Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
І як настаў дзень Пяцідзясятніцы, былí ўсе аднадушна разам.
І калі надышоў дзень Пяцідзесятніцы, яны ўсе былі [аднадушна] разам у адным месцы.
І раптам зьявіўся зь неба шум, як бы ад наляцеўшага моцнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны былí.
І раптам з неба пачуўся шум, як ад парывістага моцнага подзьмуху, і ён напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі;
І зьявіліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, і апусьціліся па аднаму на кожнага зь іх.
і паказаліся ім падзеленыя языкі, нібы агнявыя, і селі па адным на кожнага з іх,
І былí напоўнены ўсе Духам Сьвятым і пача́лі гаварыць другімі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
і яны ўсе напоўніліся Святым Духам і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў прамаўляць ім.
Былі ж у Ярузаліме прыйшоўшыя жыды, мужчыны на́бажныя, са ўсякага народу пад небам.
А ў Іерусаліме былі іудзеі, набожныя людзі з усялякага народа, што пад небам.
І як загучаў гэты голас, сабраліся людзі і былі прыведзены ў зьдзіўленьне, бо чулі іх кожнага гаварыўшых на ягонай гаворцы.
Калі ж пачуўся гэты гук, усё гэтае мноства зышлося і прыйшло ў замяшанне, бо кожны з іх чуў, што яны прамаўляюць на яго ўласнай гаворцы.
І здумяваліся ўсе і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: усе гэтыя, што гавораць, ці ня галілейцы?
Яны ж уразіліся і здзіўляліся, кажучы [адзін аднаму]: Вось, усе гэтыя, што гавораць, хіба не галілеяне?
Як жа мы чуем кожны сваю гаворку, у якой народжаны?
І як мы іх чуем кожны на сваёй уласнай гаворцы, у якой мы нарадзіліся?
Парты і мідзяне, і эляміты, і жыхары Мэзапатамы, Юдэі і Каппадокі, Понту і Азіі,
Парфяне, і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, і Іудзеі, і Кападакіі, Понта і Азіі,
Прыгі і Памхвілі, Ягіпту і часьцяў Лібы, сумежных з Кірэнаю, ды прыходжыя рымляне, жыды і наверненыя,
і Фрыгіі, і Памфіліі, Егіпта і земляў Лівіі, сумежных з Кірэнаю, і прышлыя з Рыма,
крыцяне і арабы, чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра Веліч Бога!
і іудзеі, і празеліты6, крыцяне і аравіцяне — мы чуем, як яны гавораць на нашых мовах аб велічы Бога.
І здумяваліся ўсе і зьдзіўлена гаварылі адзін аднаму, кажучы: што ж гэта можа быць?
І ўсе ўражваліся і ў недаўменні казалі адзін аднаму: Што гэта значыць?
Іншыя ж, насьмяхаючыся, казалі: яны напіліся салодкага віна.
Іншыя ж, насміхаючыся, казалі: Яны напіліся салодкага віна!
Але Пётра ўстаўшы з адзінаццацьма, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужчыны жыдоўскія і ўсе жыхары Ярузаліму. Хай будзе гэта вам ведама, і выслухайце словы мае.
Пётр жа, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў свой голас і прамовіў да іх: Мужы іудзейскія і ўсе жыхары Іерусаліма, няхай будзе вам гэта вядома, і ўслухайцеся ў мае словы.
Яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня.
Бо гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэцяя гадзіна дня7,
Але гэта ёсьць сказанае цераз прарока Ёэля:
а гэта тое, што сказана праз прарока Іаіля:
і будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старыя вашыя будуць абразумляемы снабачаньнямі.
«І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — Я вылью ад Майго Духа на кожнае цела, і будуць прарочыць вашы сыны і вашы дочкі; і вашы юнакі будуць бачыць з’явенні, а вашым старым будуць сніцца сны;
І на рабоў Маіх, і на рабынь Маіх у дні гэныя выльлю ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
так, і на Маіх рабоў і на Маіх рабынь у тыя дні вылью ад Майго Духа, і яны будуць прарочыць.
І дам цуды на небе наверсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым.
І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе — кроў, і агонь, і куродым.
Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў перш, чым настане дзень Госпада, вялікі і слаўны.
Сонца ператворыцца ў цемру і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Гасподні, вялікі і слаўны.
І будзе: усякі, хто прыкліча Імя Госпада, будзе ўратаваны.
І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, будзе ўратаваны».
Мужчыны ізраэльскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужчыну засьведчанага між вамі ад Бога сіламі і цудамі і зна́камі, што зрабіў празь Яго Бог сярод вас, як і самі ведаеце,
Мужы ізраільскія, выслухайце гэтыя словы: Ісуса Назарэя, чалавека, Богам засведчанага для вас сіламі, цудамі і знакамі, якія Бог зрабіў праз Яго сярод вас, як вы [і] самі ведаеце,
Яго, прадвызначанага воляй і прадбачаньням Бога (і) пераданага, вы, узяўшы рукамі бяззаконных, прыцьвікаваўшы, забілі,
Гэтага, выдадзенага паводле пэўнай задумы і прадбачання Божага, вы [ўзялі і,] рукою беззаконнікаў, прыбіўшы цвікамі, забілі.
Якога Бог ускрасіў, разарваўшы мукі сьмерці, бо нямагчыма было, каб яна Яго ўтрымала.
Яго Бог уваскрэсіў, вызваліўшы з мукаў смерці, таму што не магло быць, каб яна ўтрымлівала Яго.
