Дзеі 27 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Як жа было прысуджана нам плысьці ў Італію, дык Паўлу і нікаторых іншых вязьняў аддалі сотніку на ймя Юлі з кагорты імператара.
 

Узыйшоўшы ж на адраміцкі карабель манючыся плысьці ля мейсцаў Азіі, вырушылі мы, маючы з намі Арыстарха македонца із Тэссалонікі.
 

На другі (дзень) прыста́лі к Сідону; Юлі ж, абыйшоўшыся з Паўлам палюдзку, дазволіў (яму) пайшоўшы да прыяцеляў скарыстацца (іхняй) руплівасьцяй.
 

І, вырушыўшы стуль, прыплылí мы да Кіпру, з-за праціўных вятроў.
 

І пераплыўшы мора насупраць Кілікі і Памхвілі, прыйшлі мы ў Міры Лікійскія,
 

і тутака сотнік знайшоўшы аляксандрыйскі карабе́ль, які плыў у Італію, (ды) пасадзіў нас на яго.
 

Плывучы ж памалу шмат дзён і ледзь апынуўшыся каля Кніду з-за няспрыяльнага нам ветру, даплылі мы да Крыту каля Сальмону,
 

і, ледзьве праплыўшы каля яго, прыйшлі да нейкае мясцовасьці, называнае Харошыя Затокі, адкуль нідалёка было места Лязія.
 

Калі ж мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо рызыкоўным, бо ўжо і пост мінуў, радзіў (ім) Паўла,
 

кажучы: мужчыны! я бачу, што плаваньне мае быць няшчасьлівае ды з чысьленай ўтратай, ня толькі для грузу і карабля, але і для душ нашых.
 

Але сотнік больш верыў корніку і гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Паўла.
 

А як затока была няпрыстасаваная дзеля зімаваньня, дык большасьць і пара́дзіла адплысьці адтуль: калі магчыма можна было б перазімаваць, дабраўшыся да Хвініку, Крыцкае затокі, што глядзіць (у напрамку) паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру.
 

І, калі павеяў паўдзённы вецер, яны, падумаўшы, што дасяглі жаданага, рушыўшы плылі паўз Крыту.
 

Але няўзабаве наляцеў на яго (карабель) бурны вецер, які называецца эўраклідон.
 

Калі ж карабе́ль быў падхоплены, і (ён) ня мог супрацівіцца ветру, дык (мы) здаліся, і нас пане́сла.
 

Наблізіўшыся ж да нявялікай выспы, называнай Кляўдай, мы ледзьве здолелі ўдзяржаць човен.
 

Падняўшы (ж) яго (на палубу), пача́лі ратавацца абвязваючы карабе́ль канатамі, а баючыся каб ня сесьці на мялізну спусьцілі парус (ды) гэтак (нас) насіла.
 

Як жа бура крэпка кíдала нас, назаўтрае пачалі выкідваць (груз),
 

а на трэйці (дзень) сваімі рукамі павыкідалі карабельны струмант.
 

Калі ж шмат дзён ня паказывалася ані сонца, ані зоркі, а бура доўжыла крэпка налягаць, дык урэшце прападала ўсякая надзея каб нам уратавацца.
 

А як (усе пасажыры) доўга ня елі дык Паўла, стануўшы сярод іх, сказаў: о мужчыны, трэба было паслухацца мяне ды ня плысьцí ад Крыту ды ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця і ўтраты.
 

Цяпер жа раджу вам бадзёрыцца, бо ня загіне ніводная душа із вас, апрача карабля.
 

Бо зьявіўся мне ў гэтую ноч Ангел Бога, Якому прыналежу і Якому служу,
 

кажучы: ня бойся Паўла! ты маеш стаць перад кесарам, і вось Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.
 

Дык бадзёрцеся, мужчыны; бо веру Богу, што ста́нецца так як было мне ска́зана:
 

але належыць нам быць выкíненым на нейкую выспу.
 

Як жа ў чатырнаццатую ноч мы былі (яшчэ) насíмымі па Адрыятыцкім моры, каля апоўначы матросы пача́лі дагадывацца, што набліжаемся да нейкай зямлі.
 

І памераўшы глыбіню знайшлі дваццаць сажнёў. Крыху ж адплыўшы ды ізноў памераўшы глыбіню, знайшлі пятнаццаць сажнёў.
 

Баючыся ж, каб ня папа́сьці на скалістае мейсца, кінуўшы з карна чатыры якары чакалі калі наступіць дзень.
 

Калі ж матросы спрабава́лі ўцячы з карабля і спускалі ў мора човен, пака́зваючы быццам хочуць ськíнуць якары з носу,
 

Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: калі яны ня застану́цца на караблі, дык вы ня можаце ўратавацца.
 

Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ў чаўна і далі яму ўпасьці.
 

На досьвітку Паўла намаўляў усіх прыняць ежу, кажучы: сягоньня (ужо) чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, астаецёся ня еўшы, нічога ня прыймаючы.
 

Дык закліка́ю вас прыняць ежу: бо гэта ёсьць для вашага выратаваньня. Бо нікому з вас волас з галавы ня спадзе́.
 

Сказаўшы ж гэтае і ўзяўшы хлеб (ён) пахваліў Бога перад усімі і пача́ў, разламаўшы, есьці.
 

І ўсе ўзбадзёрыліся дый самі прынялі ежу.
 

Было ж усіх (нас) на караблí дзьве́сьце се́мдзесят шэсьць душ.
 

Насыціўшыся ж ежай, сталі аблягчаць карабе́ль, выкіда́ючы пшаніцу ў мора.
 

Як жа настаў дзень (яны) ня пазнавалі зямлі; убачылі ж нейкую затоку меўшую ўзьбярэжжа, да якога і вырашылі, калі (гэта) магчыма, прыстаць з караблём.
 

І падняўшы якары пакíдалі (іх) у мора; і адвязаўшы вяроўкі стырна́ ды падняўшы малы парус па ветру, кіраваліся да ўзьбярэжжа.
 

Папаўшы ж на касу́, пасадзілі карабель на мялíзну, і нос, завязшы, застаўся нярухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.
 

У жаўнераў жа быў наме́р, каб вязьняў пазабіваць, каб хто выплыўшы ня ўцёк.
 

Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўлу, супрацівіўся іхняму намеру ды загадаў умеючым плаваць кíнуўшыся першымі выйсьці на зямлю,
 

а рэшце каму на дошках, а каму на чым-небудзь з карабля. І гэтак сталася, што ўсе выратаваліся на зямлю.