Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Пасля гэтага Ісус пайшоў на той бок Галілейскага, ці Тыверыядскага, мора.
Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галіле́йскага, Тывэрыядзкага.
А ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп, бо бачылі Яго знакі, якія рабіў над хворымі.
І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён рабіў з хворымі.
Ісус жа ўзышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
І ўзыйшоў Ісус на гару́ і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
А была блізка Пасха, іудзейскае свята.
А блізка была Пасха, сьвята жыдоўскае.
Калі Ісус узняў вочы і ўбачыў, што да Яго ідзе вялікі натоўп, кажа Філіпу: Дзе б нам купіць хлябоў, каб яны паелі?
Ісус, падняўшы вочы і ўгле́дзіўшы, што многа народу йдзе́ да Яго, кажа Піліпу: дзе́ нам купіць хле́ба, каб іх накарміць?
А казаў Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што збіраўся рабіць.
Казаў жа Ён гэта выве́дываючы ў яго, бо Сам ве́даў, што хаце́ў зрабіць.
Філіп адказаў Яму: На дзвесце дынарыяў не стане ім хлеба, каб кожны атрымаў хоць трошкі.
Піліп адказаў Яму: ім на дзьве́сьці дынараў мала будзе хле́ба, каб кожнаму з іх даста́лася хоць па крысе́.
Адзін з Яго вучняў, Андрэй, брат Сімана Пятра, кажа Яму:
Адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму:
Ёсць тут [адзін] хлапец, што мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбкі; але што гэта на такое мноства?
Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хле́баў ячменных і дзьве́ рыбы; але што гэта для такога множства?
Ісус адказаў: Скажыце людзям узлегчы. — А было на тым месцы шмат травы. Дык узлягло мужчын лікам каля пяці тысяч.
Ісус сказаў: скажэце ім пасяда́ць. Была-ж на тым ме́сцы густая трава. І вось пасяда́лі людзі лікам да пяцёх тысячаў.
Тады Ісус узяў хлябы і, уздаўшы падзяку, раздаў [вучням, а вучні ж] тым, што ўзлягалі, таксама і рыбак, колькі яны хацелі.
І ўзяў Ісус хле́бы і, аддаўшы хвалу́, раздаў вучням, вучні сядзе́ўшым, так сама і рыбы, колькі хто хаце́ў.
А калі пад’елі яны, Ён кажа Сваім вучням: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала.
І, як насыціліся, сказаў вучням сваім: зьбярэце астаўшыяся кускі, каб нічога не прапала.
Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, хто еў.
І сабралі й напоўнілі дванаццаць карабоў кускамі ад пяцёх ячме́нных хле́баў, што асталіся ў е́ўшых.
Тады людзі, убачыўшы знак, які зрабіў Ён15, казалі: Гэта сапраўды Прарок, Які павінен прыйсці ў свет.
Людзі-ж, што бачылі цуд, зроблены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што йдзе ў сьве́т.
Ісус жа, даведаўшыся, што рыхтуюцца прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць царом, зноў пайшоў на гару адзін.
Ісус жа, ве́даючы, што хочуць не́ўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць царом, ізноў адыйшоўся на гару адзін.
А як надышоў вечар, Яго вучні спусціліся да мора
Калі настаў ве́чар, то вучні Яго зыйшлі да мора
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. І ўжо сцямнела, а Ісус яшчэ не прыходзіў да іх.
і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капэрнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыходзіў да іх.
І мора ўзбурылася, бо дзьмуў моцны вецер.
Дуў моцны ве́цер, і мора хвалява́лася.
Тады, праплыўшы стадый з дваццаць пяць ці з трыццаць, яны ўбачылі, што Ісус ідзе па моры і набліжаецца да лодкі, і спалохаліся.
Праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, яны ўба́чылі Ісуса ідучы па моры і ўжо недалёка ад чаўна́ і спалохаліся.
Ён жа кажа ім: Гэта Я; не бойцеся.
Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!
Тады яны хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз жа апынулася каля берага, да якога яны плылі.
Яны захаце́лі ўзяць Яго ў човен, і зараз-жа човен прыстаў да бе́рагу, куды плылі.
На другі дзень натоўп, што стаяў на тым баку мора, бачыў, што другой лодкі, апроч адной, там не было і што Ісус не ўваходзіў у лодку са Сваімі вучнямі, а Яго вучні адплылі адны.
Назаўтрае народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было другога чаўна́, апрача аднаго, у які ўвашлі вучні Яго, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго,
А з Тыверыяды прыйшлі іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб пасля Гасподняй падзякі.
другія-ж чаўны прыйшлі з Тывэрыяды, непадалёк ад таго ме́сца, дзе́ е́лі хле́б на багаслаўле́ньне Госпада;
Калі ж натоўп убачыў, што ні Ісуса там няма, ні Яго вучняў, яны ўвайшлі ў лодкі і прыехалі ў Капернаум, шукаючы Ісуса.
