Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў тамака адзін вучань, на імя Цімахвей, сын адной жыдоўскай жанчыны, веручай, а ба́цькі грэка.
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.
Ён засьведчаны братамі, якія (жывуць) у Лістры і Іконі.
Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
Яго Павал зажадаў узяць з сабою; і ўзяўшы абрэзаў яго дзеля жыдоў, што былі ў тых ваколіцах; бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў грэк.
Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.
Калі ж (яны) праходзілі празь месты, перадавалі ім захоўваць пастановы вызначаныя Апосталамі і старшымі ў Ярузаліме.
Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.
І цэрквы крапчэлі ў веры ды ўзраста́лі штодня лікам.
А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.
І прайшоўшы Прыгу і зямлю галятыйскую сустрэлі забарону Сьвятога Духа гаварыць Слова ў Азіі,
Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.
прыйшоўшы да Місі манíліся ісьці ў Бітынію, але ня дапусьціў іх Дух.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.
І прайшоўшы праз Місю яны зыйшлі ў Траа́ду.
І, абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.
І Паўлу было ноччу бачаньне: адзін мужчына, македо́нец які стаяў і ўгаворваў яго і казаў: прыйдзі ў Македо́ню, памажы нам.
І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».
Як жа паба́чыў (ён) гэту зьяву, (мы) ураз жа вырашылі ісьці ў Македоню, сумесна ўразумеўшы, што паклікаў нас Госпад абвяшчаць ім Эвангельле.
Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.
Дык адплыўшы з Траа́ды мы прыплылí проста да Саматра́кі а назаўтрае ў Неа́паль,
І, паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,
адтуль жа ў Піліппы, што ёсьць першае места тае часткі Македоні — калёнія. І былí мы ў гэтым месту некалькі дзён.
і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.
А ў дзень суботы выйшлі (мы) за места да ракі дзе звычайна адбывалася маленьне і, пасеўшы, гутарылі з сабраўшыміся жанчынамі.
І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.
І адна жанчына на імя Ліда таргоўка пархвірай зь места Тыатыры якая шанавала Бога, слухала; і Госпад расчыніў сэрца ейнае каб зважала на прамовы Паўлы.
І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.
Калі ж (яна) была ахрышчана і (таксама) дом ейны, прасіла нас, кажучы: калі (вы) прызна́лі мяне вернай Госпаду дык увайдзеце ў дом мой і жыве́це. І пераканала нас.
А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.
Сталася ж як мы ішлі на малітву адна служанка, якая мела вешчага духа ды варажбой вялікі даход давала гаспадаром сваім, сустрэла нас.
Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.
Яна ідучы за Паўлам і намі крычала, мовячы: Гэтыя людзі — рабы Бога Найвышэйшага; яны абвяшча́юць нам шлях да збаўленьня!
Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»
І рабіла (яна) гэта шмат дзён. І разгневаўшыся Паўла, і павярнуўшыся, сказаў духу: зага́дываю табе Імем Ісуса Хрыста: выйдзі зь яе! І выйшаў у тое ж імгненьне.
А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.
Гаспадары ж яе ўбачыўшы, што прапа́ла надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўлу і Сілу вывалаклі на плошчу да начальнікаў.
А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.
І прывёўшы іх да ваяводаў сказалі: гэтыя людзі трывожаць нашае места, (а) яны — жыды,
І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,
і вучаць звычаяў, якіх нам, рымлянам, ня сьлед ні прыймаць, ні выпаўняць.
і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».
І паўстаў народ супраць іх, і ваяводы сарваўшы вопраткі зь іх загадалі біць кіямі.
І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.
Даўшы ж ім шмат удараў, кíнулі (іх) у вязьніцу загадаўшы турэмшчыку крэпка пільнаваць іх.
І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.
Ён, атрымаўшы такі загад, кінуў іх у ўнутраную вязьніцу ды ногі іхныя паўшчамляў у калоду.
Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.
А каля паўночы Паўла і Сіла, молячыся, пяялі гімны Богу, а вязьні слухалі іх.
Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.
І раптам стаўся вялікі землятрус, ажно захісталіся падва́ліны вязьніцы; і ўраз расчыніліся ўсе дзьверы, і ўсім апалі путы.
Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.
І турэмшчык прачнуўшыся і ўбачыўшы расчыненыя дзьверы вязьніцы дастаўшы меч хацеў забіць сябе думаючы, (што) вязьні паўцякалі.
Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
Але Паўла закрычаў моцным голасам ка́жучы: ня рабі сабе ніякага зла бо ўсе мы тут.
А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»
І запатрабаваўшы сьвятла, (ён) убег і дрыжучы ўпаў ніцма перад Паўлам ды Сілай,
Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,
і вывеўшы іх вонкі казаў: Гаспадары! што трэба мне рабіць каб быць зба́ўленым?
і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»
Яны ж адказалі: вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой.
А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».
І абвясьцілі яму Слова Госпада і ўсім, што ў доме ягоным.
І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.
І ўзяўшы іх у тую ж гадзіну ўначы, паабмываў ім раны і быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя бязадкладна.
І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.
І прывёўшы іх у дом свой, паставіў (ім) пачасту́нак і ўсьцешыўся з усім домам, паверыўшы Богу.
І, завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.
Як жа наступіў дзень, паслалі ваяводы слуг мескіх, кажучы: звольні людзей гэных.
А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».
І турэмшчык абвясьціў словы гэтыя Паўлу: прыслалі ваяводы каб (вы) былі вызвалены зараз жа. Пагэтаму, выйшаўшы, ідзіце зь мірам.
Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».
Але Паўла казаў ім: нас, грамадзян рымскіх, бяз суду́ ізбіўшы перад народам кінулі ў вязьніцу, а цяпер цішком звальняюць нас? О, не, няхай самі прыйдуць і вывядуць нас.
А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».
Слугі мескія пераказалі словы гэтыя ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны рымляне.
Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны — Рымляне.
І, прыйшоўшы, перапрасілі іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць места.
І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.
Выйшаўшы ж зь вязьніцы (яны) прыйшлі да Ліды і, убачыўшы братоў, навучылі іх ды пайшлі стуль.
Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.