасталі ў Тога, Каторы галава, Хрыстос,
з Якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі даравання, праз дзейнасць у патрэбную меру кожнага паасобнага члена ўзрастае на збудаванне самога сябе ў любові.
З Каторага ўсе цела, належна злучана а зьвязана ўзаемна кажнай суставаю, у меру дзеяньня кажнае часьці, дзее прырост да збудаваньня самога сябе ў міласьці.
Вось, аб гэтым кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як іншыя народы ходзяць у марнасці розуму свайго,
Затым я кажу й сьветчу Спадаром, каб наперад вы не хадзілі, як ходзяць пагане, подле марнасьці розуму свайго,
маючы прыцемраныя думкі, аддаленыя ад жыцця Божага з-за няведання, што трывае ў іх праз асляпленне іх сэрца;
Будучы зацемненыя ў розуме, аддаленыя ад жыцьця Божага з прычыны неведзі, каторая ў іх, з прычыны закалянасьці сэрцаў іхных;
яны адурманены і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту.
Яны, стаўшы нячульлівымі, аддаліся аблуду, каб дзеяць усялякую нечысьціню із жадою.
Але вы не гэтак пазналі Хрыста,
Але вы ня так пазналі Хрыста,
калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім былі навучаны, таму што праўда ў Ісусе.
Калі вы запраўды чулі Яго і былі навучаныя ў Ім, што праўда ў Ісусу,
Дык адкіньце ранейшыя звычкі старога чалавека, які прападае ў аблудных пажадлівасцях,
Каб ськінуць усе, што датыкаецца пярэдняга паступку старога чалавека, што раскладаецца ў вашукных жадах,
а аднавіцеся духам розуму вашага
І аднавіцца духам розуму свайго,
і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасці і святасці праўды.
І адзецца ў новага чалавека, створанага подле Бога ў справядлівасьці а сьвятасьці праўды.
Дзеля таго, адкінуўшы падман, гаварыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму.
Затым, адхінуўшы ману, кажыце праўду кажны бліжняму свайму, бо мы сучаланы адзін аднаму.
Калі гневаецеся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым;
Абураючыся, не грашыце; сонца хай ня зойдзе ў вугневаньню вашым.
і не давайце месца д’яблу.
І не давайце месца дзяблу.
Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі даброцці, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы таму, каму трэба.
Хто краў, няхай не крадзець, але валей няхай працуе, робячы рукамі сваімі добрае, каб меў удзяліць патрабуючаму.
Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаванне, каб давала ласку тым, што слухаюць.
Ніякае гнілое слова хай ня выходзе з вуснаў вашых, але калі якое добрае да патрэбнага збудаваньня, каб дало ласку слухаючым.
І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы пазначаны на дзень адкуплення.
І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Каторым вы запячатаваны на дзень адкупленьня.
Хай пакінуць вас усякая прыкрасць, гнеў, і злосць, і звадка, і ачарненне, і ўсякая злоснасць.
Усялякая гарчэль а гнеў а абурэньне а вераск а блявузґаньні няхай будуць аддалены ад вас. з усёй злоснасьцяй;
Будзьце ж між сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце.
І будзьце зычлівыя адзін да аднаго, спагадлівыя, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысту дараваў вам.