вось-жа, калі народ угле́дзіў, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі ў човен і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса,
І, знайшоўшы Яго на тым баку мора, спыталіся ў Яго: Равві, калі Ты сюды прыбыў?
і, знайшоўшы Яго на тым баку мо́ра, сказалі Яму: Равві: калі Ты сюды прыйшоў?
У адказ ім Ісус сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што паелі хлябоў і наеліся.
І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу вам: шукаеце Мяне́ не затым, што бачылі цуд, але затым, што е́лі хле́б і насыціліся;
Працуйце не дзеля спажывы, што гіне, а дзеля спажывы, што застаецца на вечнае жыццё, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо Яго адзначыў Сваёю пячаткаю Бацька, Бог.
працуйце-ж не дзеля е́жы, што зьніштажа́ецца, але дзе́ля е́жы, што астае́цца ў жыцьцё ве́чнае, якое дасьць вам Сын Чалаве́чы, бо на Ім паклаў пячаць Сваю Аце́ц Бог.
Тады яны спыталіся ў Яго: Што нам рабіць, каб тварыць справы Божыя?
Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць дзе́лы Божыя?
У адказ Ісус сказаў ім: Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
І адказаў ім Ісус і сказаў: вось дзе́лы Бога: каб вы ўве́равалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
Тады яны сказалі Яму: Дык які знак Ты зробіш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты робіш?
Яны-ж сказалі Яму: які-ж Ты дасі знак, каб мы бачылі й паве́рылі Табе́? што Ты чыніш?
Нашы бацькі елі манну ў пустэльні, як напісана: «Хлеб з неба даў ім есці».
Бацькі нашыя е́лі манну ў пустыні і насыціліся, паводле напісанага: «хле́б з не́ба даў ім е́сьці» (Псальм 77:24).
Тады Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Не Маісей даў вам хлеб з неба, а Мой Бацька дае вам праўдзівы хлеб з неба.
Ісус жа сказаў ім: Запраўды́, запраўды́ кажу вам: не Майсе́й даў вам хле́б з не́ба, але Аце́ц Мой дае́ вам праўдзівы хле́б з не́ба;
Бо хлеб Божы ёсць Той, Хто сходзіць з неба і дае жыццё свету.
бо хле́б Божы ёсьць той, што зыходзіць з не́ба і дае́ жыцьцё сьве́ту.
Дык яны сказалі Яму: Госпадзе, давай нам заўсёды гэты хлеб!
Яны-ж сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хле́б.
Ісус сказаў ім: Я — хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць — не зазнае голаду, а хто веруе ў Мяне — не зазнае смагі ніколі.
Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хле́б жыцьця; хто прыходзе да Мяне́, ня будзе галодны, і хто ве́руе ў Мяне́, ня будзе прагнуць ніколі.
Але я сказаў вам, што вы і бачылі [Мяне], ды не верыце.
Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне́, і ня ве́рыце.
Усё, што дае Мне Бацька, да Мяне прыйдзе, і таго, хто да Мяне прыходзіць, я не выганю вон.
Усё, што дае́ Мне́ Аце́ц, да Мяне́ пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзе да Мяне́, ня выганю вон,
Бо Я зышоў з неба не Маю волю тварыць, а волю Таго, Хто паслаў Мяне.
бо Я зыйшоў з не́ба не дзеля таго, каб чыніць Маю́ волю, але волю паслаўшага Мяне́ Айца;
Гэта ж воля Таго, Хто16 паслаў Мяне, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, а ўваскрасіў усё гэта ў апошні дзень.
воля-ж паслаўшага Мяне́ Айца ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне́ даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё гэнае ў апошні дзе́нь;
Бо гэта воля Майго Бацькі17, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыццё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
воля паслаўшага Мяне́ ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і ве́руе ў Яго, ме́ў жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзе́нь.
Тады іудзеі пачалі наракаць на Яго, таму што ён сказаў: «Я — хлеб, што зышоў з неба»,
Жыды ж гудзе́лі проці Яго, што сказаў: Я ёсьць хле́б што з не́ба зыйшоў,
і казалі яны: Ці не Ісус гэта, Іосіфаў сын, бацьку і Маці Якога мы ведаем? Як [жа] Ён цяпер кажа: «Я зышоў з неба»?
і гаварылі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку й матку якога ве́даем? Як жа Ён кажа: Я зыйшоў з не́ба?
Ісус у адказ сказаў ім: Не спрачайцеся між сабою.
Ісус жа адказаў ім і сказаў: ня гудзе́це міжы сабою;
Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Бацька, што паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яго ня прыва́біць Аце́ц, што паслаў Мяне́, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
Напісана ў прарокаў: «І будуць усе навучаны Богам». Кожны, хто ад Бацькі пачуў і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Напісана ў прарокаў: і будуць усе́ навучаны Богам. Кожын, чуючы ад Айца і навучыўшыся, прыходзіць да Мяне́ (Ісая 54:13).
