Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Бо гэты Мельхіседэк, цар Саліма, святар Усявышняга Бога, які сустрэў Аўраама, калі той вяртаўся пасля разгрому цароў, і добраславіў яго,
 
Гэты вось Мельхіседэк, кароль Шалему, сьвятар Найвышэйшага Бога, выйшаў на спатканьне Абрагама, які вяртаўся пасьля разгрому каралёў, і паслаў яму багаславенства.

якому Аўраам і аддзяліў дзесяціну ад усяго; ён, па-першае, як перакладаецца яго імя, «цар праведнасці», а пасля і цар Саліма, гэта значыць цар міру;
 
Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго (здабытку). Па-першае, імя яго абазначае валадар справядлівасьці, а потым і кароль Шалему, што значыць: валадар супакою.

без бацькі, без маці, без радаводу, не маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, а ўпадоблены Сыну Божаму, застаецца святаром назаўсёды.
 
Без бацькі, без маці, без радаводу, без пачатку днёў і ня маючы канца жыцьця, ён успадобніўся Сыну Божаму і застаецца сьвятаром на векі.

А бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Аўраам даў дзесяціну з найлепшай здабычы.
 
Дык бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціны з усяго здабытку.

І паколькі носьбіты святарства з сыноў Лявія маюць запаведзь браць паводле закона дзесяціну з народа, гэта значыць са сваіх братоў, хоць яны выйшлі з Аўраамавых сцёгнаў.
 
Ды бач, і тыя, што з сыноў Леві, атрымоўваюць сьвятарства, маюць права браць дзесяціны з народа паводле закону, значыць, ад братоў сваіх, хоць і тыя выводзяцца з роду Абрагама.

Але той, хто не паходзіць з іх роду, узяў дзесяціну з Аўраама і добраславіў таго, хто мае абяцанні.
 
Той жа не залічаўся да іх роду, узяў аднак дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцаньне, пабагаславіў.

А без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца вышэйшым.
 
Без ніякай жа супярэчнасьці, той хто меншы багаславіцца старэйшым.

І тут дзесяціны атрымліваюць людзі, якія паміраюць; а там — той, пра каго засведчана, што ён жыве.
 
Бач, тут людзі сьмяротныя бяруць дзесяціны, а там, як сьведчыцца, той, што жыве.

І, так сказаць, і Лявій, атрымліваючы дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну,
 
А калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну ў асобе Абрагама.

бо ён быў яшчэ ў бацькавых сцёгнах, калі яго сустрэў Мельхіседэк.
 
Вось ён яшчэ быў ва ўлоньні прабацькі, калі Мельхізедэк выйшаў яму насустрач.

Дык калі б дасканаласць дасягалася праз лявіцкае святарства — бо пры ім народ атрымаў закон — то якая яшчэ была патрэба ў тым, каб паўставаў іншы Святар паводле чыну Мельхіседэка, а не называўся, што Ён паводле чыну Аарона?
 
Калі тады дасканаласьць дасягнута была праз сьвятарства Левітаў, народ бо атрымаў закон абапёрты на ім, то пашто было ўстанаўляць яшчэ іншага сьвятара на спосаб Мельхізедэка, а не на ўзор Аарона?

Бо з пераменаю святарства ўзнікае з неабходнасці іперамена закона.
 
Са зменай сьвятарства павінен зьмяніцца і закон.

Бо Той, пра Каго гэта гаворыцца, належаў да іншага племя, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку.
 
Той, пра якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакаленьня, а гэтага роду ніхто не служыў пры аўтары.

Бо вядома, што наш Госпад паходзіць ад Іуды, з племя, адносна якога Маісей нічога не сказаў пра святароў.
 
Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Маісей нічога не казаў аб сьвятарах з гэтага пакаленьня.

І гэта яшчэ больш яскрава відаць, калі па падабенству Мельхіседэка паўстае іншы Святар,
 
Ды яшчэ больш выразным становіцца, калі на спосаб Мельхізедэка выступае іншы сьвятар,

Які стаў не паводле закона цялеснай запаведзі, а з сілы незнішчальнага жыцця.
 
каторы не па волі закона цела стаўся такім, але на моцы нязьменнага жыцьця.

Бо засведчана: «Ты Святар навекі паводле чыну Мельхіседэка».
 
Бо вось прыводзіцца пасьведчаньне аб ім, што "ты сьвятар на векі на спосаб Мельхізедэка".

А адмена папярэдняй запаведзі адбываецца з-за яе слабасці і бескарыснасці,
 
Такім чынам касуецца папярэдні закон дзеля яго кволасьці і бескарыснасьці.

бо закон нічога не ўдасканаліў і ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
 
Нічога бо не давёў той закон да дасканаласьці, але быў аднак уступам лепшай надзеі, праз якую прыбліжаемся да Бога.

І паколькі гэта было не без клятвы: бо тыя сталі святарамі без клятвы,
 
Тым больш, што сталася гэта ня без прысягі, а тыя ж ставаліся сьвятарамі без прысягі,

а Ён з клятваю праз Таго, Хто кажа Яму: «Госпад пакляўся і не раскаецца: «Ты Святар навекі»[паводле чыну Мельхіседэка],
 
а гэты з прысягаю таго, які сказаў яму: "Запрысяг Госпад і не раскаецца: Ты сьвятар на векі вечныя".

паколькі і парукаю лепшага запавету стаў Ісус.
 
Вось чаму Езус стаў Паручыцелем лепшае ўгоды (запавету).

І тых святароў было многа, бо смерць не дапускалазаставацца аднаму.
 
І калі так многа ставалася сьвятарамі, таму што сьмерць спыняла іх існаваньне.

Ён жа, таму што застаецца вечна, мае святарства непераходнае.
 
а гэты, таму, што трывае век, мае вечнае сьвятарства.

Таму Ён і можа заўсёды ратаваць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
 
Дзеля таго і збаўляцць можа ён вечна прыступаючых праз Яго да Бога. Ён вечна жывы, каб век за нас заступацца.

Бо такі і павінен быць у нас Першасвятар: святы, вольны ад зла, беззаганны, аддзелены ад грэшнікаў і ўзвышаны па-над нябёсы,
 
Такога вось належылася мець нам Архісьвятара: сьвятога, беззаганнага, беспракуднага, бязгрэшнага і вышэйшага над неба,

Які не мае патрэбы штодзень, як гэтыя першасвятары, спярша за ўласныя грахі прыносіць ахвяры, пасля за грахі народа: бо гэта Ён зрабіў раз і назаўсёды, ахвяраваўшы Самога Сябе.
 
такога, які не павінен, як іншыя архісьвятары складаць што дзень ахвяры перш за свае грахі, а пасьля за грахі народа, бо гэта ён выканаў раз на заўсёды, складаючы (ахвяруючы) на ахвяру самога сябе.

Бо закон ставіць першасвятарамі людзей, у якіх ёсць слабасць, а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навекі дасканалага.
 
Закон бо людскі ўстанавіў архісьвятарамі, людзей кволых, слова ж прысягі дадзенай па надзяленьню закона, устанаўляе Сына дасканалага на векі.