Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
Тады першасвятар спытаўся: «Ці гэта так?»
А першасьвятар спытаўся ў яго: "Ці гэта праўда?"
І Стэфан адказаў: «Браты і айцы, паслухайце. Бог славы аб’явіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Месапатаміі, перш чым пасяліўся ў Харане.
Ён жа адказаў: "Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог Славы аб'явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ жыў у Мэсапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.
І сказаў яму: “Выйдзі з зямлі сваёй, ад сваякоў сваіх і пайдзі ў зямлю, якую Я пакажу табе”.
І сказаў яму тады: "Выйдзі з зямлі тваёй і ад радні тваёй, і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу".
Тады ён выйшаў з халдэйскай зямлі і пасяліўся ў Харане. Адтуль, пасля смерці ягонага бацькі, Бог перасяліў яго на тую зямлю, дзе вы цяпер жывяце.
Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і абжыўся ў Харане. І адтуль, па сьмерці яго бацькі, перасяліў яго (Бог) у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,
Ён не даў яму там спадчыны нават на крок, але абяцаў даць яе ва ўладанне яму і ягоным нашчадкам, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці.
і ня даў яму на ўласнасьць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе на ўласнасьць яму і патомству яго па ім, хоць ня меў тады яшчэ сына.
Бог сказаў яму, што нашчадкі яго будуць прышлымі на чужой зямлі, што будуць нявольнікамі і прыгнятаць іх будуць чатырыста гадоў.
Сказаў Бог так: "Патомкі твае будуць перасяленцамі ў чужой зямлі і праз чатырыста гадоў будуць зьняволены і крыўджаны.
Але Бог сказаў: “Я буду судзіць народ, якому яны будуць служыць, а потым яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы”.
І народ, у каторага будуць яны нявольнікамі, Я сам асуджу, — кажа Бог, — і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым вось месцы".
І заключыў з ім запавет абразання. Так ён стаў бацькам Ісаака і абрэзаў яго на восьмы дзень. Ад Ісаака ж нарадзіўся Якуб, і ад Якуба — дванаццаць патрыярхаў.
Ды даў яму запавет абразаньня. І так нарадзіўся яму Ізаак, каторага абрэзаў у восьмы дзень, а Ізааку — Якуб, а Якубу — дванаццаць патрыярхаў.
А патрыярхі праз зайздрасць прадалі Юзафа ў Егіпет, але Бог быў з ім
І гэтыя патрыярхі праз зайздрасьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім,
і вызваліў яго ад усякага ўціску, адарыў яго ласкай і мудрасцю ў вачах фараона, караля егіпецкага, і паставіў яго кіраўніком над Егіптам і над усім яго домам.
і асвабадзіў яго ад усякіх бедаў, і даў яму ласку і мудрасьць у вачах фараона, караля Эгіпту, які прызначыў яго начальнікам над Эгіптам ды над усім сваім домам.
Тады прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Канаан і вялікая бяда, і не знаходзілі айцы нашы ежы.
І ўвесь Эгіпет і Ханаан наведаў голад і вялікае гора, і бацькі нашыя ня мелі чаго есьці.
Калі ж Якуб пачуў, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды айцоў нашых першы раз.
Калі Якуб даведаўся, што ў Эгіпце ёсьць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,
А на другі раз Юзаф адкрыўся сваім братам, і фараон даведаўся пра ягоны род.
а за другім разам Язэп даўся пазнаць сваім братам, фараон жа даведаўся пра род Язэпа.
Пасля Юзаф паслаў паклікаць свайго бацьку Якуба і ўсю сваю сям’ю, што налічвала семдзесят пяць асобаў.
Дык паслаў Язэп па Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню ў ліку сямідзесяці пяці душ,
Якуб прыйшоў у Егіпет і памёр сам і айцы нашы.
і Якуб прыйшоў ў Эгіпт, і памёр ён сам, і бацькі нашыя,
Перанеслі іх у Сіхем і паклалі ў грабніцу, якую Абрагам купіў за цану срэбра ў сыноў Эмора ў Сіхеме.
і перанесьлі іх у Сыхем ды палажылі ў магіле, каторую Абрагам купіў за серабро ад сыноў Гемора ў Сыхеме.
Паводле таго, як набліжаўся час абяцання, якое Бог даў Абрагаму, разрастаўся і памнажаўся народ у Егіпце,
А, як прыбліжаўся час зьдзяйсьненьня абяцаньня, якое Бог даў Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Эгіпце,
пакуль не паўстаў новы кароль Егіпта, які не ведаў Юзафа.
