Яна 18 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Сказаўшы гэта, Езус выйшаў з вучнямі сваімі за зімні ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.
 
Калі Ісус сказаў гэта, з вучнямі Сваімі пайшоў за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.

Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі.
 
Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Ісус часта там збіраўся са Сваімі вучнямі.

Таму Юда ўзяў кагорту і слуг ад першасвятароў і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй.
 
Затым Юда, узяўшы кагорту і паслугачоў ад першасвятароў і фарысеяў, прыйшоў туды з ліхтарамі, светачамі і зброяй.

Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»
 
А Ісус, ведаючы ўсё, што Яго чакае, выйшаў наперад і кажа ім: «Каго шукаеце?»

Яму сказалі: «Езуса з Назарэта». Кажа ім: «Гэта Я!» Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго.
 
Адказалі Яму: «Ісуса з Назарэта». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.

І калі Ён сказаў ім: «Гэта Я!», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
 
Калі сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад ды палі на зямлю.

Тады Ён зноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Езуса з Назарэта».
 
Спытаўся іх тады зноў: «Каго шукаеце?» А яны сказалі: «Ісуса з Назарэта».

Езус адказаў: «Я сказаў вам, што гэта Я! Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці»,
 
Адказаў Ісус: «Дык жа сказаў Я вам: “Гэта Я!” Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсці»,

каб збылося слова, якое сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не згубіў нікога».
 
каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «Не загубіў ніводнага з тых, якіх Ты Мне даў».

Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас.
 
Сімон жа Пётра, які меў меч, дастаў яго, і ўдарыў паслугача першасвятара, і адсёк яму правае вуха. Імя таму слузе было Малх.

Але Езус сказаў Пятру: «Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?»
 
Сказаў тады Ісус Пётры: «Схавай меч свой у похвы; келіх, які даў Мне Айцец, ці ж не Мне яго піць?»

Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго
 
Тады кагорта, і трыбун, ды паслугачы юдэйскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,

і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром.
 
і прывялі Яго перш да Анны: бо быў ён цесцем Каяфы, які быў у той год першасвятаром.

Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
 
Гэта быў Каяфа, які даў параду юдэям: «Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ».

За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара.
 
А за Ісусам ішоў Сімон Пётра і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасвятаром і ўвайшоў з Ісусам да палаца першасвятара.

Пётр жа стаяў звонку каля брамы. Тады той другі вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
 
Пётра ж застаўся вонкі пры дзвярах. Выйшаў тады другі вучань, які быў знаёмы з першасвятаром, пагаварыў з прыдзверніцай ды ўвёў Пётру.

Служанка-брамніца кажа Пятру: «Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?» Ён сказаў: «Не!»
 
Кажа тады Пётры служка прыдзверніца: «Ці і ты не з вучняў Таго Чалавека?» А ён кажа: «Не».

Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было зімна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
 
Там стаялі нявольнікі і паслугачы пры гарачым вуголлі, бо было зімна, і грэліся; а разам з імі быў і Пётра, стоячы і грэючыся.

Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае.
 
Першасвятар жа пытаўся ў Ісуса пра вучняў Яго і навуку Яго.

Езус адказаў яму: «Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога.
 
Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў свету: Я вучыў заўсёды ў сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і нічога не гаварыў употай.

Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў».
 
Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, якія чулі, што Я ім гаварыў; вось, яны ведаюць, што Я ім сказаў».

Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
 
Калі гэта сказаў, дык адзін з паслугачоў, што блізка стаяў, даў Ісусу поўху, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»

Езус адказаў яму: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?»
 
Адказаў яму Ісус: «Калі блага сказаў, дакажы, што блага, а калі добра, дык чаму Мяне б’еш?»

Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.
 
Затым адаслаў Яго Анна звязанага да першасвятара Каяфы.

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: «Ці і ты з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не!»
 
А Сімон Пётра стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?» А ён запярэчыў і сказаў: «Не!»

Адзін са слугаў першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: «Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?»
 
Дык адзін з паслугачоў першасвятара, сваяк таго, якому Пётра адсёк вуха, кажа яму: «Ці ж я цябе не бачыў з Ім у садзе?»

Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.
 
Ды Пётра зноў запярэчыў; і зараз запяяў певень.

Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху.
 
Затым павялі Ісуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есці Пасху.

Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: «У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?»
 
Выйшаў да іх Пілат і кажа: «Якую віну ўскладаеце на гэтага Чалавека?»

Яны сказалі яму ў адказ: «Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе».
 
Адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён не быў злачынцам, не выдалі б Яго табе».

Пілат жа сказаў ім: «Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закону!» Юдэі сказалі яму: «Нам нікога не дазваляецца забіваць».
 
Дык сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і асудзіце Яго па вашым законе». Сказалі яму юдэі: «Нам нельга нікога забіваць»,

Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.
 
каб споўнілася слова Ісуса, што сказаў Ён, вызначаючы, якою смерцю меў памерці.

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?»
 
Дык увайшоў зноў у прэторыю Пілат і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: «Ты — Цар Юдэйскі?»

Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»
 
Адказаў Ісус: «Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі пра Мяне?»

Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?»
 
Адказаў Пілат: «Ці ж я юдэй? Народ Твой і першасвятары выдалі мне Цябе; што Ты зрабіў?»

Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль».
 
Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, паслугачы Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль».

Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».
 
Сказаў Яму тады Пілат: «Дык Ты — Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я — Цар. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе; кожны, хто з праўды, слухае голас Мой».

Пілат сказаў Яму: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і сказаў ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
 
Кажа Яму Пілат: «Што ёсць праўда?» І, калі ён гэта сказаў, зноў выйшаў да юдэяў і кажа: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.

Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, я адпушчу вам караля юдэйскага?»
 
У вас жа ёсць традыцыя, каб на Пасху выпусціць вам аднаго вязня; дык хочаце, пушчу вам Цара Юдэйскага?»

Тады яны зноў закрычалі: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
 
Але яны ўсе закрычалі, кажучы: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.