2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і памерлых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе:
прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні.
Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
Бо настане час, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб тыя цешылі ім слых.
і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.
І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек.
Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.
Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу дабравесніка, споўні сваё служэнне.
Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.
Бо я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу.
Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;
У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў.
а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.
Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне.
Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
Пастарайся прыйсці да мяне неўзабаве.
Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалоніку; Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далматыю.
Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння.
Тыхіка я паслаў у Эфэс.
Тыхіка я паслаў у Эфес.
Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты.
Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла — Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных.
Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.
Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта.
А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
А Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне і каб пачулі ўсе язычнікі, а я пазбег ільвінай пашчы.
І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амэн.
Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
Прывітай Прыску і Аквілу, і дом Анэсіфора.
Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
Эраст застаўся ў Карынце, а хворага Трафіма я пакінуў у Мілеце.
Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
Паспяшайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эўбуль, Пудэнс, Лін, Клаўдыя і ўсе браты.
Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.
Пан з духам тваім. Ласка з вамі.