1 да Карынфянаў 10 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Бо я не хачу, каб вы не ведалі, браты, што нашы бацькі ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
 
Ня хочу, браты, пакінуць вас у няведанні, што бацькі вашы былі пад хмараю, ды ўсе прайшлі праз мора;

і ўсе ў Маісея былі ахрышчаны ў воблаку і ў моры;
 
і ўсе хрысьціліся ў Майжэшу, ў хмары ды ў моры;

і ўсе елі тую самую духоўную страву;
 
і ўсе спажывалі тую самую пажыву духовую;

і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, што ішла за імі, скала ж была — Хрыстос.
 
ды ўсе пілі тое самае пітво духоўнае, пілі бо з духоўнае скалы, што йшла за імі, а скалою быў Хрыстус.

Але большасць з іх не ўпадабаў Бог; бо яны палеглі ў пустэльні.
 
Аднак шмат ізь іх ня былі Богу даўспадобнымі, таму й заслалі пустыню (Ліч. 26:64).

А гэтыя падзеі сталі прыкладам для нас, каб мы не былі пажадлівыя на ліхое, як захацелі яны.
 
былі гэта прыклады ў перасьцярогу нам, каб мы гэтак не пажадалі благога, як пажадалі яны;

І не рабіцеся ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх; як напісана: «Народ сеў есці і піць, і ўсталі гуляць».
 
каб не рабіліся балванахвальцамі, як некаторыя зь іх, водле напісанага: Засеў народ есьці й піць ды паўстаў гуляць (Выйсь. 32:6).

І не будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх аддаліся распусце, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.
 
Ня будземжа й распуставаць, як некаторыя зь іх распуставалі, і ў вадзін дзень лягло іх дваццаць тры тысячы (Ліч. 25:1−10).

І не будзем выпрабоўваць Госпада, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.
 
Не спакушайма Хрыстуса, як некаторыя зь іх спакушалі дый ад гадаўя пагінулі (Ліч. 21:6).

І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад знішчальніка.
 
Ані не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі дый загінулі з рукі пагубніка (Ліч. 14:37).

А ўсё гэта адбывалася з імі як прыклад, і напісана гэта было для навучання нас, на якіх сышліся канцы вякоў.
 
Усё гэта дзеелася зь імі дзеля прыкладу на будучыню, і напісана дзеля перасьцярогі нас, дажыўшых паўнаты вякоў.

Так што той, хто думае, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.
 
Калі, восьжа, каму здаецца, што ён стаіць — глядзі, каб не ўпаў.

Вас напаткала выпрабаванне не іншае, як чалавечае; і верны Бог, Які не дапусціць, каб вы былі выпрабаваны звыш таго, што вы можаце, а створыць разам з выпрабаваннем і выйсце, каб вы маглі вытрымаць.
 
Вас яшчэ не спасьцігла спакуса панад сілу людзкую; Бог бо верны і не дапусьціць спакусы звыш пераможнасьці вашай, але разам з пакусаю дасьць вам магату вытрымаць.

Таму, улюбёныя мае, уцякайце ад ідалапаклонства.
 
Таму-то, найдаражэйшыя мае, уцякайце ад балванапаклонства.

Кажу як разумным: разважце самі, што кажу.
 
Кажу вам гэта, як разумным; самы зьмяркуйце, што гавару:

Чаша дабраславення, якую мы добраслаўляем, ці не ёсць далучэнне да Крыві Хрыстовай? Хлеб, які ламаем, ці не ёсць далучэнне да Цела Хрыстовага?
 
кіліх дабраслаўленства, які дабраславім, ціж ня ёсьць суспаленнем з Крывёй Хрыстуса? І хлеб, які ломім, ціж ня ёсьць спалучэннем з Целам Хрыстуса?

Таму што адзін хлеб, то мы, многія, — адно цела; бо мы ўсе супольнікі аднаго хлеба.
 
