Да Эфэсянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
З тае прычыны Я Паўла стаў вязьням Хрыста Ісуса за вас, народы.
Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
Як запраўды вы чулі праз загаду ласкі Божае, данае імне дзеля вас,
таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, — пра што я і вышэй коратка пісаў, —
Што пераз аб’яўленьне паведамлена імне тайна (праз што я пярвей пісаў коратка);
дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
З чаго, чытаючы, можаце зразумець разуменьне мае тайны Хрыстовае,
якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
Каторая ў іншых пакаленьнях ня была паведамлена сыном людзкім, як цяпер аб’яўлена сьвятым апосталам Ягоным а прарокам Духам,
каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
Каб народы маглі быць суспадкаемцамі а супольным целам а сучасьнікамі абятніцы Ягонае ў Хрысту Ісусу перазь Евангелю,
слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.
Каторае слугачым стаў я з дару ласкі Божае, данае імне дзеяньням магутнасьці Ягонае.
Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая — зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае
Імне, найменшаму з усіх сьвятых, дана ласка гэтая — абяшчаць народам Дабравесьць недасяжнага багацьця Хрыстовага,
і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,
І асьвяціць усіх сьвятлом, чым ёсьць загада тайны, схаванае ад вякоў у Богу, Каторы стварыў усе Ісусам Хрыстом,
каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,
Каб цяпер стала ведамнай пераз Царкву князствам а ўладам на нябёсах найразьнейшая мудрасьць Божая,
паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
Подле спрадвечнага замеру, каторы Ён замерыў у Хрысту Ісусу, Спадару нашым,
у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.
У Каторым мы маем адвагу а прыступ із даверам вераю ў Яго.
А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны — ваша слава.
Затым прашу ня кволець з прычыны мае атугі дзеля вас, каторая ваша слава.
Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Дзеля таго клякаю перад Айцом Спадара нашага Ісуса Хрыста,
ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,
Ад Каторага кажнае айцоўства мянуецца на небе й на зямлі, —
хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,
Каб даў вам, подле багацьця славы свае, дужа ўмацавацца Духам Ягоным у нутраным чалавеку,
каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,
Каб Хрыстос усяліўся вераю ў сэрцы нашыя, каб вы, будучы ўкарэнены а закладзены ў міласьці,
каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,
Маглі спатачыць із усімі сьвятымі, што шырыня й даўжыня, і глыбіня й вышыня,
і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.
І пазнаць міласьць Хрыстову, што пераходзе веду, каб вы напоўніліся ўсялякай паўнінёю Божай.
А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнена болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,
А Таму, хто дзеючай у нас магутнасьцю можа зрабіць нязьмерна больш за ўсе, чаго просім альбо праз што думаем,
Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.
Таму слава ў Царкве і ў Хрысту Ісусу ў вусіх пакаленьнях на векі вякоў. Амін.