Да Галятаў 4 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Але я кажу: на ўвесь час, пакуль спадкаемец зьяўляецца няпаўналетнім, ён нічым ня адрозьніваецца ад раба, хаця і зьяўляецца гаспадаром усяго;
 
Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго:

але пад апякунамі і аканомамі ён знаходзіцца аж да тзрміна, які вызначыў бацька.
 
ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам.

Гэтак і мы, пакуль былí дзяцьмі, былі паняволены стыхіямі гэтага сьвету;
 
Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету,

а як прыйшла паўната часу, дык паслаў Бог Сына Свайго, Які быў народжаны ад жанчыны і стаў пад Законам,
 
а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону,

каб адкупіць тых, што пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне.
 
каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне.

І таму, што вы — сыны, дык паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы вашыя, Які галосе: «Абба, Та́тачка!»
 
І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ!

Так што ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і спадкаемец Бога праз Хрыста.
 
Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога.

Але тады, калі яшчэ ня ведалі Бога, вы служылі тым, якія ў сапраўднасьці ня богі.
 
Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі;

Але цяпер пазнаўшы Бога, а лепей: пазнаныя Богам, навошта ізноў навяртаецеся да немачных і бедных стыхіяў, якім ізноў нанава хочаце служыць?
 
цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць?

Вы пільнуецеся дней і месяцаў, і часоў, і гадоў.
 
Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады.

Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.
 
Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся.

Прашу вас, браты, будзьце як я, таму што і я, як вы. Вы нічым мяне ня пакрыўдзілі:
 
Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне;

Вы ведаеце, што ў мінулы раз я абвясьціў вам Эвангельле ў немачы цела,
 
вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію,

і вы ня пагрэбавалі і ня пага́рдзілі мною пры выпрабаваньні маім у целе маім, але прынялі мяне, як Ангела Бога, як Хрыста Ісуса.
 
і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса.

Як жа вы былі шчасьлівымі! І сьведчу вам, што, калі б гэта было магчымым, вы бы, вырваўшы вочы свае, адда́лі б іх мне.
 
Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне.

Дык няўжо я стаў вашым ворагам, ка́жучы вам праўду?
 
Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам?

Рупяцца аб вас ня з добрым (намерам), але хочуць вас адвярнуць, каб вы ру́піліся аб іх.
 
дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі.

Ле́пей для вас ру́піцца аб добрым заўсёды, а ня толькі ў маёй прысутнасьці ў вас.
 
Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны,

Дзеткі мае, з-за якіх я ізноў цярплю мукі нараджэньня, пакуль ня будзе выяўлены ў вас Хрыстос!
 
сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус.

Хацеў бы я быць зараз у вас і зьмяніць голас мой, таму што я ў разгубленасьці аб вас.
 
Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах.

Скажэце мне тыя, што хочаце жыць пад Законам: хіба́ вы Закону ня слухаецеся?
 
Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону?

Бо напісана: Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад рабыні і аднаго ад вольнай.
 
Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае.

Але, які ад рабыні, той народжаны па целу; а які ад вольнай — праз абяцаньне.
 
Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання.

Гэта ёсьць алегарычнае выказваньне. Бо гэта ёсьць два Запаветы: адзін — ад гары Сінай, які нараджае ў рабства, і які ёсьць Ага́ра,
 
Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар;

бо Ага́ра ёсьць гара Сінай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ярузаліму, што знаходзіцца ў рабстве зь дзецьмі сваімі;
 
а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі;

а вышэйшы (нябесны) Ярузалім ёсьць вольны, які ёсьць маткай усім нам.
 
вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам.

Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, якая ня можа нарадзіць; усклікні і закрычы, якая ня мучыцца ад дзетанараджэньня; таму што пакінутая мае многа больш дзяцей, чым тая, што мае мужа».
 
Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа!

Мы ж, браты, паводля Ісаку зьяўляемся дзецьмі абяцаньня.
 
Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання.

Але, як тады той, што народжаны па целу, гнаў таго, што (народжаны) па духу, так і цяпер.
 
Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер.

Але што гаворыць Пісаньне? «Выгані рабыню і сына ейнага, бо ня будзе спадкаемцам сын рабыні разам з сынам вольнай».
 
Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае.

Так што, браты, мы зьяўляемся дзецьмі ня рабыні, але вольнай.
 
Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.