Да Галятаў 4 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Дык кажу вам: пакуль спадкаемца дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад слугі, хоць ён і гаспадар над усім,
 
Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго:

але падпарадкоўваецца да вызначанага айцом часу апекунам і распарадчыкам.
 
ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам.

Так і мы, пакуль былі дзецьмі, служылі стыхіям свету.
 
Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету,

Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону,
 
а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону,

каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне.
 
каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне.

А паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына свайго, які ўсклікае: «Абба, Ойча!»
 
І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ!

Таму ты ўжо не слуга, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы.
 
Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога.

Але тады, калі не ведалі вы Бога, вы служылі тым, якія па сутнасці не былі багамі.
 
Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі;

Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і марных стыхіяў, якім зноў хочаце служыць?
 
цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць?

Вы зважаеце на дні, месяцы, часы і гады.
 
Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады.

Баюся, ці не дарма я працаваў для вас?
 
Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся.

Браты, прашу вас, будзьце такімі, як я, бо і я такі, як вы. Вы мяне нічым не пакрыўдзілі.
 
Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне;

Ведаеце, што першы раз я абвяшчаў вам Евангелле, калі быў хворы.
 
вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію,

У выпрабаванні вашым з прычыны маёй хваробы вы не адкінулі мяне, але прынялі як Божага анёла, як Езуса Хрыста.
 
і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса.

Дык дзе ж вашая радасць? Сведчу вам, што калі б было можна, вы вырвалі б свае вочы і аддалі мне.
 
Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне.

Ці ж я стаў для вас ворагам, кажучы вам праўду?
 
Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам?

Яны рупяцца аб вас не з добрых меркаванняў, але хочуць адлучыць вас ад мяне, каб вы рупіліся аб іх.
 
дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі.

Добра ж рупіцца аб добрым заўсёды, а не толькі тады, калі я прысутны сярод вас.
 
Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны,

Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас.
 
сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус.

Хацеў бы быць у вас цяпер і змяніць мой голас, бо сам не ведаю, што з вамі рабіць.
 
Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах.

Скажыце мне, вы, якія хочаце жыць пад Законам, ці ж вы не чуеце Закону?
 
Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону?

Напісана, што ў Абрагама было два сыны: адзін ад нявольніцы, другі ад свабоднай.
 
Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае.

Але той, што ад нявольніцы, нарадзіўся паводле цела, а той, што ад свабоднай — з абяцання.
 
Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання.

У гэтым ёсць алегорыя: гэта два запаветы. Адзін, на гары Сінай, які нараджае для няволі, — гэта Агар.
 
Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар;

Бо Агар — гэта гара Сінай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузалему, таму што ён зняволены са сваімі сынамі.
 
а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі;

А Ерузалем, што ўгары, свабодны, ён — нашая маці.
 
вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам.

Бо напісана: «Узвесяліся, бясплодная, што не нараджала; усклікні і закрычы, якая не цярпела родаў, таму што ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, што мае мужа».
 
Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа!

Вы ж, браты, так як Ісаак, дзеці абяцання.
 
Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання.

Але як і тады той, што нарадзіўся паводле цела, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер.
 
Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер.

А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам свабоднай».
 
Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае.

Таму, браты, мы дзеці не нявольніцы, але свабоднай.
 
Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.