Дзеі 11 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша
Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што пагане таксама прынялі слова Божае.
І калі Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,
кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».
Пачаўшы, Пётра стаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:
«Быў я ў горадзе Ёпе на малітве і ўбачыў з’яву ў захапленні, як нейкая пасудзіна, падобная на вялікі абрус, за чатыры канцы спускалася з неба, аж спусцілася каля мяне.
І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ёй чатырохногіх зямлі, звяроў, і гадаў, ды птушак нябесных.
І пачуў я голас, які казаў мне: “Устань, Пётра, забівай і еж!”
Я адказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны”.
Але голас з неба азваўся мне паўторна: “Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!”
І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.
І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.
І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.
І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў яму: “Пашлі ў Ёпу мужчын і пакліч Сімона, званага Пётрам.
Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.
Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.
І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым”.
Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»
Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на жыццё».
А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі юдэям.
З іх жа некаторыя былі кіпрыйцы і цырэнцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі прамаўляць да грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.
І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.
І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу пайсці ажно ў Антыёхію.
Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі ў Госпадзе.
А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.
Пасля Барнаба накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.
І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.
У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.
І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за цэзара Клаўдзія.
Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.
Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу старэйшым праз Барнабу і Саўла.