Дзеі 23 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень.
 
Паўла ж, гледзячы адважна на раду, гаворыць: «Мужы браты! Да сённяшняга дня я жыў на віду Бога з заўсёды чыстым сумленнем».

А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах.
 
Тады першасвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.

Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне.
 
Дык Паўла сказаў яму: «Хай ударыць цябе Бог, сцяна падбеленая! Бо ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону».

А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш?
 
А якія пры ім стаялі, сказалі: «Першасвятара Божага ты абражаеш?»

Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: «начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань».
 
Сказаў Паўла: «Не ведаў, браты, што гэта першасвятар. Бо напісана: «Кіраўніка народа твайго не абражай».

Павал, даведаўшыся, што тут адна частка — садукеі, а другая — фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю.
 
І Паўла, ведаючы, што тут адна частка садуцэяў, а другая — фарызеяў, закрычаў перад радай: «Я — фарызей, мужы браты, і сын фарызееў! Стаю перад судом за надзею на ўваскрэсенне з мёртвых».

І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася.
 
Калі гэта сказаў, узнялася звадка паміж фарызеямі і садуцэямі, і грамада раздзялілася.

Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое.
 
Бо садуцэі кажуць, што няма ўваскрэсення, ані анёла, ані Духа, а фарызеі прызнаюць адно і другое.

Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу.
 
І зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, некаторыя кніжнікі з фарызейскага боку зацята крычалі: «Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл».

Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць.
 
І, калі дайшло да вялікага забурэння, трыбун, баючыся, каб яны самі не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам сысці, і забраць яго ад іх, і завесці ў крэпасць.

У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме.
 
У наступную ноч аб’яўляецца яму Госпад і гаворыць: «Будзь мужны! Трэба, каб ты і ў Рыме сведчыў пра Мяне падобным чынам, як у Ерузаліме».

А як разьвіднела, некаторыя Юдэі склалі змову, і прысягнулі ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць Паўла;
 
А як настаў дзень, учынілі зборышча Юдэі і пакляліся, што не будуць есці і  піць, пакуль не заб’юць Паўлу.

а было больш за сорак такіх, што так прысягнулі;
 
І было больш за сорак чалавек, што ўчынілі гэтакую прысягу.

яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старэйшын, сказалі: мы клятваю запрысягнуліся ня есьці нічога, пакуль не заб’ём Паўла;
 
Яны пайшлі да першасвятароў і старшыняў і сказалі: «Мы пакляліся клятваю нічога не браць у вусны, пакуль не заб’ём Паўлу.

Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго.
 
Цяпер вы, разам з радай, паведаміце трыбуну, каб ён прывёў яго да вас, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго, а мы гатовыя забіць яго перш, чым ён дойдзе».

Пачуўшы пра намысел гэты, сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла.
 
Калі пра змову пачуў сын сястры Паўлы, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасць, і абвясціў пра гэта Паўлу.

А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму.
 
Паўла ж, пазваўшы аднаго з сотнікаў, гаворыць: «Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць».

Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе.
 
Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і гаворыць: «Вязень Паўла пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака, які мае нешта табе сказаць».

Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне?
 
Трыбун узяў яго за руку і, адышоўшы з ім на бок, запытаўся: «Што маеш мне сказаць?»

Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную.
 
Ён сказаў: «Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўлу ў раду, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго.

Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня.
 
Ты, аднак, не вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны пакляліся клятвай не есці і не піць, пакуль не заб’юць яго, і ўжо прыгатаваліся, чакаючы твайго дазволу».

Тады тысячнік адпусьціў хлопца, сказаўшы: нікому не кажы, што ты паведаміў мне гэта.
 
Дык трыбун адпусціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў тое, «што ты мне паведаміў».

І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: падрыхтуйце мне воінаў пешых дзьвесьце, конных семдзесят і стралкоў дзьвесьце, каб з трэйцяй гадзіны ночы ішлі ў Кесарыю;
 
І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Прыгатуйце дзвесце жаўнераў, каб  ішлі ў Цэзарэю, а таксама семдзесят коннікаў, ды дзвесце дзіднікаў а трэцяй гадзіне ночы.

падрыхтуйце таксама аслоў, каб, пасадзіўшы Паўла, пераправіць яго да правіцеля Фелікса.
 
Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўлу на яе, здаровага даставілі намесніку Фэліксу».

Напісаў і пісьмо такога зьместу:
 
Напісаў прытым ліст такога зместу:

«Клаўдзій Лісій глыбокашаноўнаму правіцелю Феліксу — радавацца;
 
«Клаўдзій Лісій найдастойнейшаму намесніку Фэліксу — прывітанне.

гэтага чалавека Юдэі схапілі і гатовыя былі забіць; я, прыйшоўшы з воінамі, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін;
 
Гэтага чалавека схапілі Юдэі і хацелі забіць. Я ж, паспяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён — Рымлянін.

Потым, хочучы даведацца, за што зьвінавацілі яго, прывёў яго ў сынедрыён іхні
 
Хочучы ведаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, адвёў яго ў іх раду

і выявіў, што яго вінавацяць за спрэчныя думкі адносна закону іхняга, але няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці альбо кайданоў.
 
і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаннях іхняга закону, але ні ў якім злачынстве, вартым смерці або астрогу.

А як да мяне дайшло, што Юдэі намышляюць ліхое на гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы і скаржнікам гаварыць на яго перад табою; будзь здаровы».
 
Калі ж мне паведамілі аб змове, што рыхтуецца супраць [гэтага] чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы абвінаваўцам, каб выказваліся супраць яго перад табой».

І вось воіны, паводле загаду, узяўшы Паўла, павялі сярод ночы ў Антыпатрыду,
 
Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўлу і ўночы прывялі яго ў Антыпатрыду.

а на другі дзень, пакінуўшы конных ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць.
 
Назаўтра, адправіўшы коннікаў, каб пайшлі разам з ім, самі вярнуліся ў крэпасць.

А тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо правіцелю, перадалі яму і Паўла.
 
Тыя ж, калі прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст намесніку, ды паставілі Паўлу перад ім.

Правіцель, прачытаўшы пісьмо, спытаўся, зь якой ён вобласьці, і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў:
 
А ён, прачытаўшы, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,

я выслухаю цябе, калі зьявяцца твае скаржнікі. І загадаў яму быць пад вартаю ў Ірадавай прэторыі.
 
сказаў: «Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае абвінаваўцы». І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Ірада.