Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Далей аб’явіўся зноў Ісус вучням каля мора Тыберыядскага, а аб’явіўся ім так.
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі разам Сімон Пётра і Тамаш, званы Дыдымас, Натанаэль, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Зебядзея, і два іншых з вучняў Яго.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Кажа ім Сімон Пётра: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «І мы пойдзем з табой». Дык пайшлі, і селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
А калі настала раніца, стаў Ісус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Кажа ім затым Ісус: «Дзеці, ці маеце што есці?» Адказалі яму: «Не».
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Дык сказаў ім: «Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце». Закінулі тады, і з-за мноства рыбы не маглі выцягнуць сетку.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётры: «Гэта ж Госпад!» Дык Сімон Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, апрануў туніку, бо быў голы, і кінуўся ў мора;
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берага, каля двухсот стадый, цягнучы сетку з рыбаю.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
А калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзеныя вуглі, і рыбу, пакладзеную зверху, і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Кажа ім Ісус: «Прынясіце тую рыбу, што цяпер налавілі».
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Дык пайшоў Сімон Пётра і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, [якіх было] сто пяцьдзесят тры; і хоць было так шмат, сетка не падралася.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, ежце». Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Ісус падышоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэці раз аб’явіўся Ісус вучням Сваім пасля ўваскрэсення з мёртвых.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Дык калі яны наеліся, кажа Ісус Сімону Пётры: «Сімоне Ёнаў, ці любіш Мяне больш за гэтых?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Пасі ягнятак Маіх».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Кажа яму ў другі раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
І кажа яму ў трэці раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што ўжо ў трэці раз сказаў яму: «Ці любіш ты Мяне?», дык кажа Яму: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш. Ты разумееш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, падпяразваўся сам і хадзіў, куды сам хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае ды хто іншы цябе падпяража і павядзе туды, куды ты не хочаш».
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
А гэта сказаў, паказваючы, якою ён смерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: «Ідзі за Мной!»
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Пётра, азірнуўшыся, убачыў таго вучня, якога Ісус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуляўся да грудзей Яго і сказаў: «Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдае?»
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
І, калі ўбачыў яго Пётра, то кажа Ісусу: «Госпадзе, а з гэтым што будзе?»
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной».
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
Разышлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў: «Не памрэ», а толькі: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?»
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Дык вось той вучань, які сведчыць пра гэта, і напісаў гэта, і мы ведаем, што сведчанне яго праўдзівае.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія меліся б быць напісаны.