Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
Глянуўшы-ж, убачыў Ён багатых, што клалі ахвяры свае́ ў скарбніцу;
І, зірнуўшы, Ён убачыў тых, што кідалі ахвяры свае ў скарбону,
убачыў такжа бе́дную ўдаву, палажыўшую туды дзьве́ лепты,
убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,
і сказаў: запраўды кажу вам, што гэтая бе́дная ўдава палажыла больш за ўсіх;
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.
бо ўсе́ тыя з лішкаў сваіх клалі ахвяру Богу, яна-ж з бе́днасьці сваёй палажыла ўвесь пражытак свой, які ме́ла.
Бо ўсе з лішкаў сваіх кідалі ў ахвяру, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё ўтрыманне сваё, якое мела».
І, калі некато́рыя гаварылі аб царкве́, што яна аздоблена дарагімі каме́ньнямі й дарамі, Ён сказаў:
І, калі некаторыя гаварылі пра святыню, што прыгожымі каменнямі і дарамі аздоблена, Ён сказаў:
прыдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не астане́цца ка́меня на ка́мені; усё будзе разбурана.
«Надыдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
І спыталіся ў Яго: Вучыцель! калі-ж гэта будзе і якая прыме́та, калі гэта мусіць стацца?
Дык спыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцель, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта пачнецца?»
Ён жа сказаў: сьцеражыцеся, каб вас не абаламуцілі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізка. Не хадзе́це сьле́дам іх.
Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі; бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я” або “Час наблізіўся”. Дык не ідзіце за імі.
Калі-ж пачуеце пра войны і паўстаньні, не палохайцеся, бо гэта мусіць стацца ране́й, але ня зараз кане́ц.
А калі пачуеце пра войны і замяшанні, не злякайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ не зараз канец».
Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
Далей казаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,
і будзе мясца́мі вялікае зямлі трасе́ньне, і голад, і мор, і страх, і знаме́ньні з не́ба вялікія.
і будуць вялікія землятрусы, і месцамі голад і пошасці, і будуць страхі, ды знакі вялікія з неба.
А перад усім гэтым наложаць на вас рукі і будуць перасьле́даваць вас, выдаючы ў школы і вязьніцы, і за імя Маё павядуць прад цароў і валадароў;
Але перад тым усім ускладуць на вас рукі свае, будуць пераследаваць і выдаваць у сінагогі і ў вязніцы, і будуць вас цягаць да цароў і намеснікаў за імя Маё;
і ста́нецца гэта дзеля сьвядо́цтва вам.
а станецца гэта вам дзеля сведчання.
Дык пакладзе́це сабе́ ў сэрцах не абдумваць загадзя́, як бараніцца:
Пакладзіце тады ў сэрцах вашых не думаць, як вам адказваць;
бо Я дам вам вымову і мудрасьць, якой ня здо́леюць пярэчыць, ані змагацца з ёю ўсе́ ворагі вашыя.
бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць пярэчыць усе супраціўнікі вашы.
І будзеце вы́даны і бацькамі, і братамі, і сваякамі і сябрамі; і некато́рых з вас пазабіваюць;
А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і аддадуць на смерць некаторых з вас,
і будуць ненавідзець вас усе́ за імя Маё;
і будуць вас усе ненавідзець за імя Маё.
але і волас з галавы вашай не прападзе́;
Але нават волас з галавы вашай не прападзе.
цярплівасьцяй вашай спасайце душы вашыя.
Праз цярплівасць вашу завалодаеце душамі вашымі.
Калі-ж убачыце Ерузалім акружаны войскам, тады ве́дайце, што прыйшло спусташэньне яго:
А калі ўбачыце, што Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго.
і хай тады тыя, што ў Юдэі, бягуць у горы; і хто ў ме́сьце, выходзь з яго; і хто ў ваколіцах, не ўваходзь у яго,
Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і што ў цэнтры яе, хай выходзяць, а тыя, што ў ваколіцах, хай не ўваходзяць у яе.
бо гэта дні помсты; каб выпаўнілася ўсё напісанае.
Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.
Го́ра-ж цяжарным і ко́рмячым грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая бяда́ на зямлі і гне́ў на народ гэты:
Гора ж цяжарным і карміцелькам у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў на гэты народ,
паля́гуць ад вострага мяча́, і павядуць іх у палон да ўсіх народаў; і Ерузалім тапта́цімуць пага́не, пакуль не закончацца часы́ пага́наў.
і будуць падаць, убачыўшы востры меч, і пагоняць іх, схапіўшы, у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль не споўняцца часы паганаў.
І будуць знаме́ньні на сонцы і ме́сяцу і зорах, а на зямлі туга́ ў народаў ад разрухі, і зараве́ і забушуе мора.
І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі нядоля народаў з-за тлуму, ды пошум мора і навальніц.
І пруцяне́ць будуць людзі ад страху й чаканьня таго, што пры́йдзе на сусьве́т, бо сілы нябе́сныя захістаюцца.
Людзі будуць пруцянець ад страху і чакання таго, што настане ва ўсім свеце, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
І тады ўбачаць Сына Чалаве́чага, ідучы ў хмары з сілаю і славаю вялікаю.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на аблоках з магутнасцю і славаю вялікай.
Калі-ж пачне́ гэтае дзе́яцца, тады ўглядайцеся і падніміце галовы вашыя, бо прыбліжаецца адкупле́ньне вашае.
А калі гэта дзеяцца пачне, разгінайцеся і падымайце галовы вашы, бо набліжаецца адкупленне ваша».
І сказаў ім прыповесьць: глядзіце на смакоўніцу і на ўсе́ дрэвы:
І сказаў ім для параўнання: «Паглядзіце на дрэва фігавае ды на ўсе дрэвы.
калі яны ўжо распускаюцца, то, бачучы гэта, ве́даеце самы, што ўжо блізка ле́та.
Калі яны ўжо пускаюць лісты, то, бачачы гэта, вы і самі ведаеце, што ўжо блізка лета.
Дык такжа, як угле́дзіце, што і гэнае спаўняецца, ве́дайце, што блізка царства Божае.
Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Валадарства Божае.
Запраўды́ кажу вам: ня пройдзе род гэты, як усё гэнае збудзецца:
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, як усё гэта споўніцца.
не́ба і зямля прамінуць, але словы Мае́ не прамінуць.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Пілнуйцеся-ж, каб сэрцы вашыя не абцяжаліся абжорствам і п’янствам і жыцьцёвымі клапотамі, і каб дзе́нь той не застаў вас неўспадзе́ўкі.
Сцеражыцеся, каб часам не абцяжарылі сэрцы вашы абжорствам і п’янствам ды клопатамі гэтага жыцця, і каб дзень гэты не прыйшоў да вас знянацку;
Бо ён, як се́тка, пакрые ўсіх, што на абліччы зямлі жывуць.
бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што сядзяць на абліччы ўсёй зямлі.
Дык чува́йце ўсякі час і маліцеся, каб заслужыць на ўхіле́ньне ад вас усяго, што ста́нецца, і стануць перад Сынам Чалаве́чым.
Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб змаглі пазбегнуць ўсяго гэтага, што мае прыйсці, ды стаць перад Сынам Чалавечым».
Удзе́нь Ён навучаў у царкве́; ночы-ж, выхо́дзячы, праводзіў на гары́, называнай Аліўнаю.
І навучаў днямі ў святыні, а нанач, выходзячы, спыняўся на гары, якую называюць Аліўнай.
І ўве́сь народ зраніцы прыходзіў да Яго ў царкву слухаць Яго.
І ўвесь народ ад раніцы збіраўся да Яго ў святыню слухаць Яго.