Да Галятаў 4 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Кажу-ж: пакуль насьле́днік — дзіця, ён нічым ня розьніцца ад раба́, хаця і гаспадар усяго,
 
Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго:

але ён пад апякунамі і аканомамі аж да вы́значанага айцом часу.
 
ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам.

Гэтак і мы, калі былі дзяцьмі, былі паняволены матэряльнымі зачаткамі сьве́ту;
 
Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету,

калі-ж прыйшла поўня часу, Бог паслаў сына Свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і быў пад законам,
 
а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону,

каб адкупіць тых, што пад законам, каб нам узяць усынаўле́ньне.
 
каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне.

А як вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які галосе: Авва, Ойча!
 
І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ!

Дзеля гэтага ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і насьле́днік Божы праз Хрыста.
 
Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога.

Але тагды, ня ве́даючы Бога, вы служылі тым, што не па прыродзе богі;
 
Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі;

цяпе́р-жа, пазнаўшы Бога, а бале́й — пазнаныя Богам, я́к вы варочаецеся ізноў да бяссільных і бе́дных матэр’яльных зачаткаў, якім хочаце служыць нанова?
 
цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць?

Вы пілнуеце дні, ме́сяцы, часы і годы.
 
Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады.

Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.
 
Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся.

Малю вас, браты, будзьце, як і я; бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне́;
 
Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне;

ве́даеце-ж, што я ў бяссільлі це́ла прапаве́дываў вам Эвангельле пе́ршы раз,
 
вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію,

і вы не пага́рдзілі спакусай мае́й, што ў це́ле маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне́, як Ангела Божага, як Хрыста Ісуса.
 
і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса.

Якое-ж было шчасьце вашае! Сьве́дчу-ж вам, што, калі-б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, аддалі-б вы мне́.
 
Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне.

Дык ці-ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
 
Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам?

Рупяцца аб вас нягодна, а хочуць адлучыць вас, каб вы рупіліся аб іх.
 
дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі.

Добра-ж рупіцца аб добрым заўсёды, а ня толькі, як я прыходжу да вас,
 
Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны,

дзе́ткі мае́, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль ня зно́йдзе абраз свой у вас Хрыстос!
 
сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус.

Хаце́ў бы я цяпе́р быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўме́ньні аб вас.
 
Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах.

Скажэце мне́ вы, што жадаеце быць пад законам: ці-ж вы ня слу́хаеце закону?
 
Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону?

Бо напісана, што Аўраам ме́ў двох сыноў: аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай (Быцьцё 16:15; 21:3).
 
Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае.

Але, каторы ад рабыні, той народжаны водле це́ла, а каторы ад вольнай, той водле прырачэньня.
 
Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання.

Гэта ёсьць інасказ. Бо гэта два запаве́ты: адзін ад гары Сынайскае, што родзіць на рабства, якое ёсьць Ага́ра;
 
Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар;

бо Ага́ра ёсьць гара́ Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузаліму, ды з дзяцьмі сваімі ў рабстве;
 
а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі;

а вышэйшы Ерузалім свабодны, які ёсьць маці ўсім нам.
 
вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам.

Бо напісана: Узьвесяліся, няплодная, якая не раджа́еш; загука́й і загаласі ты, якая ня мучылася, родзячы. Бо ў пакіненай шмат бале́й дзяце́й, чымся ў маючай мужа (Ісая 54:1).
 
Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа!

Мы-ж, браты, — водле Ізаака, дзе́ці прырачэньня.
 
Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання.

Але, як тагды́ народжаны водле це́ла перасьле́даваў таго, што водле духа, гэтак і цяпе́р.
 
Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер.

Што-ж кажа Пісаньне? Вы́жані рабыню і сына яе́, бо сын рабыні ня будзе насьле́днікам разам з сынам свабоднай (Быцьцё 21:10).
 
Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае.

Вось-жа, браты, мы дзе́ці не рабыні, а свабоднай.
 
Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.