Дзеі 7 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?
 
А першасвятар сказаў яму: «Ці гэта праўда?»

А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,
 
Ён жа гаворыць: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог хвалы аб’явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ быў у Мэзапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.

і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.
 
І сказаў яму: «Выйдзі з зямлі сваёй і ад радні сваёй у зямлю, якую Я табе пакажу».

Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;
 
Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскай, абжыўся ён у Харане. І адтуль, па смерці яго бацькі, перасяліў яго [Бог] у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,

і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.
 
і не даў яму ва ўласнасць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе ва ўласнасць яму і патомству яго па ім, хоць не меў тады яшчэ сына.

І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста.
 
Сказаў Бог так: «Будуць нашчадкі яго перасяленцамі ў чужой зямлі, і аддадуць іх у нявольніцтва і на благое абыходжанне, на працягу чатырохсот гадоў будуць зняволенымі і крыўджанымі.

Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы.
 
І народ, у якога будуць яны нявольнікамі, Я Сам асуджу, сказаў Бог, і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым месцы».

І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў — дванаццаць патрыярхаў.
 
Ды даў яму запавет абразання; і так нарадзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак — Якуба, а Якуб — дванаццаць патрыярхаў.

Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім,
 
І патрыярхі праз зайздрасць прадалі Язэпа ў Егіпет; і Бог быў з ім,

і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім.
 
і вызваліў яго ад усякіх бед, і даў яму ласку і мудрасць перад абліччам фараона, цара Егіпта, і ён прызначыў яго правіцелем над Егіптам ды над усім сваім домам.

І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца.
 
І ўвесь Егіпет і Ханаан наведаў голад, і вялікае гора, і бацькі нашыя не мелі чаго есці.

А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам;
 
Калі Якуб дачуўся, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,

а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў.
 
а за другім разам Язэп  быў пазнаны сваімі братамі, фараону ж стаў вядомы род Язэпа.

Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ.
 
І, паслаўшы, Язэп паклікаў Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню ў ліку сямідзесяці пяці душ,

Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя;
 
і Якуб прыйшоў у Егіпет. І памёр ён сам, і бацькі нашыя,

і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага.
 
і перанеслі іх у Сіхем ды паклалі ў магіле, якую Абрагам купіў за срэбра ад сыноў Гемора ў Сіхеме.

А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце,
 
А, як набліжаўся час здзяйснення абяцання, якое Бог даў  Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Егіпце,

аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа;
 
аж узняўся над Егіптам новы цар,  які не ведаў Язэпа.

гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі.
 
Ён пачаў прыгнятаць народ наш і прымушаў бацькоў нашых выкідваць немаўлят сваіх, каб не заставаліся жывымі.

У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага,
 
У той час нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі.

А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына.
 
А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як свайго сына.

І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях.
 
І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасці Егіпецкай, ды быў магутны ў словах і ўчынках сваіх.

А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых.
 
А калі настала яму сорак гадоў, апанавала яго сэрца задума адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.

І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.
 
І, калі ўбачыў ён аднаго земляка, што цярпеў несправядлівасць, то абараніў і памсціўся за крыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.

Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.
 
Ён думаў, што браты зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім ратунак, але яны не зразумелі.

На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы — браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?
 
Калі на другі дзень з’явіўся ён між іх, а яны біліся між сабой, дык стараўся іх пагадзіць, кажучы: «Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?»

А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
 
Але той, што чыніў несправядлівасць бліжняму, адпіхнуў яго, кажучы: «Хто паставіў цябе кіраўніком і суддзёю над намі?

Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?
 
Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў Егіпцяніна?»

Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.
 
З-за гэтых слоў Майсей уцёк і зрабіўся чужынцам у зямлі Мадыян, дзе нарадзіў ён двух сыноў.

Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.
 
Калі ж мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустыні пад гарою Сінай анёл Госпадаў у полымі агня ў кусце.

Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:
 
Майсей жа, бачачы, дзівіўся з убачанага; а калі падышоў да яго, каб прыгледзецца, пачуў голас Госпада:

Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.
 
«Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба». Затрымцеўшы, Майсей не адважыўся глядзець.

І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
 
І сказаў яму Госпад: «Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая.

Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.
 
Пазіраючы,  убачыў Я прыгнёт народа Майго у Егіпце, ды пачуў стогны яго, дык сышоў, каб вызваліць яго; і цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Егіпет».

Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? — яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.
 
Таго, вось, Майсея, якога яны зракліся, кажучы: «Хто паставіў цябе кіраўніком і суддзёй?», яго вось Бог паслаў як правадыра і збаўцу рукою анёла, што з’явіўся яму ў кусце.

Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.
 
Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Егіпецкай і на Чырвоным моры ды ў пустыні на працягу сарака гадоў.

Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.
 
Гэты вось Майсей, што сказаў сынам Ізраэля: «Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых».

Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам,
 
Ён той, што быў пры агульным сходзе адзін на адзін з анёлам, які размаўляў з ім на гары Сінай і з бацькамі нашымі, які атрымаў словы жыцця, каб пераказаць іх нам.

якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта,
 
Але не хацелі яго слухацца бацькі нашыя, ды адпіхнулі яго і звярнуліся ў сэрцах сваіх да Егіпта,

сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася.
 
кажучы Аарону: «Зрабі нам багоў, якія будуць ісці перад намі; бо не  ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай».

І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх.
 
І зрабілі сабе цяля ў тыя дні, ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з тварэння рук сваіх.

А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні?
 
Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, каб служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «Дом Ізраэля! Хіба Мне прыносілі вы  ахвяры і цэласпаленні на працягу сарака гадоў у пустыні?

Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон».
 
І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэфана, фігуры, якія зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілон».

Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага.
 
Нашыя бацькі мелі ў пустыні палатку сведчання; як  загадаў  Той, Хто гаварыў з Майсеем, каб ён учыніў яе на ўзор, які бачыў.

Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых;
 
І, узяўшы яе, нашыя бацькі разам з Ешуа ўнеслі ў зямлю паганаў, якіх Бог выгнаў перад абліччам бацькоў нашых аж да дзён Давіда,

гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму.
 
які знайшоў ласку ў Бога і прасіў, каб знайшоў месца для дома [Бога] Якуба.

А Саламон збудаваў Яму дом.
 
А Саламон пабудаваў Яму дом.

Але Ўсявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:
 
Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людскіх, як кажа прарок:

«неба — трон Мой, і зямля — падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?
 
«Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, кажа Госпад, або якое месца для супачынку Майго?

Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?».
 
Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?»

Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:
 
Людзі з цвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Святому, як бацькі вашыя, так і вы!

каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,
 
Якога з прарокаў не пераследавалі бацькі вашыя? Пазабівалі вы і тых, якія прадказвалі прыход Справядлівага, Якому вы сталі цяпер здраднікамі і забойцамі.

вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.
 
Вы, што атрымалі закон праз пасрэдніцтва анёлаў, але не збераглі яго».

Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.
 
Калі пачулі гэта, у сэрцах сваіх закіпелі яны гневам і скрыгаталі зубамі на яго.

А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,
 
А ён, напоўнены Духам Святым, глянуўшы ў неба, убачыў хвалу Божую і Ісуса, што стаяў праваруч Айца,

і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.
 
і гаворыць: «Вось, бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,
 
Яны ж паднялі вялікі лямант, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,

і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.
 
і, выцягнуўшы яго за горад, укаменавалі. І сведкі паклалі сваё адзенне ля ног юнака, якога звалі Савелам.

І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!
 
І каменавалі Сцяпана, які гучна маліўся і казаў: «Госпадзе Ісусе, прымі духа майго!»

І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.
 
А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім граху гэтага». І, сказаўшы гэта, сканаў.