Эклезіяста 6 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Ёсць і іншае ліха, якое я бачыў пад сонцам, сапраўды пашыранае ў людзей:
Ёсьць зло, якое я ўбачыў пад сонцам, і багата яго між людзьмі:
чалавек, якому даў Бог багацце, і маёмасць, і гонар, і няма нястачы душы яго ні ў чым, чаго ён жадае; не даў яму Бог магчымасць, каб ён спажываў гэта, але чужы чалавек будзе паглынаць тое: гэта — марнасць і ліхое няшчасце.
Бог дае чалавеку багацьце, і маёмасьць, і славу, і душы ягонай ніякай нястачы няма ані ў чым, чаго зажадае; ды ня даў яму Бог карыстацца з таго, а чужы чалавек спажывае: гэта — марнасьць і ліхая нядоля!
Калі б хто нарадзіў сто дзяцей, і жыў шмат гадоў, і дні яго гадоў памножыліся, а душа яго не насыцілася дабром маёмасці сваёй, і нават не меў бы пахавання, аб такім я кажу, што шчаслівейшы за яго выкідыш.
Калі б сотню дзяцей напладзіў чалавек і пражыў шмат гадоў і памножыліся дні яго веку, а душа яго ўцехі ня мела б з дабротаў і каб ня было яму і пахаваньня, я сказаў бы: неданосак шчасьлівейшы за яго,
Бо прыйшоў ён дарэмна і адыходзіць у цемру, ды цемраю пакрыта імя яго.
бо дарма ён прыйшоў і ў цемру сышоў, і імя яго ўкрылася змрокам:
Хоць ён і не бачыў святла, і не ведае нічога, большы супакой у гэтага, чым у таго.
ані сонца ня бачыў і не спазнаў: яму спакайней, чым таму.
Калі б нават пражыў ён дзве тысячы гадоў і не атрымліваў асалоды ад дабра, ці не ў адно месца імкнуцца ўсе?
А той, хоць пражыў бы дзьве тысячы год і не насыціўся б дабром, ці ж не ў адно і тое месца ідзе?
Кожная праца чалавека — дзеля вуснаў яго, але душа яго не насыціцца.
Уся праца людская — для рота, а душа чалавека — не насычаецца.
Якую перавагу мае мудры над неразумным? І якую — бедны, хто ўмее хадзіць перад жывымі?
Якая ж перавага ў мудрага над неразумным, якая — у гаротніка, што ўмее хадзіць, над тымі, што жывуць?
Лепш бачыць вачамі, чым марна імкнуцца за жаданнямі; але і гэта марнасць і турбаванне духа.
Лепей бачыць вачыма, чым душою блукаць. А гэта — таксама марнасьць і пагоня за ветрам!
Для таго, што існуе, ужо названа імя яго; і вядома, што ёсць чалавек і што не можа ён выступаць у судзе супраць таго, хто мацнейшы за яго.
Што існуе, таму дадзена ўжо найменьне, і вядома, што гэта — чалавек і што ня можа ён прававацца з тымі, якія мацнейшыя за яго.
Дзе шмат слоў, там яны памнажаюць марнасць, і што за карысць мае [з гэтага] чалавек?
Шмат ёсьць такога, што памнажае марнасьць: што ж чалавеку лепей?
Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцці, у нямногіх днях марнасці сваёй, якія пражывае, як цень? Або хто зможа выявіць яму, што будзе пасля яго пад сонцам?
Бо хто ведае, што чалавеку добра ў жыцьці, у безьлічы дзён марнага веку яго, якія праходзяць, бы цень? І хто чалавеку скажа, што будзе пад сонцам пасьля яго?