1 да Карынфянаў 10 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Бо я не хачу, каб вы не ведалі, браты, што нашы бацькі ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора,
Не хачу, браты, каб вы засталіся ў няве́данні, што айцы нашы ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора;
і ўсе ў Маісея былі ахрышчаны ў воблаку і ў моры;
і ўсе хрысціліся ў Маісея ў воблаку і ў моры;
і ўсе елі тую самую духоўную страву;
і ўсе елі тую самую духоўную ежу;
і ўсе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, што ішла за імі, скала ж была — Хрыстос.
і ўсе пілí тое самае духоўнае пітво, бо пілí з духоўнай скалы, якая суправаджа́ла іх; а скалою быў Хрыстос.
Але большасць з іх не ўпадабаў Бог; бо яны палеглі ў пустэльні.
Але не многіх з іх упадабаў Бог, таму яны пале́глі ў пустыні.
А гэтыя падзеі сталі прыкладам для нас, каб мы не былі пажадлівыя на ліхое, як захацелі яны.
А гэта былі правобразы для нас, каб мы не былі ахвочымі да зла, як былі ахвочымі яны.
І не рабіцеся ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх; як напісана: «Народ сеў есці і піць, і ўсталі гуляць».
І не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, пра якіх напісана: «народ сеў есці і піць, і падняўся, каб забаўляцца».
І не будзем рабіць распусты, як некаторыя з іх аддаліся распусце, і ў адзін дзень загінула дваццаць тры тысячы.
І не будзем блудадзейнічаць, як некаторыя з іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
І не будзем выпрабоўваць Госпада, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў.
І не будзем спакушаць Хрыста, як некторыя з іх спакушалі, і загінулі ад змей.
І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад знішчальніка.
І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі, і загінулі ад знішчальніка.
А ўсё гэта адбывалася з імі як прыклад, і напісана гэта было для навучання нас, на якіх сышліся канцы вякоў.
Усё гэта адбывалася з імі як правобразы; а напíсана было́ для настаўлення нам, якіх застала сканчэнне вякоў.
Так што той, хто думае, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці.
Дык вось, хто думае, што ён стаіць, няхай асцерагаецца, каб не ўпа́сці.
Вас напаткала выпрабаванне не іншае, як чалавечае; і верны Бог, Які не дапусціць, каб вы былі выпрабаваны звыш таго, што вы можаце, а створыць разам з выпрабаваннем і выйсце, каб вы маглі вытрымаць.
Вас спасцігла спакуса не яка́я іншая, як чалавечая; і верны Бог, Які не дапу́сціць, каб у вас былí спаку́сы звыш сіл, а пры спакушэ́нні дасць і выйсце, каб вы маглі вы́трываць.
Таму, улюбёныя мае, уцякайце ад ідалапаклонства.
Таму, узлюбленыя мае́, уцякайце ад ідалапаклонства.
Кажу як разумным: разважце самі, што кажу.
Я кажу вам як разумным; самі разважце пра тое, што кажу:
Чаша дабраславення, якую мы добраслаўляем, ці не ёсць далучэнне да Крыві Хрыстовай? Хлеб, які ламаем, ці не ёсць далучэнне да Цела Хрыстовага?
чаша благаславення, якую мы благаслаўляем, — хіба гэта не далучэнне да Крыві Хрыстовай? хлеб, які мы пераламляем, — хіба гэта не далучэнне да Цела Хрыстовага?
Таму што адзін хлеб, то мы, многія, — адно цела; бо мы ўсе супольнікі аднаго хлеба.
Паколькі хлеб адзін, то мы многія — адно цела; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба.
Паглядзіце на Ізраіля паводле цела; ці тыя, хто есць ахвяры, не саўдзельнікі ахвярніка?
Глядзіце на Ізраіль па плоці: тыя, што ядуць ахвяры, — хіба не далучаюцца да ахвярніка?
Дык што я кажу? Ці прынесенае ў ахвяру ідалу ёсць нешта, ці што ідал ёсць нешта?
Дык што я кажу́ ці тое, што ідал нешта значыць, альбо ідалаахвярнае нешта значыць?
Не, але тое, што язычнікі прыносяць у ахвяру, прыносяць у ахвяру дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы рабіліся саўдзельнікамі дэманаў.
Не; а толькі тое, што язычнікі, прыносячы ахвяру, прыносяць яе дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы былí ў лу́чнасці з дэманамі.
Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманаў; не можаце быць удзельнікамі стала Госпада і стала дэманаў.
Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманскую; не можаце быць удзельнікамі трапе́зы Гасподняй і трапе́зы дэманскай.
Ці мы выклікаем у Госпада рэўнасць? Ці мы мацнейшыя за Яго?
Няўжо мы хочам абудзíць рэўнасць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?
Усё [мне] дазваляецца, але не ўсё на карысць; усё [мне] дазваляецца, але не ўсё будуе.
Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але не ўсё настаўляе.
Няхай ніхто не шукае сваёй карысці, а шукае карысці другога.
Няхай ніхто не шукае карысці для сябе, але кожны — для іншага.
Усё, што прадаецца на мясным рынку, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення.
Усё, што прадаецца на рынку, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;
Бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе.
бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.
Калі хто з бязверных запрашае вас і вы хочаце ісці, то ўсё, што прапануецца вам, ешце, нічога не высвятляючы — дзеля спакою сумлення.
Калі хто з няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсці, дык усё, што прапануюць вам, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;
Але калі хто скажа вам: «Гэта прыносілася ў ахвяру [ідалам]» — не ешце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумлення — [бо Гасподняя зямля і тое, што яе напаўняе].
Але калі хто скажа вам: «гэта ідалаахвярнае», — дык не ежце дзеля таго, хто гэта паведаміў, і дзеля спакою сумлення; бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.
Сумлення, кажу я, не вашага ўласнага, а другога. Бо навошта мая свабода будзе судзіцца сумленнем другога?
Пра сумленне ж я кажу не сваё, а іншага; бо навошта, каб маю свабоду судзілі чужым сумленнем?
Калі я прымаю што з удзячнасцю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што дзякую?
Калі я з падзя́каю прымаю ежу, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я ўзношу падзяку?
Дык, ці ясце вы, ці п’яце, ці што-небудзь робіце — усё рабіце на славу Божую.
Дык вось, ці ясце́ вы, ці п’яце́, ці яшчэ што робіце, — усё рабіце на славу Божую.
Не падавайце спакусы ні іудзеям, ні элінам, ні царкве Божай;
Не будзьце прычынаю спакус ні для Іудзеяў, ні для Элінаў, ні для Царквы Божай,
як і я ўсім ва ўсім дагаджаю, шукаючы не сваёй карысці, а карысці многіх, каб яны былі ўратаваны.
як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы карысці не для сябе, а для многіх, каб яны спасліся.