Псалтыр 69 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава
Кіраўніку хору: на лад: Лілеі. Псальм Давідавы.
Кіраўніку хору. Паводля мелёдыі «Лілея». Давідавы.
Памажы мне, о Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!
Ратуй мяне, Божа, бо воды дайшлі аж да душы (маёй)!
Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я папаў у глыб водную, і цячэньне мяне залівае.
Я заграз у глыбокім балоце, і няма там дна. Я ўвайшоў у глыбіні водаў, і цячэньне мяне залівае.
Я зьнямогся ад крыку, засохла горла ў мяне; змарыліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
Я зьнямогся ад крыку. Перасохла маё горла. Змарыліся вочы мае, чакаючы Бога майго.
Тых, што мяне бяз віны ненавідзяць, больш, чым валасоў на маёй галаве; больш чысьлены, чым косьці, мае ворагі, што несправядліва мяне перасьледуюць. Чаго не ра-баваў, мушу аддаваці.
Больш, чым валасоў на маёй галаве, ёсьць тых, якія нянавідзяць Мяне бяз прычыны. Шматлікія ёсьць тыя, што хочуць мяне зьнішчыць, якія варагуюць супраць мяне нясправядліва. Чаго я ня рабаваў мушу аддаць.
Божа, Ты ведаеш неразумнасьць маю, і грахі мае ад Цябе не схаваны.
Божа, Ты ведаеш няразумнасьць маю. І вíны мае ад Цябе ня схаваныя.
Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, о Госпадзе, Валадару сілаў нябесных; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!
Мой Госпад, Ягова войскаў! Хай ня будуць пасаромленыя празь мяне тыя, якія на Цябе спадзяюцца. Няхай ня будуць празь мяне пасаромленымі тыя, якія шукаюць Цябе, Бог Ізраэля! —
Бо дзеля Цябе я ганьбу цярплю, і сорамам твар мой пакрыты.
бо дзеля Цябе я нашу́ ганьбу, сорам пакрывае аблічча маё.
Я стаўся чужым для братоў маіх, незнаёмцам для сыноў маткі маёй.
Я стаўся чужым для братоў Маіх і іншаземцам дзеля сыноў маткі Маёй;
Бо рупнасьць аб Дом Твой зжорла мяне, і лаянкі тых, што Цябе зьняважаюць, на мяне папалі.
бо руплівасьць па Доме Тваім пажырае Мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьняважаюць, упалі на Мяне.
Я душу маю пастом марыў, і гэта за ганьбу мне сталася;
Калі я плакаў, і душа мая стагнала ў посьце, і гэта сталася мне за ганьбу.
я валасяніцу ўзьдзеў замест вопраткі і прыповесьцяй стаўся для іх;
І як я апранаюся ў валасяніцу, я станаўлюся прымаўкай для пасьмешышча на языках іхных.
яны абмаўляюць мяне, ля варот пасядаўшы, і прыпеўкі пяюць, віно папіваючы.
Тыя, што сядзяць каля варотаў, гавораць супраць мяне, і я станаўлюся прадметам з’едлівых прымавак п’яніцаў.
Я-ж да Цябе малюся, о Госпадзе, у час спрыяньня Твайго: о Божа, праз веліч ласкі Тваёй пачуй Ты мяне і спасі мяне!
А я, Ягова, малітва мая да Цябе ў час спрыяньня Твайго. Божа, пачуй мяне дзеля вялікай міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды збаўленьня Твайго.
Вырві з балота мяне, каб я не заграз; ратуй ад тых, што мяне ненавідзяць, дый із водных глыбіняў!
Выратуй мяне з багны, каб я ня захлынуўся! Ратуй мяне ад нянавісьнікаў маіх і ад глыбіняў водаў!
Цячэньню водаў ня дай Ты мяне затапіць, ня дай, каб глыб праглынула мяне, каб бяздоньне ляпу сваю нада мной сашчыміла.
Ня дай, каб цячэньне водаў мяне захлынула, і глыбіня мяне праглынула. Хай ня замкне нада мною прорва ляпу сваю.
Пачуй мяне, Госпадзе, бо вялікая ласка Твая! Праз веліч Твайго міласэрдзя зірні на мяне.
Выслухай мяне, Ягова, бо добрая Міласэрнасьць Твая. Праз мноства шчадротаў Тваіх павярніся да мяне!
Ад раба Твайго не хавай Ты аблічча Твайго, бо жах зьнімае мяне; пасьпяшы мяне выслухаць!
