Мацьвея 24 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і прыступіліся вучні Яго, манючы́ся паказаць Яму будынкі сьвятыні.
 
І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад храму і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні.

Ісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэтае? Запраўды́ кажу вам: не астане́цца тут ка́меня на ка́мені: усё будзе зьнíшчана.
 
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — бачыце ўсё гэта? запраўды, кажу вам, не застанецца тут каменя на камені — усё будзе разбурана.

Калі-ж сядзе́ў Ён на гарэ Аліўнай, прыступіліся да Яго вучні насамо́це і спыталіся: скажы нам, калі гэтае ста́нецца, і які знак Твайго прыходу і сканчэньня сьве́ту?
 
Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: — скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?

Ісус сказаў ім у адказ: сьцеражэ́цеся, каб хто не падману́ў вас,
 
Ісус сказаў ім у адказ: — сьцеражэцеся, каб хто ня зьвёў вас.

бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: я Хрыстос, — і шмат каго падману́ць.
 
Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: — Я Хрыстос, — і шматлікіх зьвядуць.

Таксама пачуеце пра войны і вае́нныя чуткі. Глядзе́це, ня трывожцеся: бо ўсё гэта мусіць стацца; але гэта яшчэ не кане́ц.
 
Таксама дачуецеся пра войны і пагалоскі пра войны; глядзеце, ня трывожцеся, бо належыць усяму таму быць; але гэта яшчэ не канец.

Бо паўста́не народ на народ і царства на царства; і будуць галады́, мо́ры і зямлітрасе́ньні па мясцох.
 
Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы і землятрусы мясцамі.

Усё-ж гэнае — пачатак го́ра.
 
Але гэта ўсё — пачатак скрухі.

Тады будуць выдаваць вас на мукі й забіваць вас; і зьненавідзяць вас усе́ народы за імя Маё.
 
Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў за імя Маё.

І тады спаку́сяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго.
 
І тады спакусяцца шматлікія, і адзін аднаго будуць выдаваць, і ненавідзець адзін аднаго.

І многія фальшывыя прарокі паўстануць і многіх падмануць.
 
І шмат фальшывых прарокаў паўстане і спакусяць многіх.

І ад памнажэньня грэху шмат у каго асьцюдзяне́е любоў.
 
І ад пашырэньня беззаконьня выгасьне любоў.

Хто-ж вы́трывае да канца, спасе́цца.
 
Хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе.

І абвяшчаць будуць Эвангельле царства па ўсім сьве́це дзеля сьвядоцтва ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
 
І абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьветчаньня ўсім народам, і тады прыйдзе канец.

Дык вось, калі ўбачыце агіду спусташэньня, аб якой сказаў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым ме́сцы, (чытаючы няхай разуме́е):
 
Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніель, якая паўстане на сьвятым месцы (хто чытае, няхай разумее).

тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у го́ры;
 
— Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы.

і хто на страсе́, той няхай ня зыходзіць узяць што-небудзь з дому свайго.
 
А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго.

І хто ў полі, той няхай не варо́чаецца назад узяць вопратку сваю.
 
І хто на полі, няхай не варачаецца назад узяць адзеньне сваё.

Го́ра-ж цяжа́рным і кормячым грудзьмі ў тыя дні.
 
Гора-ж цяжарным і карміцелькам грудзьмі у дні тыя.

Мале́цеся-ж, каб ня прышлося ўцякаць вам зімою, ці ў суботу.
 
Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу.

Бо тады будзе вялікая туга́, якой ня было ад пачатку сьве́ту аж дагэтуль і ня будзе.
 
Бо тады будзе скруха вялікая, якой не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.

І калі-б не скарацíліся тыя дні, то не спаслося-б ніводнае це́ла: але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
 
І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўратавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

Тады, калі хто скажа вам: вось тут Хрыстос, ці там, — ня ве́рце.
 
Тады, калі хто скажа вам: — вось тут Хрыстос, ці там — ня верце.

Бо паўстануць фальшывыя Хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знаме́ньні і цуды, каб падману́ць, калі магчы́ма, і выбраных.
 
