Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл.
І былі ў Антыёхіі, у царкве, прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сімон, званы Нігер, Люцый Цырэнеец і Манаэн, які гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, ды Савел.
Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў.
І, калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і посцілі, сказаў Дух Святы: «Вылучыце мне Барнабу і Савела на дзейнасць, на якую Я іх паклікаў».
Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
Тады з постам і малітваю, усклаўшы на іx рукі, адпусцілі іх.
Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр,
І яны, выпраўленыя Духам Святым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі па моры на Кіпр.
і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня.
І, калі прыбылі ў Саламіну, прапаведавалі слова Божае ў сінагогах Юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.
Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус,
І, праходзячы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага Юдэйскага прарока, якому імя Барысус.
які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае.
Ён быў пры праконсуле Сергіі Паўлу, чалавеку разважным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Савела, хацеў паслухаць слова Божае.
А Яліма чарадзей, — так тлумачыцца імя ягонае, — пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры.
Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя яго, намагаючыся праконсула адвярнуць ад веры.
Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго,
Тады Савел, які таксама Паўла, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго пільна
сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д’яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх?
і сказаў: «О ты, сын д’ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасці, вораг усякай справядлівасці! Ці не перастанеш ты заварочваць простых дарог Госпадавых?
І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра.
Вось жа, цяпер рука Госпадава на табе; і будзеш сляпы, і нейкі час не будзеш бачыць сонца». І зараз жа найшла на яго слепата і цемра, і ён, ходзячы кругом, шукаў, хто б даў яму руку.
Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.
Тады, убачыўшы, што здарылася, праконсул уверыў, здзіўлены навукай Госпадавай.
Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.
Адплыўшы з Пафы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адышоўшы ад іх.
А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі.
Яны ж, ідучы далей, прайшлі Пэргэ, і дайшлі да Антыёхіі Пісідскай, і ў суботу ўвайшлі ў сінагогу, і там паселі.
Пасьля чытаньня закона і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы браты! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце.
Па прачытанні закону і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Калі маеце, мужы браты, нейкае слова заахвоты для народа, прамоўце!»
Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце:
Тады падняўся Паўла і, даўшы знак рукою маўчаць, гаворыць: «Слухайце, мужы Ізраэльскія ды тыя, што баіцеся Бога!
Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе,
Бог гэтага народа Ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі зямлі Егіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.
і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні;
І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іх нараканні ў пустыні.
і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную,
Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім
і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла;
меней-болей праз чатырыста пяцьдзесят гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Саўла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак.
І, калі пазней прасілі цара, даў ім Бог Савула, сына Ціса, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.
Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: «знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда» сына Ясеевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае».
А калі яго адкінуў, паставіў ім царом Давіда, пра якога даючы сведчанне, сказаў: «Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа па сэрцы Маім, які ва ўсім выканае волю Маю».
Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса.
З яго патомства, паводле абяцання, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Ісуса,
Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму.
перад прыходам Якога Ян прапаведаваў хрост навяртання ўсяму народу Ізраэля.
А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.
А пад канец свайго шляху Ян казаў: «Кім вы мяне лічыце? Гэта не я; але вось пасля мяне ідзе Той, Якому я не варты развязаць сандаляў на нагах».
Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.
Мужы браты, сыны роду Абрагама і тыя паміж вас, што баяцца Бога! Нам паслана слова збаўлення гэтага.
Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,
Жыxары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, здзейснілі прадказанні прарокаў, чытаныя кожную суботу,
і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;
і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай смерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.
а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.
А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зняўшы Яго з крыжа, паклалі ў магілу.
Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;
Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых,
Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня — сьведкі Яго перад людзьмі.
і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім; яны цяпер сведкі Яго перад народам.
І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,
І мы абвяшчаем вам гэтую добрую вестку, што абяцанне, дадзенае бацькам,
як і ў другой псальме напісана: «Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў».
Бог выканаў адносна нас, іх сыноў, уваскрашаючы нам Ісуса, як напісана ў другім псалме: «Ты — Сын Мой. Я сёння нарадзіў Цябе».
А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: «Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду».
А што Яго ўваскрасіў з мёртвых і што Ён не абернецца больш у спарахненне, так сказаў: «Выканаю для вас святыя абяцанні Давіду».
Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне».
І ў іншым месцы кажа: «Не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне».
Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне;
Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню, заснуў з волі Божай і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў парахненне.
а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня.
Але Той, Каго Бог уваскрасіў, не бачыў парахнення.
Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы браты, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў;
Мужы браты, хай будзе вам ведама, што абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў праз Яго; ад усіх, ад якіх не змаглі вы апраўдацца ў законе Майсея,
і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы.
у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.
Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў:
Дык глядзіце, каб не здзейснілася, што сказана прарокамі:
«глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам».
«Глядзіце вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся ды адыдзіцеся, бо я выконваю ў дні вашыя тое, ува што ніхто не паверыць, калі вам хтосьці аб ім гаварыў».
Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу.
Калі ж яны выходзілі, прасілі іх, каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.
Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай.
А як разышлася сінагога, многа Юдэяў і пабожных празелітаў праводзілі Паўлу і Барнабу, якія заклікалі іх да трывання ў ласцы Божай.
У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае;
А ў наступную суботу амаль увесь горад сышоўся слухаць слова Божае.
але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал.
Калі ж Юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасць, і, блюзнячы, пярэчылі таму, чаму навучаў Паўла.
Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў:
Тады Паўла і Барнаба сказалі адважна: «Першым вам належала прапаведаваць слова Божае, але, калі вы яго адкідваеце ды самі сябе лічыце за нягодных жыцця вечнага, вось, мы звернемся да паганаў.
Бо так наказаў нам Гасподзь: «Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі».
Бо гэтак загадаў нам Госпад: «Устанаўляю Я цябе святлом для паганаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі».
Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё.
Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, уверылі.
І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.
але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў.
Тым часам Юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчын ды першых грамадзян і ўчынілі пераследаванне Паўлы і Барнабы, ды выкінулі іх са сваіх межаў.
А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію.
А яны, абтросшы на іх пыл ад ног, пайшлі ў Іконію.
А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.
Вучні ж былі поўныя радасці і Духа Святога.