Да Эфэсянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
 
Дык я, вязень у Спадару, малю вас хадзіць годна пагуканьня, да каторага вы пагуканы,

з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
 
З усёю пакораю а лагоднасьцю, зь цярплівосьцю, выбачаючы адзін аднаму ў міласьці,

імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
 
Сілуючыся заховаваць суцэльнасьць Духа ў зьвязе супакою.

Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
 
Адно цела й адзін дух, як вы й пагуканы ў ваднэй надзеі пагуканьня свайго;

адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
 
Адзін Спадар, адна вера, адзін хрэст,

адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.
 
Адзін Бог і Ацец усіх, Каторы над усімі, і пераз усіх, і ў вусіх нас.

А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
 
Кажнаму ж з нас дана ласка подле меры дару Хрыстовага.

Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».
 
Затым кажа: «Узышоўшы на вышыню, апаланіў палон і даў дары людзём».

А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
 
Але тое, што ўзышоў, што гэта, як ня тое, што таксама зышоў да найніжшых часьцяў зямлі?

Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
 
Тый, што зышоў, ё Тый самы, што і ўзышоў над усі нябёсы, каб напоўніць усе.

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
 
І Ён прызначыў некатрых за апосталаў, а некатрых за прарокаў, а некатрых за евангелістых, а некатрых за пастыроў а вучыцеляў,

на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
 
Да дасканальненьня сьвятых, да справы службы, да будаваньня цела Хрыстовага,

пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
 
Пакуль усі ня прыйдзем у суцэльнасьць веры і супоўнае пазнаньне Сына Божага, у мужа вырослага, у меру поўнага росту Хрыстовага;

каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
 
Каб мы ня былі балей бязьлеткамі, веянымі а ношанымі кажным ветрам навукі ў падходзе людзкім, у лісьлівай хітрыні абмылы;

А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
 
Але, будучы праўдамоўнымі ў міласьці, усяляк урасталі ў Тога, Каторы галава, Хрыстос,

зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
 
З Каторага ўсе цела, належна злучана а зьвязана ўзаемна кажнай суставаю, у меру дзеяньня кажнае часьці, дзее прырост да збудаваньня самога сябе ў міласьці.

Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
 
Затым я кажу й сьветчу Спадаром, каб наперад вы не хадзілі, як ходзяць пагане, подле марнасьці розуму свайго,

бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
 
Будучы зацемненыя ў розуме, аддаленыя ад жыцьця Божага з прычыны неведзі, каторая ў іх, з прычыны закалянасьці сэрцаў іхных;

яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
 
Яны, стаўшы нячульлівымі, аддаліся аблуду, каб дзеяць усялякую нечысьціню із жадою.

Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
 
Але вы ня так пазналі Хрыста,

бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, — бо ісьціна ў Ісусе, —
 
Калі вы запраўды чулі Яго і былі навучаныя ў Ім, што праўда ў Ісусу,

пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
 
Каб ськінуць усе, што датыкаецца пярэдняга паступку старога чалавека, што раскладаецца ў вашукных жадах,

а абнавіцца духам розуму вашага
 
І аднавіцца духам розуму свайго,

і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
 
І адзецца ў новага чалавека, створанага подле Бога ў справядлівасьці а сьвятасьці праўды.

Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
 
Затым, адхінуўшы ману, кажыце праўду кажны бліжняму свайму, бо мы сучаланы адзін аднаму.

Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
 
Абураючыся, не грашыце; сонца хай ня зойдзе ў вугневаньню вашым.

і не давайце месца д’яблу.
 
І не давайце месца дзяблу.

Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
 
Хто краў, няхай не крадзець, але валей няхай працуе, робячы рукамі сваімі добрае, каб меў удзяліць патрабуючаму.

Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
 
Ніякае гнілое слова хай ня выходзе з вуснаў вашых, але калі якое добрае да патрэбнага збудаваньня, каб дало ласку слухаючым.

І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
 
І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Каторым вы запячатаваны на дзень адкупленьня.

Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
 
Усялякая гарчэль а гнеў а абурэньне а вераск а блявузґаньні няхай будуць аддалены ад вас. з усёй злоснасьцяй;

але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.
 
І будзьце зычлівыя адзін да аднаго, спагадлівыя, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысту дараваў вам.