Гэта не значыць, што Бацьку нехта бачыў, толькі Той, Хто ад Бога, Бацьку бачыў.
Не затым, каб не́хта бачыў Айца апрача Таго, хто ад Бога: той бачыў Айца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Той, хто веруе [ў Мяне], мае вечнае жыццё.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё.
Я — хлеб жыцця.
Я хле́б жыцьця.
Вашы бацькі елі ў пустэльні манну і памерлі.
Бацькі вашыя е́лі манну ў пустыні і паўміралі,
Хлеб, што сходзіць з неба, такі, што той, хто есць яго, не памрэ.
хле́б жа, які з не́ба зыхо́дзе, такі, што не памрэ, хто е́сьць яго.
Я — жывы хлеб, што зышоў з неба: калі хто будзе есці гэты хлеб, будзе жыць вечна, і хлеб жа, што Я дам, гэта Цела Маё, [якое Я аддам] за жыццё свету.
Я — хле́б жывы́, што зыйшоў з не́ба: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна. Хле́б жа, які Я дам, ёсьць Це́ла Маё, каторае Я аддам за жыцьцё сьве́ту.
Тады іудзеі спрачаліся між сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці Сваё Цела?
І спрачаліся між сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам е́сьці це́ла Сваё?
Тады Ісус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі вы не будзеце есці Цела Сына Чалавечага і піць Яго Крыві, то не будзеце мець у сабе жыцця.
Ісус жа сказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі ня будзеце е́сьці це́ла Сына Чалаве́чага і піць крыві Яго, то ня будзеце мець у сабе́ жыцьця.
Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, той мае вечнае жыццё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Хто есьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ма́е жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
Бо Маё Цела — сапраўдная18 яда, а Мая Кроў — сапраўднае18 пітво.
Бо це́ла Маё запраўды́ ёсьць е́жа, і кроў Мая запраўды́ ёсьць піта́;
Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, той ува Мне застаецца, і Я ў ім.
і хто е́сьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ува Мне́ ёсьць і Я ў ім.
Як паслаў Мяне жывы Бацька, і Я жыву Бацькам, так і хто Мяне есць, будзе жыць Мною.
Як паслаў Мяне́ жывы Аце́ц, і Я жыву Айцом, так і хто е́сьць Мяне́, жыць будзе Мною;
Гэта — хлеб, што з неба зышоў. Не так, як елі бацькі [вашы манну] і памерлі; хто гэты хлеб есць, будзе жыць вечна.
гэта-ж і ёсьць хле́б, што з не́ба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя е́лі манну і паўміралі: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна.
Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернауме.
Гэтае казаў Ён у школе, навучаючы ў Капэрнауме.
Многія ж з Яго вучняў, пачуўшы гэта, сказалі: Жорсткае гэтае слова; хто можа слухаць яго?
Многія з вучняў Яго, чуючы гэтае, казалі: жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?
Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што Яго вучні наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта вас спакушае?
Ісус жа, ве́даючы ў Сабе́, што вучні Яго гудзяць аб гэтым, сказаў ім: ці гэтае вас спакушае?
А што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, як узыходзіць туды, дзе Ён быў раней?
а як угле́дзіце Сына Чалаве́чага ўзыходзячы туды, дзе́ быў ране́й?
Дух дае жыццё, цела ні ў чым не прыносіць карысці; словы, якія казаў19 Я вам — гэта дух і жыццё.
Дух жы́віць, це́ла-ж нічога ня ва́ртае; сло́вы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё;
Але ёсць некаторыя з вас, што не веруюць. — Бо Ісус ведаў з пачатку, хто не веруе і хто выдасць Яго.
але ёсьць некато́рыя сярод вас, што ня ве́руюць. Бо Ісус напе́рад ве́даў, што ёсьць няве́руючыя, і хто здрадзіць Яго.
І Ён сказаў: Таму Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не будзе дадзена яму ад [Майго] Бацькі.
І сказаў: дзеля гэтага-ж і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яму ня будзе да́дзена Айцом Маім.
З гэтага часу шмат хто з Яго вучняў адышоў і больш з Ім не хадзіў.
З таго часу многія з вучняў Яго пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
Тады Ісус сказаў дванаццаці: Ці не хочаце і вы адысці?
Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьціся?
Сіман Пётр адказаў Яму: Госпадзе, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця,
І адказаў Яму Сымон Пётр: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты ма́еш словы ве́чнага жыцьця;
і мы ўверавалі і пазналі, што Ты Святы Божы20.
і мы паве́рылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
Ісус адказау ім: Ці не Я вас, дванаццаць, выбраў? Ды адзін з вас — д’ябал.
Ісус адказаў ім: ці ня вас дванаццацёх выбраў Я? Але адзін з вас злы дух.
А казаў Ён пра Іуду, сына Сімана, Іскарыёта. Бо гэты збіраўся выдаць Яго, адзін з дванаццаці.
Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хаце́ў прадаць Яго, адзін з дванаццацёх.