аж запанаваў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня ведаў Язэпа.
Ён, хітруючы супраць нашага народу, крыўдзіў айцоў нашых, прымушаючы іх кідаць сваіх немаўлят, каб яны не выжывалі.
Ён пачаў падступна дзейнічаць супраць народу нашага, і прымушаў бацькоў нашых выкідваць дзяцей сваіх, каб не жылі.
У гэты час нарадзіўся Майсей, і ён быў любы Богу. Тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі.
Тады вось нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі.
А калі яго кінулі, дачка фараона ўзяла яго і выхавала яго сабе, як сына.
А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як сына.
Майсея навучылі ўсёй егіпецкай мудрасці, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.
І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасьці Эгіпецкай, ды быў магутны ў словах і чынах сваіх.
Калі споўнілася яму сорак гадоў, ён вырашыў наведаць сваіх братоў, сыноў Ізраэля.
А калі мінула яму сорак гадоў, надумаў ён адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.
Убачыўшы, як адзін з іх зазнае крыўду, заступіўся і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
І там, убачыўшы аднаго крыўджаўнага зямляка, стануў у яго абарону і памсціўся за крыўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.
Ён думаў, што яго браты зразумеюць, што Бог дае ім вызваленне ягонай рукою, але яны не зразумелі.
Ён думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім выбаўленьне, але яны не зразумелі.
На наступны дзень, калі яны біліся між сабою, ён з’явіўся перад імі ды схіляў іх да міру, кажучы: “Мужы, вы ж браты, навошта крыўдзіце адзін аднаго?”
Калі на другі дзень паявіўся ён між іх, калі яны біліся між сабой, ды стараўся іх пагадзіць, кажучы: "Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін другога?"
Але той, што крыўдзіў бліжняга, адштурхнуў яго са словамі: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёю над намі?
Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго і сказаў: "Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў егіпцяніна?”
Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў Эгіпцяніна?"
Ад гэтых слоў Майсей уцёк і стаў чужынцам у зямлі Мадыям, дзе ад яго нарадзіліся два сыны.
Дзеля гэтых словаў Майсей уцёк ды жыў як чужынец у зямлі Мадыян, дзе нарадзіліся яму два сыны.
Калі прайшло сорак гадоў, у пустыні ля гары Сінай яму з’явіўся анёл Пана ў палаючым кусце.
Праз сарак гадоў явіўся яму на пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі агня ў кусьце.
Убачыўшы гэта, Майсей здзівіўся, а калі падышоў прыгледзецца, прагучаў голас Пана:
Майсей жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. А калі падыйшоў бліжэй, каб прыгледзецца, пачуўся голас Госпада:
“Я — Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Ісаака і Якуба”. Майсей затрымцеў і не адважваўся паглядзець.
"Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, Ізаака і Якуба". Стрывожыўся Майсей і не адважыўся глядзець.
І Пан сказаў яму: “Здымі сандалі з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, — гэта святая зямля.
І сказаў яму Госпад: "Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
Я ўбачыў прыгнёт майго народу ў Егіпце і пачуў іх стогн, таму зышоў, каб вызваліць іх. А цяпер падыдзі, Я пашлю цябе ў Егіпет”.
Я глядзеў і ўбачыў прыгнёт народу Майго ў Эгіпце ды чуў стогны яго, ды зыйшоў, каб асвабадзіць яго. Дык цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Эгіпет".
Таго Майсея, якога яны адкінулі, сказаўшы: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёю?” — Бог паслаў як правадыра і вызваліцеля праз руку анёла, які з’явіўся яму ў кусце.
Таго вось Майсея, якога яны адракліся, кажучы: "Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёй?", яго вось Бог паслаў як правадыра і выбаўцу рукою анёла, каторы явіўся яму ў кусьце.
Гэта ён вывеў іх, робячы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, на Чырвоным моры і на пустыні сорак гадоў.
Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай і на Чырвоным моры ды на пустыні на працягу сарака гадоў.
Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраэля: “Бог пашле вам прарока, падобнага да мяне, з ліку вашых братоў”.
Гэты вось Майсей, што сказаў сынам Ізраэля: "Прарока як я паставіць вам Бог з-паміж братоў вашых".
Гэта той, хто быў на сходзе ў пустыні разам з анёлам, які гаварыў з ім на гары Сінай, быў з айцамі нашымі і прыняў жывыя словы, каб перадаць іх нам.
