1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003
Напамінаю вам, браты, Дабравесце, якое я абвяшчаў вам, якое вы і прынялі, у якім вы і стаіце,
Прыгадваю вам, браты, Евангелле, якое я вам раней вясціў і якое вы прынялі ды ў якім трываеце,
праз якое вы і ратуецеся, калі трымаецеся слова, якое я абвяшчаў вам, — калі толькі не марна ўверавалі.
і праз якое здабудзеце збаўленне, калі яго захаваеце такім, якім я вясціў вам, інакш уверылі вы надарма.
Бо я перадаў вам перш за ўсё тое, што і атрымаў, — што Хрыстос памёр за нашы грахі згодна з Пісаннямі;
Бо я перш перадаў вам тое, што і я прыняў, што Хрыстос памёр за нашыя грахі паводле Пісання,
і што Ён быў пахаваны, і што Ён уваскрэшаны на трэці дзень згодна з Пісаннямі;
і што быў пахаваны, і што ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
і што Ён з’явіўся Кіфе, потым — дванаццаці;
і што з’явіўся Цэфу, і затым дванаццаці,
потым з’явіўся больш чым пяцістам братам зараз, з якіх большасць дагэтуль жыве, а некаторыя памерлі;
што пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасна; большасць з іх жыве дасюль, некаторыя паўміралі;
потым з’явіўся Іякаву, потым — усім Апосталам;
пасля паказаўся Якубу, пазней усім апосталам,
а апошняму з усіх з’явіўся і мне, быццам неданошанаму.
Бо я найменшы15 з Апосталаў, які няварты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Божую.
Бо я найменшы з апосталаў і няварты называцца апосталам, бо я пераследаваў Царкву Божую.
Але ласкаю Божаю я ёсць тое, што ёсць, і ласка Яго да мяне не стала дарэмнай, наадварот, я болей за ўсіх іх папрацаваў, зрэшты не я, а ласка Божая, што са мною.
Але з ласкі Бога ёсць тым, кім ёсць, ды дадзеная мне ласка Яго не была дарэмнай. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, ды й не я, аднак, але ласка Божая са мною.
Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.
Дык ці я, ці яны, мы так навучаем, каб вы так паверылі.
Але калі прапаведуецца Хрыстос — што Ён уваскрэшаны з мёртвых, — як жа кажуць некаторыя між вас, што няма ўваскрэсення мёртвых?
Калі аб Хрысце прапаведуецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык чаму некаторыя паміж вас кажуць, што няма ўваскрэсення мёртвых?
Калі ж няма ўваскрэсення мёртвых, — то і Хрыстос не ўваскрэшаны;
Калі няма ўваскрэсення мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос.
а калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная тады наша пропаведзь, дарэмная і ваша вера.
А калі Хрыстос не ўваскрос, дык дарэмнае навучанне нашае, ды дарэмная таксама вера вашая.
І таксама мы робімся лжэсведкамі Бога, таму што мы сведчылі супроць Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі сапраўды мёртвыя не ўваскрашаюцца.
А мы аказаліся б фальшывымі сведкамі Бога, бо мы сведчым пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць.
Бо калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, то і Хрыстос не ўваскрэшаны.
Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос.
А калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная ваша вера, вы яшчэ ў вашых грахах.
А калі Хрыстос не ўваскрос, неразумная вера вашая, і вы дасюль застаецеся ў грахах сваіх.
Тады і памерлыя ў Хрысце загінулі.
Дык тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, загінулі.
Калі мы ў гэтым жыцці толькі спадзяёмся на Хрыста — мы найнешчаслівейшыя за ўсіх людзей.
Калі ў гэтым жыцці толькі мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы найнешчаслівейшыя з усіх людзей.
Але цяпер Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых.
Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, першынец пасярод памёршых.
Бо як праз чалавека прыйшла смерць, то праз чалавека і ўваскрэсенне мёртвых.
