Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

А ў пятнаццаты год кіравання кесара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Іудзеі, а чацвёртаўладальнікам Галілеі быў Ірад, Філіп жа, яго брат, быў чацвёртаўладальнікам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лісаній чацвёртаўладальнікам Авіліны,
 
На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны,

пры першасвятары Ганну і Каіяфе, было слова Божае да Іаана, сына Захарыевана, у пустэльні.
 
пры першасвятарах Анну і Кайфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

І ён прайшоў усё наваколле Іардана, абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
 
І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаіі: «Голас прапаведніка ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі зрабіце Яму сцежкі;
 
як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока: «Голас лямантуючага ў пустыні: рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму.

кожны дол няхай напоўніцца, а кожная гара і пагорак няхай панізяцца, і крывое няхай выпрастаецца, і выбоістыя дарогі стануць гладкімі;
 
Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі,

і ўбачыць кожнае стварэнне выратаванне Божае».
 
і ўбачаць усе канцы свету збаўленне Бога нашага».

Дык ён казаў натоўпам, што выходзілі, каб хрысціцца ў яго: Гадзючыя выпадкі, хто паказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
 
І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто заверыў вас, што ўсцеражэцеся будучага гневу?

Дык стварыце годныя плады пакаяння і не пачынайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узняць дзяцей Аўрааму.
 
Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: «Маем бацьку Абрагама»; кажу вам, што Бог можа з гэтых каменняў падняць сыноў Абрагаму.

Ужо ж і сякера ляжыць пры корані дрэў; дык кожнае дрэва, што добрага плоду не родзіць, ссякаюць і кідаюць у агонь.
 
Ужо вось сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь».

І натоўпы пыталіся ў яго, кажучы: Дык што нам рабіць?
 
Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?»

Ён жа ў адказ ім казаў: Хто мае два хітоны, няхай дасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай гэтак жа зробіць.
 
Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна».

Прыйшлі ж і зборшчыкі падаткаў хрысціцца і сказалі яму: Настаўніку, што нам рабіць?
 
Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»

І ён ім сказаў: Не спаганяйце нічога больш, чым вызначана вам.
 
А ён ім сказаў: «Нічога не рабіце больш таго, што вам прызначана».

Пыталіся ж у яго і воіны, кажучы: А нам што рабіць? — І сказаў ім: Ні ў кога нічога не вымагайце, не даносьце і задавальняйцеся сваёю платаю.
 
Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю».

Калі ж народ чакаў і ўсе разважалі ў сваіх сэрцах пра Іаана, ці не Хрыстос ён,
 
А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос,

Іаан адказаў, кажучы ўсім: Я вадою хрышчу вас; а ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты развязаць раменьчык Яго сандаляў; Ён вас будзе хрысціць Святым Духам і агнём;
 
Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але прыйдзе дужэйшы ад мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём.

у Яго руцэ веялка, каб ачысціць Свой умалот і сабраць пшаніцу ў Сваё сховішча, а мякіну спаліць незгасальным агнём.
 
Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным».

Дык, і шмат у чым іншым настаўляючы, ён дабравесціў народу.
 
Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.

А Ірад, чацвёртаўладнік, выкрываны ім за Ірадыяду, жонку свайго брата, і за ўсё ліхое, што Ірад зрабіў,
 
Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад,

дадаў да ўсяго і тое, што зняволіў Іаана ў турму.
 
дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу.

І сталася: калі хрысціўся ўвесь народ і Ісус, ахрысціўшыся, маліўся, расчынілася неба,
 
І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся, і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,

і зышоў Святы Дух у цялесным выглядзе, як голуб на Яго, і голас з неба пачуўся: Ты Мой Сын Улюбёны, у Табе знайшоў Я задавальненне.
 
і Дух Святы цялесна ў выглядзе галуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне».

А Сам Ісус, пачынаючы Сваё служэнне, меў гадоў каля трыццаці, быў, як думалі, Сын Іосіфаў, Іліеў,
 
Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сына Гэлі,

Матфатаў, Лявіеў, Мялхіеў, Іяннаеў, Іосіфаў,
 
сына Матата, сына Леві, сына Мэльха, сына Яны, сына Язэпа,

Матафіеў, Амосаў, Навумаў, Гесліеў, Нагееў,
 
сына Мататыі, сына Амоса, сына Нагума, сына Эсля, сына Нагі,

Маафаў, Матафіеў, Семяінаў, Іасіхаў, Іадаеў,
 
сына Магата, сына Мататыі, сына Сэмэя, сына Язэха, сына Ёды,

Іаананаў, Рысаеў, Дзарававелеў, Салафіілеў, Нірыеў,
 
сына Яна, сына Рэсы, сына Зарабабэля, сына Салатыэля, сына Нэра,

Мялхіеў, Аддзеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў,
 
сына Мэльха, сына Адыя, сына Касама, сына Эльмадама, сына Эра,

Ісусаў, Эліедзераў, Іарымаў, Матфатаў, Лявіеў,
 
сына Ешуа, сына Эліязара, сына Ярыма, сына Матата, сына Левія,

Сімяонаў, Іудаў, Іосіфаў, Іананаў, Эліякімаў,
 
сына Сімяона, сына Юды, сына Язэпа, сына Ёны, сына Эліякіма,

Меляаеў, Мяннаеў, Матафаеў, Нафанаў, Давідаў,
 
сына Мэлея, сына Мэнны, сына Матата, сына Натана, сына Давіда,

Іессееў, Авідаў, Ваозаў, Салаў, Наасонаў,
 
сына Ясэя, сына Абэда, сына Боаза, сына Салы, сына Нагасона,

Амінадаваў, Адмінаў, Арніеў, Гесромаў, Фарэсаў, Іудаў,
 
сына Амінадаба, сына Адміна, сына Арні, сына Хэцрона, сына Пэрэса, сына Юды,

Іякаваў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фараў, Нахораў,
 
сына Якуба, сына Ізаака, сына Абрагама, сына Тэраха, сына Нахора,

Сярухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Салаў,
 
сына Сэруга, сына Рагава, сына Пэлега, сына Гэбэра, сына Сэлаха,

Каінамаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў,
 
сына Кенана, сына Арпаксада, сына Сэма, сына Ноя, сына Ламэха,

Мафусалаў, Энохаў, Іярэтаў, Малеляілаў, Каінамаў,
 
сына Мэтусалаха, сына Гэноха, сына Ярэда, сына Малаліэля, сына Кенана,

Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.
 
сына Эноса, сына Сэта, сына Адама, сына Божага.