Ён гэта ў дзень сабраньня ў пустыні быў пасярэднікам між анёлам, каторы гаварыў яму на гары Сынай, і бацькамі нашымі. Ён жа атрымаў словы жыцьця, каб пераказаць іх нам.
Гэта яго не хацелі слухацца айцы нашыя, таму адкінулі яго і звярнулі сэрцы свае да Егіпта,
Але не хацелі яго слухаць бацькі нашыя ды адапхнулі яго і зьвярнулі сэрцы свае да Эгіпту,
кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія б ішлі перад намі, бо мы не ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі”.
кажучы Аарону: "Зрабі нам багоў, каторыя будуць ісьці перад намі, бо ня ведаем, што сталася з тым Майсеем, каторы вывеў нас з зямлі Эгіпецкай".
Яны зрабілі ў тыя дні цяльца, прыносілі ахвяры ідалу і радаваліся справе сваіх рук.
І зрабілі сабе цялё ў тыя дні ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з працы рук сваіх.
Тады Бог адвярнуўся ад іх і аддаў іх, каб служылі яны войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраэля, ці прыносілі вы Мне забітую жывёлу і ахвярына пустыні сорак гадоў?
Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, што служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: "Доме Ізраэля! Ці прыносілі вы Мне ахвяры і дары на працягу сарака гадоў у пустыні?
Вы ўзнялі намёт Молахаі зорку бога вашага Рэфана,выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім.Праз гэта Я перасялю вас за Бабілён”.
І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэфана, выбражэньні, каторыя зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілён".
У нашых айцоў была ў пустыні скінія сведчання, як пажадаў той, хто загадаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, які ўбачыў.
Нашыя бацькі мелі ў пустыні Палатку Сьведчаньня; Той бо, Хто гаварыў з Майсеем, загадаў збудаваць яе па ўзору, які (Майсей) бачыў.
І нашыя айцы, атрымаўшы яе, з Езусам Навіным прынеслі яе ва ўладанні язычнікаў, якіх Бог прагнаў ад аблічча айцоў нашых аж да дзён Давіда,
І ўзялі яе нашыя бацькі і з Ёзуэ і ўнесьлі ў зямлю паганаў, каторых Бог выгнаў перад бацькамі нашымі аж да часоў Давіда,
які знайшоў ласку ў вачах Бога і папрасіў знайсці жыллё для дому Якуба.
які знайшоў ласку ў Бога і прасіў пабудаваць жытло для Бога Якуба.
Саламон жа пабудаваў Яму дом.
А Салямон пабудаваў Яму дом.
Аднак Найвышэйшы не жыве ў тым, што зроблена рукамі, як гаворыць прарок:
Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людзкіх, як кажа прарок:
“Неба — Мой трон,а зямля — падножжа Маіх ног.Які ж дом пабудуеце для Мяне, — кажа Пан, —або якое месца адпачынку Майго?
"Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца для супачынку Майго?
Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?”
Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?"
Вы з цвёрдым каркам, з неабрэзаным сэрцам і вушамі, вы заўсёды працівіліся Духу Святому; як айцы вашыя, так і вы.
Людзі з цьвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушыма! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы!
Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? Яны забілі тых, хто прадказваў прыйсце Справядлівага, здраднікамі і забойцамі якога цяпер сталіся вы,
Каторага з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя? Пазабівалі вы і тых, каторыя прадказвалі прыход Справядлівага, якога вы выдалі і замардавалі.
якія атрымалі Закон праз пасрэдніцтва анёлаў, але не захоўвалі яго».
Вы, што атрымалі закон за пасярэдніцтвам анёлаў, але не бераглі яго".
Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.
Пачуўшы гэта, іхнія сэрцы закіпелі гневам, і яны скрыгаталі зубамі на яго.
Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога,
А ён, напоўнены Духам Сьвятым, глянуў у неба і ўбачыў хвалу Божую і Езуса, стоячага праваруч Айца,
і сказаў: «Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога».
і кажа: "Бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, стоячага па правіцы Бога".
Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам.
Яны ж паднялі вялікі крык, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,
Вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.
і выцягнулі яго за горад, і ўкаменавалі. І сьведкі паклалі сваё адзеньне ля ног юнака, званага Саўлам.
І каменавалі Стэфана, які маліўся, кажучы: «Пане Езу, прымі мой дух».
І каменавалі Сьцяпана, а ён маліўся: "Госпадзе Езусе, прыймі духа майго!"
Упаўшы на калені, ён усклікнуў моцным голасам: «Пане, не лічы ім граху гэтага». Сказаўшы гэта, памёр.
А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: "Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага". І па гэтых словах сканаў.