Бо як праз чалавека смерць, так праз чалавека і ўваскрэсенне з мёртвых;
Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе ажывуць.
бо як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць.
Але кожны ў сваім парадку: першы — Хрыстос, потым тыя, хто Хрыстовы, пры Яго прышэсці,
Але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстос, затым тыя, што Хрыстовы, у час прыйсця Яго;
потым — канец, калі Ён перадасць Царства Богу і Бацьку, калі Ён адменіць усялякае начальства і ўсялякую ўладу і сілу.
потым канец, калі перадасць Ён валадарства Богу і Айцу ды калі знішчыць усякае начальства, усякую ўладу ды моц.
Бо Яму належыць цараваць да тае пары, пакуль Бог не пакладзе ўсіх ворагаў пад Яго ногі.
Бо Яму належыцца валадарыць, аж пакуль не пакладзе пад ногі Свае ўсіх ворагаў.
Як апошні вораг будзе знішчана смерць.
Апошні вораг будзе знішчаны — смерць.
Бо Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі. Калі ж Ён скажа, што ўсё падпарадкавана, — ясна, што за выключэннем Таго, Хто падпарадкаваў Яму ўсё.
Бо ўсё Ён кінуў пад ногі Свае. Калі сказана: «Усё падначалена Яму», то, канешне, акрамя Таго, Хто Яму ўсё падначаліў.
Каліж Яму будзе падпарадкавана ўсё, тады і Сам Сын будзе падпарадкаваны Таму, Хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
А калі ўжо ўсё будзе Яму падначалена, тады і Сам Сын падначаліцца Таму, Хто Яму падначаліў усё, каб Бог быў усім ва ўсіх.
Бо што будуць рабіць тыя, хто хрысціўся дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрашаюцца, навошта яны хрысцяцца дзеля іх?16
Бо што робяць тыя, што прымаюць хрост дзеля памёршых? Калі памёршыя наогул не ўваскрасаюць, дык нашто прымаюць хрост дзеля іх?
Дзеля чаго і мы кожную гадзіну ў небяспецы?
Дык нашто і мы ставім сябе штохвіліну пад небяспеку?
Я кожны дзень паміраю: спашлюся ў доказ, браты, на вашу пахвалу, якую я маю ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.
Я штодня паміраю, і гэта праз вашае ўхваленне, браты, якое маю ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.
Калі я па-чалавечаму змагаўся са звярамі ў Эфесе, якая мне карысць? Калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, будзем есці і піць, бо заўтра памром!
Калі я толькі як чалавек у Эфесе змагаўся з дзікімі звярамі, што мне з таго? Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык будзем есці і піць, бо заўтра памром.
Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя норавы.
Не падманвайце сябе: «Ліхія сходы псуюць добрыя звычаі».
Працверазіцеся праведна, і не грашыце, бо некаторыя з вас не ведаюць Бога: на сорам вам кажу.
Ацверазіцеся як след і перастаньце грашыць! Бо ёсць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. На сорам вам кажу.
Але хто-небудзь скажа: «Як уваскрашаюцца мёртвыя? І ў якім целе яны прыходзяць?»
Але скажа нехта: «А як памёршыя ўваскрасаюць? У якім целе прыходзяць яны?»
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажывае, калі не памрэ;
О неразумны! Дык жа тое, што ты сееш, не ажыве, калі перш не памрэ.
і тое, што ты сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, а як звычайнае зерне, быць можа, пшанічнае ці якое іншае.
І тое, што сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, але як звычайнае зерне, скажам, пшанічнае або якое другое.
А Бог дае яму цела такое, якое Ён захацеў, і кожнаму зярняці — яго ўласнае цела.
Але Бог дае яму такое цела, якое захацеў; і кожнаму насенню сваё ўласнае цела.
Не ўсякае цела — тое самае цела, а адно — у людзей, другое цела — у жывёлы, іншае цела — у птушак, яшчэ іншае — у рыб.
Не кожнае цела тое самае, але адно ў людзей, іншае ў быдла, а яшчэ іншае ў птушак, ды іншае ў рыб.
І ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але ў нябесных слава адна, а ў зямных — іншая.
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але адна слава нябесных, іншая зямных.
Іншая слава ў сонца, і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
І адна светласць сонца, а іншая светласць месяца, ды іншая светласць зорак; і зорка ад зоркі розніцца светласцю.
Так і ўваскрэсенне мёртвых. Сеецца ў тленні — уваскрашаецца ў нятленні;
Падобна і з уваскрэсеннем мёртвых: сеецца на знішчэнне, а ўваскрасае ў незнішчальнасці;
сеецца ў ганьбе — уваскрашаецца ў славе; сеецца ў слабасці — уваскрашаецца ў сіле;
сеецца ў паніжэнні, а ўваскрасае ў славе; сеецца ў кволасці, а ўваскрасае ў моцы;
сеецца цела душэўнае — уваскрашаецца цела духоўнае. Калі ёсць цела душэўнае, ёсць і духоўнае.
сеецца цела душэўнае, а паўстае цела духоўнае. Калі ёсць цела душэўнае, дык ёсць і духоўнае.
Так і напісана: «Першы чалавек, Адам, стаў жывою душою»; апошні Адам ёсць жыватворны дух.
Так вось і напісана: «Стаўся першы чалавек, Адам, жывою душою», а апошні Адам — Духам жыватворчым.
Але не духоўнае першае, а душэўнае, потым духоўнае.
Аднак перш не тое, што духоўнае, але тое, што душэўнае; духоўнае ж потым.
Першы чалавек — з зямлі, гліняны; другі Чалавек — [Госпад] з неба.
Першы чалавек з зямлі, зямны, другі чалавек — з неба.
Які гліняны, такія і гліняныя, і які Нябесны, такія і нябесныя;
Які зямны, такія і зямныя; які нябесны, такія і нябесныя,
і як мы насілі вобраз глінянага, так будзем насіць і вобраз Нябеснага.
і як насілі мы вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага.
Але што вам скажу, браты, што цела і кроў атрымаць у спадчыну Царства Божага не могуць, і тленне не можа мець спадчыны ў нятленні.
Кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць успадкаеміць Валадарства Божага, ды тое, што знішчальнае, не можа мець спадчыны ў незнішчальным.
Вось кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе зменімся,
Вось кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,
ураз, у імгненне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць яна, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, і мы зменімся.
адразу, імгненна, на гук апошняй трубы; бо затрубіць, і паўстануць памёршыя незнішчальнымі, і мы будзем пераменены.
Бо патрэбна, каб гэтае тленнае апранулася ў нятленне, і гэтае смяротнае апранулася ў бессмяротнасць.
Бо трэба, каб тое, што знішчальнае, прыадзелася ў незнішчальнасць, і смяротнае прыадзелася ў несмяротнасць.
І калі гэтае тленнае апранецца ў нятленне, і гэтае смяротнае апранецца ў бессмяротнасць, тады спраўдзіцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць».
А калі ўжо гэтае знішчальнае прыадзенецца ў незнішчальнасць, і смяротнае гэтае прыадзенецца ў несмяротнасць, тады збудуцца напісаныя словы: «Паглынулася смерць перамогаю.
Дзе, смерць, твая перамога? Дзе, смерць, тваё джала?17
Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
Джала ж смерці — грэх, а сіла граху — закон;
Джала смерці — грэх, а сіла граху — закон.
але падзяка Богу, Які дае нам перамогу праз нашага Госпада Ісуса Хрыста.
Богу ж падзяка, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дык, браты мае ўлюбёныя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, маючы заўсёды поспех у рабоце Гасподняй, ведаючы, што ваша праца не марная ў Госпадзе.
Дзеля таго, браты мае ўлюбёныя, будзьце стойкімі, непахіснымі, заўсёды рупліва занятыя справай Госпада, ведаючы, што праца ваша не будзе дарэмнай перад Госпадам.