Бо падстануць ілжывыя Хрысты і фальшывыя прарокі ды пакажуць вялікія знаменьні і цуды, каб зманіць, калі магчыма, і выбраных.

Вось Я напе́рад сказаў вам.
 
Вось Я наўперад сказаў вам.

Дык, калі скажуць вам: вось Ён у пустыні, — ня выходзьце; вось Ён у пакоях, — ня ве́рце.
 
Дык калі скажуць вам: — вось Ён у пустыні — ня выходзьце; — вось Ён схаваны ў доме — ня верце.

Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і відаць да за́хаду, так будзе прыход Сына Чалаве́чага.
 
Бо як маланка зыходзіць з усходу і сьвеціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага.

Бо абы дзе́ быў труп, тамака зьбяруцца і арлы.
 
Бо калі дзе будзе труп, там зьбяруцца і арлы.

І ўраз-жа пасьля тугí дзён гэных сонца зьме́ркне, і ме́сяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры спадуць з не́ба, і сілы нябе́сныя ўзварухнуцца.
 
І зараз-жа па скрусе дзён тых сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры з неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца.

Тады зьявіцца знак Сына Чалаве́чага на не́бе, і тады заплачуць усе́ пляме́ньні зямны́я і ўгле́дзяць Сына Чалаве́чага ідучы на воблаках нябе́сных з сілаю і славаю вялікаю.
 
Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўгледзяць Сына Чалавечага, ідучы на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.

І пашле́ Ангелаў сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябе́с да краю іх.
 
І пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю нябёс да краю іх.

Ад смакоўніцы вазьме́це прыклад: калі галіны яе́ робяцца ўжо мяккімі і пускаюць лісьцё, дык ве́даеце, што блізка ле́та.
 
Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца і выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета.

Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, дык ве́дайце, што блізка пры дзьвярох.
 
Гэтак і вы: калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах.

Запраўды́ кажу вам: не праміне́ род гэты, як усё гэтае ста́нецца.
 
Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, як усё гэта станецца.

Не́ба й зямля́ праміну́ць; але словы Мае́ не праміну́ць.
 
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ве́дае, навет і ангелы нябе́сныя, а толькі Аце́ц Мой адзін.
 
Пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзіны.

Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалаве́чага.
 
Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.

Бо, як у дні перад патопам е́лі, пілі, жаніліся й ішлі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у карабе́ль,
 
Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, да таго дня, як ўвайшоў Ной у карабель.

і ня думалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: так будзе і ў прыход Сына Чалаве́чага.
 
І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.

Тады будуць у полі двое: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
 
Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца.

Дзьве́ ме́лючыя ў жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.
 
Будуць дзьве пры жарнах малоць — адна бярэцца, а другая пакідаецца.

Дык ня сьпіце, бо ня ве́даеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
 
Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.

Вам жа тое вядома, што, калі-б ве́даў гаспадар дому, у якую ва́рту прыйдзе злодзей, дык ня спаў-бы і ня даў-бы падкапа́цца пад дом свой.
 
Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу прыйдзе злодзей, то ня спаў-бы і ня даў-бы падкапацца пад дом свой.

Дзеля гэтага і вы будзьце гатовы; бо Сын Чалаве́чы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
 
Дзеля таго і будзьце гатовы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы.

Хто-ж ве́рны й разумны раб, што яго гаспадар паставіў над слу́гамі сваімі, каб даваць ім у пару́ е́сьці?
 
Хто-ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў у дамоўстве сваім, выдаваць ежу ім у сваім часе.

Шчасьлівы той слуга́, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.
 
Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы добра.

Запраўды́ кажу вам, што над ўсе́ю мае́масьцяй сваёй паставіць его.
 
Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго.

Калі-ж гэны благі слуга́ скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой,
 
Калі-ж благі слуга скажа ў сэрцы сваім: — марудзіць прыйсці гаспадар мой; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці і піць з п’яніцамі —

і пачне́ біць сяброў сваіх ды е́сьці й піць з п’яніцамі,
 
Дык прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае.

то прыйдзе гаспадар слугí таго ў дзе́нь, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае,
 
І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.

і адлучыць яго і пакладзе́ яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыго́т зубоў.