Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У той час прыйшлі некато́рыя і расказалі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.
 
У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.

Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя Галіле́яне былі больш грэшныя за ўсіх Галіле́ян, што яны пацярпелі гэткія мукі?
 
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя галілейцы, што так пацярпелі?

Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ так сама пагінеце.
 
Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.

Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаа́мская ве́жа ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?
 
Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме?

Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ таксама пагінеце.
 
Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце».

І сказаў вось якую прыповесьць: не́хта ме́ў у вінаградніку сваім паса́джаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;
 
Затым казаў ім гэта для параўнання: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.

і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе́: на што́ яна і зямлю займае?
 
Дык сказаў вінаградару: “Вось ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?”

Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе́ і на гэты год, пакуль я акапаю яе́ і абкладу гноем:
 
А той, адказваючы, гаворыць яму: “Гаспадар, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

ці ня дасьць плоду; калі-ж не́, то на той год ссячэш яе́.
 
можа, стане даваць плод, а калі не, то выкарчуеш яго”».

У аднэй з школаў навучаў Ён у суботу;
 
І навучаў Ён у адной сінагозе ў суботу.

і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў ме́ўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла вы́прастацца.
 
І вось, адна жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы, была сагнутая і не магла ніяк глянуць уверх.

Ісус, угле́дзіўшы яе́, паклікаў яе́ і сказаў ёй: жанчына! Ты вы́звалена ад не́мачы твае́.
 
Калі ўбачыў яе Ісус, паклікаў ды гаворыць ёй: «Жанчына, вызвалена ты ад сваёй немачы»,

І ўсклаў на яе́ рукі; і ўраз жа вы́прасталася і пачала славіць Бога.
 
і ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і славіла Бога.

Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзе́нь суботні.
 
Тады начальнік сінагогі, абураны, што Ісус аздараўляў у суботу, казаў, звяртаючыся да людзей: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы».

Але Госпад сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла́ ад ясьляў у суботу, і ці-ж не вядзе́ паіць?
 
А Госпад адказаў і сказаў яму: «Крывадушнікі, ці ж кожны з вас у суботу не адвязвае вала свайго або асла ад ясляў ды не вядзе напаіць?

А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці-ж не нале́жала звольніць ад путаў гэтых у дзе́нь суботні?
 
А ці ж гэтае дачкі Абрагама, якая дэманам звязана вось ужо васемнаццаць гадоў, не належала вызваліць з гэтых путаў у суботу?»

І, калі гаварыў Ён гэтае, усе́ ворагі Яго засароміліся; і ўве́сь народ ра́даваўся з усіх слаўных дзе́яньняў Яго.
 
Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных дзеяў Яго.

Ён жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?
 
Дык далей казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і да чаго прыпадобню яго?

Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалаве́к у садзе сваім: і вырасла і сталася вялíкім дрэвам, і птушкі нябе́сныя хаваліся ў галінах яго.
 
Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе; вырасла яно, і сталася дрэвам, і птушкі нябесныя адпачывалі на яго галінах».

Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?
 
І зноў гаварыў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?

Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры ме́ры мукі, пакуль ня скісла ўсё.
 
Яно падобна да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль не ўкісла ўсё».

І праходзіў па ме́стах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.
 
І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, накіроўваючы шлях у Ерузалім.

Не́хта сказаў Яму: Госпадзе! Няўжо-ж ма́ла такіх, што спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:
 
І хтосьці гаворыць Яму: «Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?» А Ён сказаў ім:

Старайцеся ўвайсьці праз це́сныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыка́цца ўвайсьці ды ня здолеюць.
 
«Намагайцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць імкнуцца ўвайсці і не змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьве́ры, тады вы, стоячы вонках, пачнецё стукаць у дзьве́ры і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Але Ён скажа вам у адказ: ня ве́даю вас, адкуль вы.
 
Бо калі ўстане Гаспадар дома і замкне дзверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзверы, кажучы: “Госпадзе, адчыні нам”; і Ён, адказваючы, скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”.

Тады пачнецё гаварыць: мы е́лі й пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.
 
Тады пачнеце гаварыць: “Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах”;

Але Ён скажа: кажу вам: ня ве́даю вас, адкуль вы; адыдзе́це ад Мяне́ ўсе́, што чыняць няпраўду.
 
але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы. Адыдзіцеся ад Мяне ўсе, што чыніце беззаконне”.

Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ізаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.
 
Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.

І пры́дуць з усходу і за́хаду, і поўначы і паўдня, і сядуць за сталом у Царстве Божым.
 
Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і ўзлягуць у Валадарстве Божым.

І вось ёсьць апошнія, што будуць пе́ршымі, і ёсьць пе́ршыя, якія будуць апошнімі.
 
І вось, ёсць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».

У гэны дзе́нь прыйшлі некато́рыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе́ згэтуль, бо Цябе́ Ірад хоча забіць.
 
У той самы час падышлі да Яго некалькі фарысеяў, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».

І сказаў ім: пайдзе́це, скажэце гэтай лісіцы: вось выганяю чарто́ў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзе́нь будзе Мне́ кане́ц.
 
Ён гаворыць ім: «Ідзіце і скажыце таму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленні сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу”.

Толькі-ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.
 
Аднак трэба, каб Я хадзіў сёння, і заўтра, і надалей, бо не бывае, каб прарок гінуў па-за Ерузалімам.

Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і ка́меньмі закідаеш пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыльлі, і не хаце́лі.
 
Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланы, колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, але ты не хацеў.

Вось жа пакідаецца вам дом ваш пусты́. Кажу-ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне́, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багасла́ўлены, што ідзе́ ў імя Госпада.
 
Вось, застанецца вам дом ваш [пусты]”. Бо кажу вам: “Не ўбачыце Мяне, аж пакуль не надыдзе час, калі скажаце: “Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».