Выхад 3 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

А Майсей пасвіў авечак для Етры, цесця свайго, святара мадыянскага; і, калі гнаў ён статак па-за пустыню, прыйшоў да гары Божай Гарэб.
 

З’явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню, з сярэдзіны куста; бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.
 

Тады сказаў Майсей: «Пайду і ўбачу з’яву гэтую вялікую, чаму не згарае куст».
 

А Госпад убачыў, што ён пасоўваецца, каб паглядзець на з’яву; паклікаў яго Госпад з сярэдзіны куста і сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Я тут».
 

І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды; здымі абутак з ног тваіх; бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая».
 

І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». Схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.
 

Сказаў яму Госпад: «Убачыў Я смутак народа Майго ў Егіпце і пачуў лямант яго ад бязлітаснасці наглядчыкаў яго.
 

І, ведаючы пакуту яго, Я спусціўся, каб вызваліць яго з рук егіпцян і вывесці з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, да мясцін хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, гівеяў і евусеяў.
 

Вось, крык сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і ўбачыў Я смутак іх, як прыгнятаюцца яны егіпцянамі;
 

а ты ідзі, Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Егіпта».
 

І сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісці да фараона і вывесці сыноў Ізраэля з Егіпта?»
 

Адказаў яму Ён: «Я буду з табой; будзеш мець гэты знак, што Я паслаў цябе: калі выведзеш народ з Егіпта, будзеш служыць Богу на гэтай гары».
 

Майсей сказаў Богу: «Вось, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: “Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас”. А калі яны запытаюць мяне: “Якое імя Яго?”, што я адкажу ім?»
 

Сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто ёсць». Сказаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, паслаў мяне да вас”».
 

І зноў сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас; гэта імя ў Мяне навек, і гэта памятны Мой знак з пакалення ў пакаленне”.
 

Ідзі і збяры старэйшын Ізраэля, і скажы ім: “Госпад, Бог бацькоў вашых, з’явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, гаворачы тым, якіх наведаў: “Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбылося з вамі ў Егіпце”;
 

і сказаў: “Я ўвяду вас ад смутку Егіпта ў зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам”.
 

І яны паслухаюць голас твой, і ты, і старэйшыны Ізраэля пойдзеце да цара Егіпта і скажаце яму: “Госпад, Бог гебраяў, з’явіўся нам; і цяпер мы пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб прынесці ахвяру Госпаду, Богу нашаму”.
 

Але Я ведаю, што не адпусціць вас цар Егіпта, каб вы пайшлі, хіба праз магутную руку.
 

І Я выцягну руку Маю і ўдару Егіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго; і пасля гэтага адпусціць ён вас.
 

І дам я ласку гэтаму народу з боку егіпцян, і, калі выйдзеце, не выйдзеце вы з пустымі рукамі.
 

А кожная жанчына папросіць ад сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй срэбраны і залаты посуд, а таксама адзенне; і апранеце ў яго сыноў і дачок вашых, і аббярэце Егіпет».