Псалтыр 106 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава
Альлілуя!Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі.
Хваліце Ягову! Дзякуйце Ягове, бо Ён ёсьць добры, бо Міласэрнасьць Ягоная трывае вечна.
Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную?
Хто можа магутныя Дзеі Яговы апісаць і абвясьціць усе Чыны Славы Ягонай?
Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць.
Шчасьлівыя тыя, што трымаюцца Права, (і) той, хто чыніць справядлівасьць ва ўсякі час.
Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй,
Спамяні пра мяне, Ягова, пры зычлівасьці да народу Твайго наведай мяне Ратаваньнем Тваім,
каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся!
каб мне ўбачыць дабрабыт выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцю народу Твайго, хваліцца з спадкам Тваім.
Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі.
Саграшылі мы (разам) з ба́цькамі нашымі, рабілі бяспраўе, учынілі бяззаконьне.
Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага.
Ба́цькі нашыя ў Ягіпце ня зразумелі Цудаў Тваіх, ня помнілі мноства Міласэрнасьцяў Тваіх. І яны працівіліся каля мора, мора Чырвонага.
Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю.
Але Ён выратаваў іх дзеля Імені Свайго, каб абвясьціць Магутнасьць Сваю.
Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп.
Пагразіў Ён Чырвонаму мору, і яно высахла. І правёў іх праз глыбіні, як праз пустэльню.
І вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага.
І Ён выратаваў іх з рукі нянавісьніка і вызваліў іх з рукі ворага.
Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся.
І воды накрылі іхных ворагаў. Ніводзін зь іх ня застаўся.
Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму,
Тады яны паверылі Словам Ягоным; і пяялі хвалу Яму.
але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго.
Але яны хутка забыліся Дзеі Ягоныя, ня дачакаліся Парады Ягонай;
Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні.
і яны разгарэліся ў пустэльні пажадай і спакушалі Ўсемагутнага ў пустэльні.
І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх.
І Ён даў ім паводля просьбы іхнай, але паслаў на іхныя душы пошасьць.
І пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму.
І яны пазайздросьцілі ў таба́ры Масею (і) Агарону, сьвятому Яговы.
Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву,
(І) расступілася зямля і праглынула Дата́на і накрыла зборню Авірама.
і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў.
І ўзгарэўся агонь у асяродку іхнай зборні. Полымя зьнішчыла бязбожнікаў.
Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам;
Яны зрабілі маладога быка каля Харыва і пакланіліся літой выяве;
і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ.
і яны памянялі Славу сваю на абраз быка, які жарэ траву.
Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
Яны забыліся Бога, Выратавальніка свайго, Які вялікае ўчыніў у Ягіпце,
цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага.
Цудадзеі ў зямлі Хама, страшное каля Чырвонага мора.
Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць.
І сказаў Ён, што вынішчыць іх. Калі б ня Масей, выбранец Ягоны, які стаў перад Ім у праломе, каб адхіліць Ярасьць Ягоную ад зьнішчэньня.
Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму.
І яны адкінулі пажада́ную зямлю, ня паверылі Ягонаму Слову,
Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада.
і яны наракалі ў буданох сваіх, ня слухалі Голасу Яговы.
Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні
Тады падняў Ён Руку Сваю супраць іх і (пакляўся), што, (сьмяротна) адрыне іх у пустэльні
і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі.
і іхнае насеньне кіне сярод паганаў і іх расьцяру́шыць па землях.
Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых
І яны прыляпіліся да Ваал-Пэора, і яны елі ахвяры мёртвым.
ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор.
І яны правакавалі (Яго) на гнеў учынкамі сваімі, і пляга выбухнула сярод іх.
Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся.
Тады паўстаў Пінхас і ўчыніў суд, і спынілася пляга.
І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі.
І гэта залічана яму ў праведнасьць з роду ды ў род аж на векі вечныя.
Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей.
І яны ўгнявілі (Яго) ля водаў Мэрыбы, і Масей пацярпеў за іх,
Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
бо яны ўпарціліся духу ягонаму, так што ён сказаў няабдумана вуснамі сваімі.
Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў,
Яны ня зьнішчылі народы, пра якія сказаў ім Ягова.
а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся
І яны зьмяшаліся з паганамі і навучыліся іхных справаў.
і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх,
І яны служылі іхным (паганскім) балваном. І тыя сталіся ім сеткай.
бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі
І яны ахвяравалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам.
і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася.
І яны пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх яны ахвяравалі балваном канаанскім. І зямля ад крыві была зьгнюшана.
І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі.
І яны зьнячысьцілі сябе сваімі ўчынкамі, і яны блудадзейнічалі сваімі дзеямі.
І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго.
І ўзгарэўся гнеў Яговы супраць народу Ягонага, і абрыдла Яму спадчына Ягоная.
І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.
І Ён аддаў іх у руку паганаў, і запанавалі над імі іхныя нянавісьнікі;
І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся.
і іхныя ворагі ўціскалі іх, і яны былі прыгнечаны пад рукой тых.
Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё.
Шмат разоў Ён вызваляў іх, але яны былі няўрымсьлівымі са сваімі ра́дамі. І яны былі прыніжаны па прычыне бяззаконьня іхнага.
І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх,
Але Ён зважаў на іхны прыгнёт, калі Ён чуў іхны моцны лямант.
і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую.
І Ён успамінаў Запавет Свой зь імі, І Ён шкадаваў іх паводля збытку Міласэрнасьці Сваёй.
І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі.
І Ён абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто браў іх у палон.
Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца!
Ратуй нас, Ягова, Бог наш, і зьбяры нас з (асяродку) паганаў, каб мы вызнавалі славу Сьвятому Імю Твайму, каб мы хваліліся Славаю Тваёю.
Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!
Хай будзе багаславёны Ягова, Бог Ізраэля, спрадвеку і навечна. І ўвесь народ хай скажа: «Амін.» Хваліце вы Ягову!