І ня хавай Аблічча Твайго ад раба Твайго, бо я ў бядзе. Хутчэй выслухай мяне!
Да душы прыбліжся маёй, ратуй Ты яе; насупраць ворагам маім, вызваль Ты мяне!
Наблізься да душы маёй. Вызвалі яе! Дзеля ворагаў маіх вызвалі мяне.
Ты ведаеш ганьбу маю і мой сорам і зьняважэньне; усе, што мяне перасьледуюць, ёсьць прад Табою.
Ты,Ты ведаеш ганьбу маю і сорам мой, і зьнявагу маю. Перад Табою ўсе прыгнятальнікі мае.
Ганьба разьбіла мне сэрца, дык роспач мяне агартае; чакаў зьмілаваньня, ды ня маю яго, і пацяшыцеляў, ды не знайшоў іх.
Ганьба зламала сэрца маё, і я змогся. Чакаў я спагады, і вось няма яе, і суце́шыцеля, але ня знайшоў.
Замест стравы яны жоўць далі мне; і, калі прагнуў, мяне напаілі воцатам.
І да́лі яны Мне за ежу жоўць і ў смазе Маёй да́лі Мне піць воцат.
Няхай стол іх абернецца ў сетку для іх, і бясьпечнасьць — у сіло.
Няхай стол іхны стане сеткай для іх, і адплатай — сілок.
Няхай ночы зацьмяцца ім, каб ня бачылі сьвету, няхай ім заўсёды лыдкі дрыжаць!
Хай зацемрацца іхныя вочы, каб ня бачыць. І сьцёгны іхныя няхай дрыжаць назаўсёды.
Вылі на іх Ты ярасьць Тваю, і полымя гневу Твайго няхай іх дасягне!
Вылі на іх Ярасьць Тваю, і полымя Гневу Твайго хай дасягне іх.
Няхай апусьцее сяліба іх, няхай ніхто ня жыве ў палатках іхніх!
Селішча іхнае няхай запусьцее; і ў палатках іхных хай ніхто ня жыве.
Бо таго перасьледуюць, каго Сам Ты скараў, бо над мукамі тых пацяшаюцца, каго Ты паражаеш.
Бо таго, каго Ты выцяў, яны перасьле́дуюць, і пра боль Табою параненых яны расказваюць.
Далічы беззаконьне да іх беззаконьня і ня дай Ты ім праўды Тваёй дасягнуць.
Да іхнага бяззаконьня дадай бяззаконьне, і хай яны ня прыйдуць да праведнасьці Тваёй.
Няхай вычыркнуць іх із кнігі жывых і не запішуць разам з пабожнымі.
Няхай яны будуць выцертымі з кнігі жыцьця і хай ня будуць упíсаны са справядлівымі.
Я-ж нешчасьлівы й поўны тугі; Твая помач, о Божа, хай падыме мяне!
А я моцна зга́ньбены. Мне балíць. Твой паратунак, Божа, хай паставіць мяне на нядасягальную вышыню.
Я буду хваліць імя Божае ў песьнях, буду славіць Бога у гімнах.
Я буду славіць Імя Бога ў песьні і буду ўзьвялічаць Яго хваленьнем.
Будзе Госпаду гэта больш даспадобы, чымся бык, вол з рагамі й капытамі.
І будзе гэта даспадобы Ягову болей, чым вол, чым бычок з рагамі і раздвоенымі капыта́мі.
Угледзяць сумныя гэта ды ўцешацца; вы, што шукаеце Бога, хай сэрца вам акрыяе!
Убачаць гэта панíжаныя і узра́дуюцца. Вы, што шукаеце Бога, хай жыве ваша сэрца! —
Бо Госпад слухае ўбогіх і ня грэбуе тымі, што ў няволю папалі.
бо Ягова слухае ўбогіх, і вязьнямі Сваімі Ён ня грэбуе.
Дык няхай Яго хваляць і неба й зямля, і мора ды ўсё, што варушыцца ў ім.
Хай хваляць Яго неба і зямля, моры і ўсё, што рухаецца ў іх,
Бо Госпад збавіць Сыон, адбудуе Ён месты Юдэйскія, і тамака будуць сяліцца ды імі ўладаць.
бо Бог уратуе Сыён і адбудуе месты Юды, каб яны там жылí і валодалі íмі.
І насеньне рабоў Яго ў спадчыну іх атрымае, і той, хто імя Яго любіць, жыць тама будзе.
І насеньне Ягоных рабоў будзе спадкаваць яго. І тыя, што любяць Імя Ягонае, будуць жыць у ім.