Бо Давід пра Яго кажа: бачыў Я Госпада перада мною заўсёды, бо Ён ёсьць праваруч мяне, каб я ня пахіснуўся.
Бо Давід кажа пра Яго: «Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся.
Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой, да таго ж, нават цела маё будзе жыць у надзеі,
З-за гэтага ўзвесялілася маё сэрца і ўзрадаваўся мой язык, яшчэ ж і цела маё супакоіцца ў надзеі,
таму што Ты ня пакінеш душу́ маю ў пекле, і ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
бо не пакінеш Ты маёй душы ў пекле і не дасі Твайму святому ўбачыць тленне.
Ты даў пазнаць мне шляхі жыцьця, Ты напоўніш мяне радасьцю перад Абліччам Тваім.
Ты даў спазнаць мне дарогі жыцця; Ты напоўніш мяне радасцю перад Тваім абліччам».
Мужчыны браты! Можна з адвагаю сказаць вам пра праба́цьку Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца ў нас да гэтага дня.
Мужы браты, дазвольце адкрыта сказаць вам пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і пахаваны, і яго магільня ў нас да гэтага дня.
А будучы прарокам і ведаючы, што Бог кляўся яму клятвай ад плоду паясьніцы ягонай па целу ўзьняць Хрыста і пасадзіць (Яго) на пасадзе Ягоным.
Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог клятваю пакляўся яму ад плоду яго паясніцы [узвесці Хрыста ў целе] і пасадзіць на яго трон,
Прадбачучы ён сказаў пра ўваскрасе́ньне Хрыста, што ня пакінута Душа Ягоная ў пекле, і Цела Ягонае ня ўбачыла парахненьня.
ён, прадбачачы, сказаў пра ўваскрэсенне Хрыста, што і ў пекле Ён не быў пакінуты8, і цела Яго не ўбачыла тлення.
Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, чаго ўсе мы сьведкі.
Гэтага Ісуса ўваскрэсіў Бог, сведкамі чаго ўсе мы.
Вось, будучы ўзьнесены Правіцай Бога, і прыняўшы ад Бацькі абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што зараз вы бачыце і чуеце.
І вось Ён, узвышаны правай рукою Божай і атрымаўшы ад Бацькі абяцанне Святога Духа, выліў тое, што вы [і] бачыце і чуеце.
Бо Давід ня ўзыйшоў на нябёсы, але ён кажа: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
Бо Давід не ўзышоў у нябёсы, але сам ён кажа: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх.
пакуль не пакладу Тваіх ворагаў у падножжа Тваіх ног».
Дык бяз сумніву хай ведае ўвесь дом Ізраэ́ляў, што і Госпадам і Хрыстом Ягоным Бог зрабіў Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
Дык няхай непахісна ведае ўвесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Яго і Госпадам і Хрыстом, — Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
Дык пачуўшы (гэта), яны сталіся (гэтымі словамі) прасякнутымі ў сэрцах (іхных) і прамовілі да Пятра і рэшты Апосталаў: што нам рабіць, мужчыны браты?
Яны ж, пачуўшы, былі ўражаны да глыбіні сэрца і сказалі Пятру і астатнім Апосталам: Што нам рабіць, мужы браты?
Пётра ж сказаў ім: пакайцеся, і хай будзе ахрышчаны кожны з вас у Імя Ісуса Хрыста для дараваньня грахоў, і (вы) атрымаеце дар Сьвятога Духа.
І Пётр кажа ім: Пакайцеся і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля даравання вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Святога Духа.
Бо вам ёсьць абяцаньне (гэтае) і дзецям вашым, і ўсім далёкім, каго б ні прыклікаў Госпад, Бог наш.
Бо вам належыць гэта абяцанне і вашым дзецям, і ўсім, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, наш Бог.
(І) многімі другімі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага.
І многімі іншымі словамі ён сведчыў і пераконваў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага разбэшчанага пакалення.
Дык тыя, што прыхільна прыня́лі слова ягонае, былі ахрышчаны, і далучаны былі ў гэны дзень каля трох тысяч душ.
Тады тыя, хто [радасна] прыняў яго слова, былі ахрышчаны, і далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.
І трывалі (яны) увесь час у навуцы Апосталаў і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба ды ў малітвах.
І яны непарушна трымаліся навучання Апосталаў і супольнасці, у пераламленні хлеба і ў малітвах.
Быў жа страх у кожнай душы. І многа цудаў і знакаў чынілася цераз Апосталаў.
Быў жа ў кожнай душы страх; і шмат цудаў і знакаў рабілася праз Апосталаў [у Іерусаліме].
І ўсе веручыя былі разам, і ўсё было ў (іх) супольнае.
І ўсе вернікі былі разам, і ўсё у іх было супольнае.
Тады маёнткі і маёмасьці прадава́лі, і дзялілі яны ўсім, хто якую меў патрэбу.
І яны прадавалі ўладанні і маёмасць і дзялілі іх на ўсіх так, хто якую меў патрэбу;
І кожны дзень бываючы аднадушна ў Сьвятыні і ламаючы па дамох хлеб, прымалі страву ў радасьці і прастаце сэрца,
і штодня, аднадушна шчыруючы ў святыні і пераламляючы хлеб па дамах, яны прымалі ежу ў радасці і сардэчнай прастаце,
слаўлючы Бога і маючы прыхільнасьць усяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы ратуемых.
хвалячы Бога і маючы любоў ва ўсяго народа. І Госпад штодня дадаваў да іх9 уратаваных.