Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.
Быў жа захварэў нейкі Лазар з вёскі Бэтанія, дзе жыла Марыя і яе сястра Марта.
А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.
Марыя ж была тая, што намасьціла Госпада пахкім алейкам ды абцёрла ногі Ягоныя сваімі валасамі, яе вось брат Лазар захварэў.
Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.
Сёстры паслалі да Яго вестку: "Госпадзе, вось жа той, каго любіш, хворы".
Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.
Пачуўшы гэта, Езус сказаў: "Хвароба гэта не на сьмерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы".
А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.
А Езус любіў Марту, і сястру яе, і Лазара.
Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.
Калі пачуў, што той хворы, замарудзіў тады яшчэ два дні ў тым месцы.
Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.
Потым сказаў вучням сваім: "Хадземце зноў у Юдэю".
Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?
Сказалі Яму вучні: "Раббі, толькі што хацелі Цябе ўкаменаваць Юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?"
Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;
Адказаў Езус: "Ці не дванаццаць гадзін мае дзень? Калі хто ходзіць у дзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету.
а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.
Але калі ходзіць ноччу, спатыкаецца, бо няма ў ім сьвятла".
Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
Сказаў так, а потым гаворыць ім: "Лазар, наш сябар, сьпіць, але Я іду яго абудзіць".
Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.
Сказалі Яго вучні: "Госпадзе, калі заснуў, будзе здаровы",
Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.
Езус жа казаў аб сьмерці яго, а яны думалі, што казаў аб заснуцьці.
Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
Тады сказаў ім Езус адкрыта: "Лазар памёр.
і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.
Цешуся ж, што там Мяне не было, каб вы ўверылі. Дык хадземце да яго".
Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.
А Тамаш, званы Дыдымас, азваўся да таварышаў: "Хадзем і мы разам з ім памерці".
Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
Затым прыйшоў Езус і знайшоў Лазара ўжо чатыры дні лежачага ў магіле.
А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,
А Бетанія знаходзілася блізка Ерузаліму, каля пятнаццаці стадыяў.
і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі — суцешыць іх у смутку па браце іхнім.
Да Марыі ж і Марты назьбіралася многа Юдэяў пацяшаць іх па памершым браце.
Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.
Як толькі пачула Марта, што Езус ідзе, пабегла і пераняла Яго, а Марыя засталася дома.
Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;
Сказала тады Марта Езусу: "Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
Але і цяпер ведаю, калі пра што папросіш Бога, дасьць Табе Бог".
Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
Сказаў ёй Езус: "Уваскрэсьне брат твой".
Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.
Кажа Яму Марта: "Ведаю, што ўваскрэсьне пры ўваскрасеньні ў апошні дзень".
Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, — ажыве;
Сказаў ёй Езус: "Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе.
і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?
І кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ павек. Верыш у гэта?"
Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.
Кажа Яму: "Так, Госпадзе; я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, які прыйшоў на гэты сьвет".
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.
Гэта сказаўшы, яна пайшла і, ціха паклікаўшы сястру сваю, Марыю, сказала: "Вучыцель прыйшоў і кліча цябе".
Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.
Пачуўшы гэта, яна скора паднялася і пайшла да Яго;
Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
бо Езус ня быў яшчэ ўвайшоўшы ў сяло, але затрымаўся на тым месцы, дзе Яго пераняла Марта.
Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы — плакаць там.
А Юдэі, што былі з ёй у доме і пацяшалі яе, убачыўшы, што Марыя хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, бо казалі: "Ідзе да магілы, каб там плакаць".
А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
Марыя ж, калі прыйшла да месца, дзе стаяў Езус, убачыўшы Яго, упала Яму да ног ды казала Яму: "Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой".
Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
А калі Езус убачыў яе, плачучую, і Юдэяў, што з ёй прыйшлі, плачучых, разжаліўся ў духу і, узрушаны,
і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
спытаўся: "Дзе палажылі яго?" Кажуць Яму: "Госпадзе, пайдзі і паглядзі".
Ісус заплакаў сьлязьмі.
Езус заплакаў.
Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
Дык казалі Юдэі: "Во як яго Ён любіў".
А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
А некаторыя з іх казалі: "Ці ня мог Ён, што адкрыў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?"
А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
А Езус, разжалены зноў, прыйшоў да магілы. А была гэта пячора і камень быў на ёй паложаны.
Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
Сказаў Езус: "Прыміце камень!" Дык сказала Марта, сястра памёршага: "Госпадзе, ужо сьмярдзіць ад яго, бо ўжо чатыры дні ў магіле".
Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
Кажа ёй Езус: "Ці ж Я табе не казаў, што калі ўверыш, убачыш хвалу Божую?"
І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
Дык прынялі камень. Езус жа, падняўшы вочы свае, сказаў: "Ойча, дзякую Табе, што Ты Мяне выслухаў.
Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
Я бо ведаў, што Ты Мяне заўсёды выслухоўваеш, але сказаў гэта дзеля народу, які стаіць кругом, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў".
Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
Гэта сказаўшы, закрычаў моцным голасам: "Лазар, выйдзі з магілы!"
І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
І адразу выйшаў той, што быў памёршы, маючы рукі і ногі зьвязаныя павязкамі, а твар абвязаны хусткай. Сказаў ім Езус: "Развяжыце яго і пусьціце хадзіць".
Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;
Дык многа Юдэяў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты, ды бачылі, што ўчыніў Езус, уверыла ў Яго.
а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.
Некаторыя ж з іх пайшлі да фарысэяў і расказалі ім, што зрабіў Езус.
Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:
Дык сабралі першасьвятары і фарысеі Раду і казалі: "Што нам рабіць? Бо чалавек гэты робіць многа знакаў.
калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, — і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.
Калі так Яго пакінем, дык усе ўвераць у Яго, і прыйдыць Рымляне, і забяруць наш край і народ".
А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;
Дык адзін з іх, Каяфа, які быў у тым годзе першасьвятаром, сказаў ім: "Вы нічога ня ведаеце,
падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.
ані ня думаеце, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ, чым увесь народ меў прападаць".
Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,
А не гаварыў гэтага ад сябе, але як першасьвятар у гэтым годзе праракаваў, што Езус меў памерці за народ.
і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.
Ды ня толькі за народ, але каб сабраць у адно сыноў Божых, што былі раскіданыя.
З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
Ад таго дня думалі толькі як Яго забіць.
Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
Таму Езус не хадзіў ужо яўна сярод Юдэяў, але адыйшоў у мясцовасьць блізка пустыні, у горад, званы Эфрэм, і там прабываў з вучнямі.
Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.
А надыходзіла Пасха Юдэйская, і многа людзей з усяго краю выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысьціцца.
Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
Дык шукалі Езуса і казалі адны другім, стоячы ў сьвятыні: "Што думаеце? Ці ня прыйдзе Ён на сьвята?"
А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.
А першасьвятары і фарысэі загадалі, каб кожны, хто даведаецца пра Яго, дзе Ён прабывае, паведаміў, каб Яго ўзяць.