Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

І загаварыўшы Ісус ізноў распавёў да іх у прыповесьцях, кажучы:
 

Валадарства Нябёсаў падобна да чалавека-валадара, які справіў вясельле сыну свайму.
 

І (ён) паслаў рабоў сваіх паклікаць запрошаных на вясельле, але (яны) ня захацелі прыйсьці.
 

(І) ён зноў паслаў другіх рабоў, кажучы: скажыце запрошаным: вось (я) прыгатаваў абед мой, быкі мае і (усё) што ўкормлена зарэзаны, і ўсё гатова. Прыходзьце на вясельле.
 

Але яны пагрэбаваўшы (запрашэньнем), пайшлі: адзін на сваё поле, а другі на свой гандаль;
 

а астатнія, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі.
 

Пачуўшы ж, валадар угневаўся і, паслаўшы войска сваё, зьнішчыў забойцаў гэных і места іхнае спаліў агнём.
 

Тады кажа ён рабам сваім: вясельны стол гатовы, але запрошаныя ня былі вартыя.
 

Дык пайдзіце на ростані і ўсіх, каго ні сустрэнеце, запрашайце да вясельнага стала.
 

І, выйшаўшы на дарогі, рабы гэныя сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: ліхіх і добрых; і за вясельным сталом было поўна гасьцей.
 

І увайшоўшы паглядзець на гасьцей, валадар убачыў там чалавека, адзетага ня ў вясельную вопратку.
 

І кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды ня ў вясельнай вопратцы? А той маўчаў.
 

Тады валадар сказаў слугам: вазьміце яго і зьвязаўшы яму ногі і рукі, выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
 

бо шмат запрошаных, але мала выбраных.
 

Тады адыйшоўшыся хварысэі ўчынілі змову, каб злавіць Яго на слове.
 

І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з гірадзіянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Бога ў праўдзе вучыш і нікому ня дагаджаеш; бо ня глядзіш на аблічча людзей.
 

Дык скажы нам: як Табе здаецца? ці дазволена даваць падатак кесару, ці не?
 

Але Ісус разумеючы іхную прыхаваную зламыснасьць, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
 

Пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны ж прынесьлі Яму дынар.
 

І кажа ім: чый гэта абраз і надпіс?
 

Кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: пагэтаму аддавайце кесарава кесару, а тое, што Бога — Богу.
 

І, пачуўшы (яны) зьдзівіліся і пакінуўшы Яго адыйшліся.
 

У той дзень прыступіліся да Яго саддукеі, якія кажуць: ускрасеньня няма, і спыталіся ў Яго,
 

кажучы: Настаўнік! Масей сказаў: калі хто памрэ ня маючы дзяцей хай возьме ягоную жонку брат ягоны сабе ў жонкі і адро́дзіць семя брату свайму.
 

Было ж у нас сем братоў. І першы ажаніўшыся памёр, і ня маючы дзяцей пакінуў жонку сваю брату свайму;
 

таксама і другі, і трэйці, аж да сёмага.
 

А пасьля ўсіх памерла і жонка.
 

Дык вось, пасьля ўскрасеньня каторага зь сямёх будзе яна жонкаю? бо ўсе мелі яе.
 

І адказаўшы Ісус сказаў ім: памыляецеся, ня зразумеўшы Пісаньняў, ні сілы Бога.
 

Бо пасьля ўскрасеньня, ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але як Ангелы Бога прабываюць на Небе.
 

А адносна ўскрасеньня памёршых ці ня чыталі вы сказанае вам Богам, кажучы:
 

Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ісагака, і Бог Якуба? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых.
 

І пачуўшы людзі дзівіліся з вучэньня Ягонага.
 

А хварысэі пачуўшы, што Ён вымусіў саддукеяў змоўкнуць, былі сабраныя разам супраць Яго.
 

І адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго спытаўся, кажучы:
 

Настаўнік! якое найбольшае прыказаньне ў Законе?
 

Ісус жа сказаў яму: палюбі Госпада, Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсім разуменьнем тваім. (Другазак. 6:5)
 

Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне.
 

Другое ж падобнае яму: палюбі блізкага твайго, як самога сябе. (Ляв. 19:18)
 

На гэтых двух прыказаньнях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
 

А сабраных хварысэяў Ісус іх запытаў,
 

кажучы: што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын? Кажуць Яму: Давіда.
 

Кажа ім: як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
 

сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх да падножжа Ног Тваіх. (Пс. 110:1)
 

Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён Сын ягоны?
 

І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і з таго дня ўжо ніхто ня адважыўся (падступна) дапытвацца Яго.