Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:
Далей аб'явіўся зноў Езус вучням каля мора Тыбэрыядскага. А аб'явіўся ім так:
былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі сабраўшыся разам Сымон Пётар і Тамаш, званы Дыдымас, Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і два іншых з вучняў Ягоных.
Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.
Сказаў ім Сымон Пётар: "Іду лавіць рыбу". Кажуць яму: "І мы пойдзем з табой". Дык пайшлі, селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі.
А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
А калі настала раніца, явіўся Езус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Езус.
Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.
Сказаў ім затым Езус: "Дзеці, ці маеце што есьці?" Адказалі яму : "Не".
А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.
Дык сказаў ім: "Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце". Закінулі тады, і дзеля мноства рыбы ледзь маглі выцягнуць сетку.
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, — бо ён быў голы, — і кінуўся ў мора;
Тады той вучань, каторага любіў Езус, сказаў Пятру: "Гэта ж Госпад!" Дык Сымон Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, адзеў вопратку, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, — бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, — цягнучы нерат з рыбаю.
Іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берагу, каля дзьвесьце стадыяў, цягнучы сетку з рыбамі.
А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.
А калі выйшлі на сухмень, убачылі распаленае вогнішча і лежачую на іх рыбу і хлеб.
Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.
Кажа ім Езус: "Прынясеце тыя рыбы, што цяпер налавілі".
Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.
Дык пайшоў Сымон Пётар, выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць было так шмат, сетка не парвалася.
Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.
Кажа ім Езус: "Хадзіце і ешце". Але ніхто з седзячых не адважыўся спытацца: "Хто Ты?", бо ведалі, што гэта Госпад.
Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.
Езус падыйшоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.
Гэта ўжо трэці раз аб'явіўся Езус вучням сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.
І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.
Дык калі яны наеліся, кажа Езус Сымону Пятру: "Сымон, Ёнаў, ці любіш Мяне больш, чым гэтыя?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".
Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае.
Паўторна пытаецца ў яго: "Сымон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае".
Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;
І пытаецца ў яго трэці раз: "Сымон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?" Засмуціўся Пётар, што ўжо трэці раз пытаецца ў яго: "Ці любіш ты Мяне?", дык сказаў Езусу: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае.
праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі ты быў малады, падпаясваўся сам і хадзіў, дзе хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, ды хто іншы цябе падпаяша, і павядзе туды, куды ты не захочаш".
А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
А гэта сказаў, паказваючы, якою ён сьмерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: "Ідзі за Мной!"
А Пётр, абярнуўшыся, бачыць — за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі Яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто Цябе прадасьць?
Пётар, аглянуўшыся, убачыў таго вучня, якога Езус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуліўшыся быў да грудзей Езуса і пытаўся: "Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдасьць?"
Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
Вось, убачыўшы яго, Пётар пытаецца ў Езуса: "Госпадзе, а з гэтым што будзе?"
Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.
Сказаў яму Езус: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной".
І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
Разыйшлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Езус не сказаў: "Не памрэ", а толькі: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго!"
Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.
Дык вось той вучань сьведчыць пра гэта ды напісаў гэта, і ведаем, што сьведчаньне яго праўдзівае.
Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.
Многа яшчэ іншага ўчыніў Езус, але каб усё запісаць, дык, думаю, не зьмясьціў бы ўвесь сьвет кнігаў, каторыя мелі б быць напісаны.