Псалтыр 25 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Псальм Давідавы. Да Цябе, Госпадзе, узьнімаю я душу маю.
 
Псальм Давідавы. Да Цябе, Ягова, узьнімаю я душу́ маю.

Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай жа мяне асароміць, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
 
Божа мой! На Цябе спадзяюся я. Ня дай мяне асароміць! Ня дай ворагам маім быць пераможцамі нада мною!

Бо-ж ніколі ня будуць асаромлены ўсе, што на Цябе спадзяюцца; асаромлены будуць тыя, што адступаюцца без дай прычыны.
 
І ўсе, хто спадзяецца на Цябе, ня будуць асаромлены. Асаромлены будуць тыя, якія бяз дай прычыны робяць няверныя ўчынкі.

Госпадзе, пакажы мне шляхі Тваі, навучы, дзе сьцежкі Твае.
 
Пакажы мне, Ягова, дарогі Твае. Навучы мяне сьцежкам Тваім.

Дай мне хадзіці ў праўдзе Тваёй і навучы; бо Ты ёсьць Бог, Які мяне ўспамагае: на Цябе спадзяюся заўсёды.
 
Дай мне хадзіць у Праўдзе Тваёй і вучы мяне, бо Ты ёсьць Бог выратаваньня майго. На Цябе я спадзяюся штодня.

Прыпомні аб міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе, ды аб ласках Тваіх, бо яны ад вякоў.
 
Успомні шчадроты Твае, Ягова, і міласэрнасьць Тваю, бо яны ёсьць спрадвеку.

Аб грахох моладасьці маёй ды аб праступках маіх не ўспамінай: успомні аба мне паводле ласкавасьці Тваёй, паводле дабраты Тваёй, Госпадзе!
 
Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх ня ўспамінай. Паводля міласэрнасьці Тваёй успомні Ты мяне — паводля Тваёй дабрыні, Ягова!

Госпад добры й справядлівы, дык паказуе дарогу грэшнікам.
 
Добры і справядлівы ёсьць Ягова. Таму Ён паказвае грэшнікам дарогу.

Ён вядзе пакорных да праўды і ўбогім сьцежкі Свае паказуе.
 
Пакорлівых Ён водзіць у праўдзе і вучыць пакорлівых шляху Свайму.

Усе шляхі Гасподнія — ласка ды праўда для тых, што заховываюць запаведзь Яго і аб’явы Ягоныя.
 
Усе шляхі Яговы ёсьць міласэрнасьць і праўда для тых, хто трымаецца Ягонага Запавету і Ягоных сьведчаньняў.

Дзеля іменьня Твайго, Госпадзе, даруй мне віну маю, бо-ж надта яна вялікая!
 
Дзеля Імя Твайго, Ягова, даруй грэх мой, бо ён вялікі.

Хто ёсьць чалавек, што Госпада баіцца? Яму Ён пакажа дарогу, якую выбраць яму.
 
Хто ёсьць чалавек, які баіцца Яговы? Яму пакажа Ён шлях, які трэба яму абраць.

Душа яго бытаваціме ў шчасьці, а насеньне ягонае зямлю ў спадчыну дастане.
 
Душа ягоная будзе жыць у дабры, і насеньне ягонае ўспадкуе зямлю.

Тайна Госпада выяўляецца тым, што баяцца Яго, і запаведзь Сваю ім Ён абвяшчае.
 
Тайная парада Яговы да тых, хто Яго баяцца, і Запавет Свой дае ім знаць.

Вочы мае заўсёды на Госпада ўзіраюцца, бо Ён выцягне з сеці ногі мае.
 
Вочы мае заўсёды да Яговы, бо Ён выцягне ногі мае зь сеткі.

Зірні на мяне і зьлітуйся нада мною, бо адзінокі я й уцісьнёны.
 
Абярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я самотны і прыгнечаны.

Тузе сэрца майго дай прастору і вывядзі мяне з бедаў маіх!
 
Гароты сэрца майго памножыліся, вывядзі мяне зь нягодаў маіх!

Глянь на мукі мае і нядолю маю і даруй мне ўсе грахі мае!
 
Глянь на пакуту маю і зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае.

Глянь на ворагаў маіх, як многа іх, ды як мяне ненавідзяць яны несправядліва!
 
Глянь на ворагаў маіх, бо іх многа, і лютай нянавісьцю яны нянавідзяць мяне.

Захавай душу май і спасі мяне, каб ня быў я асаромлены, бо ў Цябе я шукаю прыпынку.
 
Абарані душу́ маю і вызвалі мяне. Ня дапусьці мне быць асаромленым, бо я ў Цябе шукаю прыпынку.

Няхай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо на Цябе спадзяюся.
 
Хай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо я на Цябе спадзяюся.

О, Божа! Выбаў Ізраіля з усіх бедаў ягоных!
 
Вызвалі, Божа, Ізраэля ад усіх уціскаў ягоных!