Таму, што адзін хлеб, мы многія становім адно цела, праз тое, што ўсе мы бяром удзел у вадным хлебе (жывячыся ім).

Паглядзіце на Ізраіля паводле цела; ці тыя, хто есць ахвяры, не саўдзельнікі ахвярніка?
 
Гляньце на Ізраэля водле цела: ціж тыя, што спажываюць з ахвяр, ня ёсьць суспольнікамі аўтара?

Дык што я кажу? Ці прынесенае ў ахвяру ідалу ёсць нешта, ці што ідал ёсць нешта?
 
Што гэтым хочу сказаць? Ці тое, што балванаахвяра ёсьць нечым, або — што балван-бажок той нейкая важнасьць?

Не, але тое, што язычнікі прыносяць у ахвяру, прыносяць у ахвяру дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы рабіліся саўдзельнікамі дэманаў.
 
Не! але — тое, што пагане калі ахвяроўваюць, дык нячысьцікам, а ня Богу ахвяроўваюць. А я ня хочу, каб вы былі супольнікамі нячысьцікаў.

Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманаў; не можаце быць удзельнікамі стала Госпада і стала дэманаў.
 
Ня можаце піць кіліха Ўсеспадара й кіліха дэмана: ня можаце быць удзейнікамі стала Ўсеспадара й стала чортавага.

Ці мы выклікаем у Госпада рэўнасць? Ці мы мацнейшыя за Яго?
 
Ціж будзем гнявіць Госпада? Няўжэ мы мацнейшыя за Яго?

Усё [мне] дазваляецца, але не ўсё на карысць; усё [мне] дазваляецца, але не ўсё будуе.
 
Усё мне можна, да ня ўсё карысна; усё мне можна, але ня ўсё будуе.

Няхай ніхто не шукае сваёй карысці, а шукае карысці другога.
 
Ніхто хай ня шукае карысьці яго, але — бліжняга свайго.

Усё, што прадаецца на мясным рынку, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення.
 
Ешце ўсё, што ў мясьніцу прыходзіць, бязь лішняга распытвання дзеля сумлення;

Бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе.
 
Божая бо зямля і ўсё, што яе напаўняе (Пс. 23:1).

Калі хто з бязверных запрашае вас і вы хочаце ісці, то ўсё, што прапануецца вам, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення.
 
Калі хто зь няверных запрашае вас і вы схочаце пайсьці, дык ешце ўсё, што пададуць вам, ня выпытваючы для супакою сумлення.

Але калі хто скажа вам: «Гэта прыносілася ў ахвяру [ідалам]» — не ешце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумлення — [бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе].
 
Але, як хто скажа вам: «Гэта было ахвяроўвана бажком», ня ешце — з увагі на таго, хто перасьцярог вас ды дзеля супакою сумлення;

Сумлення, кажу я, не вашага ўласнага, а другога. Бо навошта мая свабода будзе судзіцца сумленнем другога?
 
пра сумленне кажу не тваё, але другога; чаму бо чужое сумленне мелаб судзіць маю свабоду?

Калі я прымаю што з удзячнасцю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што дзякую?
 
Калі я з падзякаю спажываю, то чамуб мяне ганьбаваць за тое, за што дзякую?

Дык, ці ясце вы, ці п’яце, ці што-небудзь робіце — усё рабіце на славу Божую.
 
Дык ці ясьце, ці п’яце, сі што іншае робіце, ўсё на хвалу Божую рабеце.

Не падавайце спакусы ні іудзеям, ні элінам, ні царкве Божай;
 
Ня будзьце прычынаю згоршання ні Юдэям, ні паганам, ні Божай Эклезіі;

як і я ўсім ва ўсім дагаджаю, шукаючы не сваёй карысці, а карысці многіх, каб яны былі ўратаваны.
 
як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, ня шукаючы для сябе карысьці, але для многіх, каб былі збаўлёнымі.