Яна 9 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
 
І, праходзячы, убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.

Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?»
 
Дык спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: «Рабі, хто зграшыў: ён ці бацькі яго, што ён сляпым нарадзіўся?»

Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя.
 
Адказаў Ісус: «Ані ён не зграшыў, ані бацькі яго, але каб справы Божыя выявіліся на ім.

Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
 
Мне належыць выконваць справы Таго, Хто Мяне паслаў, дакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.

Пакуль Я на свеце, Я — святло свету».
 
Пакуль Я на свеце, Я — святло свету».

Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому,
 
Як сказаў гэта, плюнуў на зямлю, і зрабіў балота са сліны, і намазаў балота на вочы яго,

і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым.
 
і сказаў яму: «Ідзі, абмый у купальні Сіло», што значыць «Пасланы». Дык ён пайшоў, і абмыўся, і вярнуўся відушчы.

А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
 
Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: «Ці ж гэта не той, што сядзеў і жабраваў?»

Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!»
 
Адны казалі: «Гэта ён!», другія казалі: «Ніякім чынам, але падобны да яго». А ён казаў: «Гэта я».

Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?»
 
Дык казалі тады яму: «Як вочы адкрыліся ў цябе?»

Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
 
І ён адказаў: «Чалавек, якога завуць Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае ды сказаў мне: “Ідзі да Сіло і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».

Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».
 
І сказалі яму: «А дзе Ён?» Ён гаворыць: «Не ведаю».

І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў.
 
Дык завялі таго, што быў сляпым, да фарысеяў.

А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат.
 
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў балота і адкрыў вочы яго.

Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу».
 
Дык ізноў пыталіся ў яго фарысеі, якім чынам ён стаў бачыць. А ён сказаў ім: «Балота паклаў Ён на вочы мае, я абмыўся і бачу».

Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны.
 
Дык казалі некаторыя з фарысеяў: «Чалавек той, што не пільнуе суботы, не ёсць ад Бога»; іншыя ж казалі: «Як жа чалавек грэшнік можа чыніць такія знакі?» Гэтак дайшло да нязгоды між імі.

Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!»
 
Дык кажуць ізноў сляпому: «Што ты скажаш пра Таго, Які адкрыў вочы твае?» Ён жа сказаў: «Гэта прарок!»

Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым.
 
Юдэі аднак не паверылі ў тое, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.

Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?»
 
Дык пыталіся іх, кажучы: «Ці сапраўды ён — ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?»

Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым.
 
Дык адказалі бацькі яго і сказалі: «Ведаем, што ён — наш сын ды што сляпым нарадзіўся,

Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!»
 
але якім чынам цяпер бачыць — не ведаем, не ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы; у яго самога пытайцеся. Ён мае гады, хай сам аб сабе расказвае».

Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію.
 
Гэтак сказалі бацькі яго, бо баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся, што, калі хто прызнае Яго за Хрыста, вылучаць таго з сінагогі.

Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»
 
Дзеля таго бацькі яго сказалі: «Мае гады, яго самога пытайцеся».

Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік».
 
Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: «Услаў Бога! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік».

Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».
 
Але ён адказаў: «Ці Ён грэшнік, не ведаю, але толькі ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».

Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?»
 
Зноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Якім спосабам адкрыў твае вочы?»

Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?»
 
Ён адказаў ім: «Я ўжо сказаў вам, і вы не чулі; што яшчэ вы хочаце пачуць? Ці і вы хочаце быць Яго вучнямі?»

Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
 
Яны дакаралі яго і сказалі: «Гэта ты — Яго вучань, а мы — вучні Майсея.

Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем».
 
Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль Гэты — не ведаем».

І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы!
 
Чалавек адказаў і сказаў ім: «Гэта вось і дзіўна, што вы не ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мае вочы.

Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае.
 
Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не слухае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго выконвае, таго слухае.

Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
 
Ад веку не чута, каб хто народжанаму сляпым вочы адкрыў;

Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць».
 
каб Ён не быў ад Бога, не мог бы нічога зрабіць».

Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
 
Адказваючы, сказалі яны яму: «У грахах увесь ты нарадзіўся і ты павучаеш нас?» І прагналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?»
 
Пачуў Ісус, што яго прагналі, і, калі спаткаў яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»

Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?»
 
Ён, адказваючы, спытаўся: «А хто Ён, Госпадзе, каб я паверыў у Яго?»

Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою».
 
Сказаў яму Ісус: «І ты ўжо бачыў Яго, і Той, Хто з табою гаворыць, гэта Ён».

Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану.
 
Дык ён гаворыць: «Веру, Госпадзе!»; і пакланіўся Яму.

Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі».
 
І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я на гэты свет, каб тыя, што не бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сляпымі».

Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»
 
Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, што пры Ім былі, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»

Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.
 
Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б віны. Вы, аднак, кажаце: “Мы бачым!”; і грэх ваш застаецца.