Лукаша 10 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003
Пасля гэтага Госпад прызначыў іншых семдзесят [двух] і паслаў іх па двух перад Сваім абліччам у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці.
Пасля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят два і паслаў іх перад Сабой па двое ў кожны горад і месца, куды меўся пайсці.
І сказаў ім: Жніво вялікае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на Сваё жніво.
І казаў ім: «Жніво вялікае, працаўнікоў мала. Дык прасіце Госпада жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё.
Ідзіце! Вось пасылаю вас, як ягнят паміж ваўкоў.
Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
Не насіце з сабою ні кашалька, ні торбы, ні сандаляў, і нікога ў дарозе не вітайце.
Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані пасталоў ды нікога ў дарозе не вітайце.
І калі ўвойдзеце ў які дом, спярша кажыце: «Мір гэтаму дому».
У які дом увойдзеце, перш скажыце: «Супакой гэтаму дому».
І калі будзе там сын міру, то ваш мір спачне на ім, калі ж не, то на вас вернецца.
І, калі будзе там сын супакою, застанецца на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.
І ў гэтым доме заставайцеся, ядучы і п’ючы, што яны маюць; бо варты работнік сваёй платы. Не пераходзбце з дому ў дом.
У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсць у ім: працаўнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі ў які горад увойдзеце і вас прымуць, ешце, што вам пададуць,
І ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць,
І вылечвайце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Царства Божае».
і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: «Наблізілася да вас Валадарства Божае».
А калі ў які горад увойдзеце і вас не прымуць, то, выйшаўшы на яго вуліцы, скажыце:
А калі ў які горад увойдзеце і не прымуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце:
«Нават пыл, што прыліп да нашых ног з вашага горада, мы страсаем вам; аднак ведайце тое, што наблізілася [да вас] Царства Божае».
«Нават і пыл, што прыліп нам да ног з вашага горада, абтрасаем мы на вас; а ўсё ж такі ведайце, што наблізілася Валадарства Божае».
Кажу вам, што Садому ў той дзень будзе лягчэй, чым таму гораду.
Кажу вам, што лягчэй будзе Садому ў той дзень, чым гораду таму.
Бяда табе, Харадзіне! Бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б дайўно, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся.
Гора табе, Каразін! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, навяртанне чынілі.
Але Тыру і Сідону будзе лягчэй на судзе, чым вам.
Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам.
І ты, Капернауме, ці да неба будзеш узвышаны?19 Да пекла зыдзеш20.
І ты, Кафарнаўм, хіба ты аж да неба ўзнёсся? Дык у пекла будзеш укінуты!
Хто слухае вас, Мяне слухае, а хто вас адкідае, Мяне адкідае, хто ж Мяне адкідае, адкідае Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў».
Вярнуліся ж семдзесят [два] з радасцю, кажучы: Госпадзе, нават дэманы пакараюцца нам у Тваё імя.
Затым з радасцю вярнуліся семдзесят два, кажучы: «Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!»
Ён жа сказаў ім: Бачыў Я Сатану, што, як маланка, спадаў з неба.
І гаворыць ім: «Я бачыў шатана, што падаў з неба, як маланка.
Вось, Я даў21 вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не зашкодзіць вам.
Вось жа, Я даў вам уладу таптаць змеяў і скарпіёнаў ды ўсю варожую сілу; і нішто вам не будзе шкодзіць.
Але не радуйцеся таму, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся, што вашы імёны запісаны ў нябёсах.
Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашыя запісаны на нябёсах».
У гэты самы час Ён узрадаваўся ў Святым Духу і сказаў: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям; так, Татухна, бо такое было Тваё ўпадабненне.
У той час узрадаваўся Ён у Духу Святым і сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе.
Усё22 перададзена Мне Маім Бацькам; і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, акрамя Бацькі, і хто ёсць Бацька — акрамя Сына і таго, каму Сын хоча Яго адкрыць.
Усё дадзена Мне Айцом Маім; і ніхто не ведае, Хто ёсць Сын, толькі Айцец, і Хто ёсць Айцец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы адкрыць».
І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
І, звярнуўшыся да вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасныя вочы, якія бачаць, што вы бачыце.
Бо кажу вам, што шмат прарокаў і цароў хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы, і не ўбачылі, і пачуць, што чуеце вы, і не пачулі.
Бо кажу вам: многія прарокі і цары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі».
І вось устаў адзін законнік і, выпрабоўваючы Яго спытаўся: Настаўніку, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?
І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Настаўнік, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
Ён жа сказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?
А Ісус сказаў яму: «Што напісана ў законе? Як чытаеш?»
Той жа ў адказ сказаў: «Любі Госпада, твайго Бога, усім тваім сэрцам, і ўсёю тваёю душою, і усёю сілай, і ўсім тваім розумам; і твайго блізкага, як самога сябе».
Той, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга твайго, як сябе самога».
Ён жа сказаў яму: Ты правільна адказаў; рабі гэта і будзеш жыць.
Ісус сказаў яму: «Добра ты адказаў; рабі гэтак — і будзеш жыць».
А ён, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Ісус: А хто мой блізкі?
Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?»
Ісус на гэта адказаў: Адзін чалавек спускаўся з Іерусаліма ў Іерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія, раздзеўшы яго і збіўшы, пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія абрабавалі яго і, пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога.
Выпадкам спускаўся тою дарогаю адзін святар і, убачыўшы яго, прайшоў другім бокам.
Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.
Гэтак жа і лявіт, прыйшоўшы на тое месца і ўбачыўшы, прайшоў другім бокам.
Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго.
А адзін самаранін, праязджаючы, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.
А Самаранін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць,
і, падышоўшы, перавязаў яму раны, узліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго.
ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго.
І на другі дзень, выняўшы два дынарыі, даў гаспадару гасцініцы і сказаў: Паклапаціцеся пра Яго, а калі што больш патраціш, я, вяртаючыся, аддам табе.
А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць: «Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе».
Хто з гэтых трох, думаецца табе, быў блізкі таму, што трапіў да разбойнікаў.
Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў да разбойнікаў?»
Ён жа сказаў: Той, хто зрабіў яму ласку. — І Ісус сказаў яму: Ідзі, і ты рабі гэтак.
Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна».
І калі яны ішлі, Ён увайшоў у адно сяло. І адна жанчына, імем Марфа, прыняла Яго [у свой дом].
Калі ж яны ішлі, Ён зайшоў у адно сяленне, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго.
І была ў яе сястра — звалася Марыям, якая прысела ў нагах Ісуса і слухала Яго слова.
І была ў яе сястра на імя Марыя, якая нават села ля ног Госпада і слухала Яго слова.
Марфа ж завіхалася ў многіх паслугах; і, падышоўшы, сказала: Госпадзе, ці ж не абыходзіць Табе, што мая сястра адну мяне пакінула прыслугоўваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла.
Марта ж завіхалася старанна ва ўсякай паслузе, потым спынілася і гаворыць: «Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла».
Але Госпад23 сказаў ёй у адказ: Марфа, Марфа, турбуешся ты і непакоішся пра многае,
І, адказваючы, сказаў ёй Госпад: «Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся,
а ў адным ёсць патрэба: Марыям жа выбрала найлепшую долю, якая не адымецца ў яе.
а адно толькі патрэбна; Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе».