Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.
Дзеці, слухайце бацькоў сваіх у Спадару, бо гэта справядліва.
Шануй бацьку твайго і маці — гэта першая запаведзь з абяцаньнем:
«Сьці айца свайго і маці», гэта — першае расказаньне з абятніцаю:
«Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі».
«Каб было табе добра, і каб ты быў даўгавечны на зямлі».
І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.
І, бацькі не квяліце дзяцей сваіх да гневу, але гадуйце іх у зыру а навуццы Спадаровай.
Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,
Нявольнікі, слухайце гаспадароў сваіх подле цела, з боязьняю а дрыжэньням, у прасьціні сэрца свайго, як Хрыста,
ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,
Ня дзеля вока служыце, як угоднікі людзкія, але як нявольнікі Хрыстовы, чынячы волю Божую ад душы,
служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,
Служачы шчыра, як Спадару, а ня людзём,
ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.
Ведаючы, што кажны адзяржыць ад Спадара подле дабра, каторае ён рабіў, ці нявольнік, ці вольнік.
І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.
А вы, гаспадары, рабіце тое самае ўзглядам іх, пакідаючы пагрозы, ведаючы, што Гаспадар іхны й ваш у нябёсах і што няма ў Яго прыяньня асобам.
Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;
Наапошку, браты, мацуйцеся ў Спадару і ў магутнасьці сілы Ягонае;
апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д’ябальскіх;
Адзеньцеся ў поўную зброю Божую, каб вы маглі стаць супроці хітрыкаў дзябальскіх;
бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.
Бо наша бітва ня з крывёю а целам, але з князствамі, з уладамі, ізь сьветнымі панамі цямноты гэтае, з духовай гарыннай сілаю нягоднасьці.
Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.
Дзеля гэтага вазьміце поўную зброю Божую, каб вы маглі стаць супроці ў благі дзень і, учыніўшы ўсе, вытрываць.
Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,
Дык станьце, падперазаўшы сьцёгны свае праўдаю, і адзеўшыся ў панцыр справядлівасьці,
і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
азуўшы ногі свае ў гатоў дабравесьці супакою.
а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;
Апрача ўсяго, возьміце шчыт веры, каторым зможаце згасіць усі распаленыя стрэлы нягоднага;
і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;
Вазьміце таксама шолам спасеньня і меч Духа, каторым ё слова Божае;
усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых
Усялякаю малітваю а просьбаю маліцеся кажнага часу ў Духу, і рупцеся да гэтага самага з усёй кажначаснасьцяй і маленьням за ўсіх сьвятых
і за мяне, каб мне дадзена было слова — вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,
І за мяне, каб імне дана была вымоўнасьць у вадчыненьню вуснах сваіх паведамляць адважна тайну Евангелі,
дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.
Да каторае я пасол у зялезах, каб я адважна, як мае быць, гукаў.
А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,
А каб і вы ведалі узглядам мяне, што я раблю, умілаваны брат і верны слугачы ў Спадару, Тыхік, праз усе накажа вам,
якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
Каторага я паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся праз справы нашы, і каб ён пацешыў сэрцы вашы.
Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
Супакой братом а міласьць ізь вераю ад Бога Айца і Спадара Ісуса Хрыста.
Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.
Ласка з усімі, што мілуюць Спадара нашага Ісуса Хрыста міласьцяй непсавальнай.